Зяленскі: Вашынгтон спрабуе арганізаваць яго сустрэчу з Пуціным і Трампам у ААЭ, Саудаўскай Аравіі або ЗША
«Але ніякага пацвярджэння пакуль не было ні ад Расіі, ні ад ЗША», — сказаў прэзідэнт Украіны.

Адказваючы на пытанні ўкраінскіх журналістаў, Уладзімір Зяленскі таксама расказаў пра спробы адміністрацыі Дональда Трампа арганізаваць трохбаковую сустрэчу з удзелам прэзідэнтаў Украіны, ЗША і Расіі, піша Бі-бі-сі.
«ЗША працуюць над гэтым. У іх ёсць прапанова правесці трохбаковую сустрэчу. Яна можа адбыцца ў адной з краін Блізкага Усходу», — сказаў Зяленскі.
Ён дадаў, што Вашынгтон гаворыць пра магчымасць арганізацыі такога саміту ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Саудаўскай Аравіі або ў ЗША падчас пасяджэння «Вялікай дваццаткі».
«Але ніякага пацвярджэння пакуль не было ні ад Расіі, ні ад ЗША», — сказаў Зяленскі.
Паводле яго слоў, сустрэча таксама можа адбыцца ў адной з еўрапейскіх краін, і з гэтай нагоды «еўрапейцы пачынаюць кантактаваць».
Расійскія ўлады заяўляюць, што прамыя перамовы паміж Уладзімірам Пуціным і Уладзімірам Зяленскім могуць адбыцца толькі ў Маскве. Прэзідэнт Украіны адхіляе гэтую прапанову.
Трамп таксама заяўляў, што быў бы рады ўдзелу Пуціна ў саміце «Вялікай дваццаткі», які павінен адбыцца ў Маямі ў сярэдзіне снежня. Аднак Крэмль пакуль не пацвярджаў, што расійскі прэзідэнт мае намер туды прыехаць.
Каментары