Германія і Францыя адмовіліся ад поўнай забароны аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання
Берлін і Парыж узгаднілі сумесны план перагляду еўрапейскіх кліматычных патрабаванняў да новых аўтамабіляў.

Паводле кампрамісу, аўтавытворцы павінны будуць скараціць сярэднія выкіды CO₂ свайго новага аўтапарка на 90% у параўнанні з узроўнем 2021 года, а не на 100%, як прадугледжвалі дзейныя правілы ЕС, піша Bild.
Гэта азначае, што пасля 2035 года вытворцы змогуць працягваць прадаваць новыя бензінавыя і дызельныя аўтамабілі, калі выканаюць патрабаванні да сярэдніх выкідаў усёй сваёй мадэльнай лінейкі. Пры гэтым гаворка не ідзе пра дазвол выпускаць любыя аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання без абмежаванняў.
Еўракамісія ўжо прапаноўвала змякчыць правілы: знізіць мэтавы паказчык да 90%, але кампенсаваць астатнія 10% за кошт нізкавугляродзістай сталі і альтэрнатыўных відаў паліва. У новым франка-нямецкім плане абавязковую кампенсацыю астатніх выкідаў адмяняюць.
Узамен Германія пагадзілася падтрымаць больш строгія правілы «Зроблена ў Еўропе»: дзяржаўныя субсідыі і іншыя меры падтрымкі плануюць больш цесна звязаць з вытворчасцю аўтамабіляў і камплектуючых у Еўропе. Пры пэўных умовах у гэтую катэгорыю зможа ўвайсці і Вялікабрытанія.
Канцлер Фрыдрых Мерц і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон разлічваюць, што кампраміс дапаможа еўрапейскаму аўтапраму захаваць працоўныя месцы і канкурэнтаздольнасць.
Аднак пакуль гэта агульная пазіцыя дзвюх краін, а не канчатковае рашэнне ЕС: прапанову яшчэ павінны ўзгадніць астатнія дзяржавы-члены і Еўрапейскі парламент.
Каментары