У Егіпце сто гадоў захоўваўся «не той кракадзіл». Аказалася, што гэта асобны від, якога навука не ведала
Больш за стагоддзе навукоўцы памылкова адносілі выкапнёвага кракадзіла з Егіпта да роду, сучасныя прадстаўнікі якога жывуць за тысячы кіламетраў ад Афрыкі. Новае даследаванне дапамагло разабрацца ў гэтай загадцы і адкрыць раней невядомы від, які існаваў каля 50 мільёнаў гадоў таму.

У пачатку мінулага стагоддзя ў пагорках Мукатам непадалёк ад Каіра знайшлі астанкі старажытнага кракадзіла. Іх аднеслі да роду Tomistoma, адзіным сучасным прадстаўніком якога з'яўляецца гавіялавы кракадзіл. Аднак такая класіфікацыя выклікала пытанні.
Справа ў тым, што адзіны сучасны прадстаўнік гэтага роду жыве ў прэсных вадаёмах Малайзіі і Інданезіі, прыкладна за восем тысяч кіламетраў ад Егіпта. Ці сапраўды старажытная жывёла была яго блізкім сваяком?
Разабрацца ў гэтым, як піша The Washington Post, вырашыў палеантолаг Пол Бёрк са Шведскага музея натуральнай гісторыі. Вывучаючы эвалюцыю вымерлых гавіялаў, ён звярнуў увагу на асаблівасці егіпецкай знаходкі.
Як навукоўцы выявілі памылку
Паводле Бёрка, калі астанкі ўпершыню даследавалі, магчымасці палеантолагаў былі значна больш абмежаваныя. Пры класіфікацыі выкапняў часта карысталіся даволі агульнымі апісаннямі. Напрыклад, насавую костку маглі проста назваць доўгай або кароткай.
Цяпер камп'ютарная тамаграфія дазваляе значна дакладней вывучаць будову чэрапа. Бёрк разам з міжнароднай групай даследчыкаў параўнаў больш за 300 характарыстык формы і памераў егіпецкай знаходкі з адпаведнымі паказчыкамі сучасных і вымерлых гавіялаў.
Высветлілася, што старажытны егіпецкі кракадзіл не быў блізкім сваяком сучаснага ілжывага гавіяла, як лічылася раней. Ён належаў да асобнага, дагэтуль не апісанага віду.
Якім быў невядомы кракадзіл
Згодна з вынікамі даследавання, новы від жыў каля 50 мільёнаў гадоў таму, у сярэднім эацэне, калі значная частка сучаснай Паўночнай Афрыкі, уключаючы тэрыторыю Каіра, знаходзілася пад вадой.
Дакладна аднавіць знешні выгляд жывёлы немагчыма. Але, імаверна, яна нагадвала сучасных ілжывага і індыйскага гавіялаў. У абодвух доўгія вузкія морды з вострымі зубамі, прыстасаванымі для лоўлі рыбы на плыткаводдзі.
Даўжыня знойдзенага чэрапа складае каля 46 сантыметраў. Для параўнання, чэрап тыповага амерыканскага кракадзіла мае даўжыню каля 76 сантыметраў.
Новы від назвалі Herugavialis cairensis у гонар бога старажытных егіпцян Херу, якога звязваюць з паходжаннем вобраза сфінкса. Выбар назвы невыпадковы: астанкі кракадзіла знайшлі ў той самай геалагічнай фармацыі, з якой у старажытнасці здабывалі камень для будаўніцтва Вялікага сфінкса ў Гізе.
Пол Бёрк спадзяецца, што адкрыццё прыцягне ўвагу да эвалюцыі іншых старажытных жывёл, якія часта застаюцца ў цені дыназаўраў. Паводле яго, гісторыя кракадзілаў надзвычай разнастайная: сярод іх старажытных сваякоў былі як марскія, так і наземныя віды, а эвалюцыя гэтай групы налічвае дзясяткі мільёнаў гадоў.
Каментары