Лідары Еўрасаюза не заклікалі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага змякчыць крытыку на адрас прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Пра гэта паведамляе Politico са спасылкай на еўрапейскіх дыпламатаў, знаёмых з сітуацыяй.

Раней Financial Times пісала, што падчас сустрэчы з Зяленскім 16 кастрычніка еўрапейскія лідары нібыта збіраліся ў спачувальнай, але цвёрдай форме папрасіць яго стрымаць крытыку на адрас Трампа. Аднак суразмоўцы Politico сцвярджаюць, што ніякага ціску на ўкраінскага прэзідэнта з боку кіраўнікоў ЕС гэтым разам не было.
«Чаго вы ад яго чакаеце? Ён у адчаі, і сітуацыя жахлівая», — пракаментаваў адзін з дыпламатаў.
Сам Зяленскі падчас прэс-брыфінгу ў Бруселі заявіў, што ад еўрапейскіх саюзнікаў чуў толькі словы падтрымкі ў сувязі з рэакцыяй Кіева на апошнія дзеянні і заявы ЗША.
Некалькі дзён таму ў інтэрв’ю Financial Times украінскі прэзідэнт сказаў, што адчувае сябе «здраджаным» праз пагадненне ЗША з Расіяй у сферы паставак дызельнага паліва і абвешчанае Трампам «энергетычнае перамір’е». Зяленскі таксама заявіў, што Украіна, на яго думку, губляе ЗША як саюзніка, і заклікаў Вашынгтон заставацца пасярэднікам у расійска-ўкраінскай вайне.
«Калі ты пасярэднік, то павінен заставацца пасярэдзіне, а не станавіцца на няправільны бок. Я лічу, што яго дарадцы памыляюцца. Не ведаю, хто падштурхоўвае яго ў няправільным кірунку. Гэта не той бок гісторыі, які з’яўляецца правільным», — заявіў украінскі прэзідэнт.
Каментары