Каханне і сэкс

Як часта трэба займацца сэксам, каб хутчэй зацяжарыць? Навукоўцы назвалі аптымальную частату

Каб хутчэй зацяжарыць, недастаткова проста скрупулёзна вылічваць дні авуляцыі. Маштабнае нарвежскае даследаванне з удзелам больш за 64 тысяч жанчын паказала, што частата блізкасці мае значна большае значэнне, чым лічылася раней.

Большасць пар, якія плануюць папаўненне ў сям'і, звычайна засяроджваюцца на так званым акне фертыльнасці — кароткім шасцідзённым прамежку вакол авуляцыі, калі шанцы зачаць найбольшыя. Аднак, як піша FitBook.de, навукоўцы з Нарвежскага інстытута грамадскага здароўя, універсітэта Бергена і шпіталя Тэлемарк вырашылі высветліць, ці адыгрывае ролю агульная частата сэксу цягам усяго месяца.

Каб атрымаць надзейныя высновы, даследчыкі прааналізавалі даныя больш як 64 тысяч жанчын, якія зацяжарылі натуральным шляхам і ўдзельнічалі ў маштабным нарвежскім даследаванні «Маці, бацька і дзіця» (Den norske mor, far og barn-undersøkelsen, MoBa).

Удзельніцы падрабязна апісвалі сваё інтымнае жыццё чатыры тыдні перад зачаццем. Адпаведна з атрыманымі звесткамі рэспандэнтак падзялілі на чатыры групы: менш за адзін раз на тыдзень, адзін-два разы, тры-чатыры разы і больш за чатыры разы.

Найбольш прыкметная розніца выявілася ў апошняй групе. Жанчыны, якія займаліся каханнем больш за чатыры разы на тыдзень, мелі на 16% вышэйшую імавернасць зацяжарыць цягам аднаго цыкла ў параўнанні з тымі, хто практыкаваў гэта адзін або два разы.

Пры гэтым паміж астатнімі групамі выразнай розніцы не выявілі. У тых, хто меў блізкасць тры-чатыры разы або радзей за адзін раз, шанцы на цяжарнасць за адзін цыкл істотна не адрозніваліся ад паказчыкаў групы з адным-двума разамі.

Адрозніваўся і час, неабходны для пачацця. У сярэднім удзельніцам даследавання спатрэбілася 4,5 месяца. Сярод жанчын, якія займаліся сэксам радзей за адзін раз на тыдзень, гэты тэрмін складаў 4,8 месяца, а сярод тых, хто рабіў гэта больш за чатыры разы, — 3,7 месяца.

Чаму часты сэкс можа дапамагаць

Адно з магчымых тлумачэнняў вынікаў — кароткі перыяд, калі зачацце ўвогуле магчыма. У адным з ранейшых даследаванняў навукоўцы назіралі за 221 жанчынай і вызначалі авуляцыю паводле ўзроўню гармонаў у мачы.

Зачацце адбывалася толькі ў тых выпадках, калі сэкс быў на працягу шасці дзён да авуляцыі ўключна. У дзень авуляцыі імавернасць зачацця складала каля 33%, а за пяць дзён да яе каля 10%.

У нарвежскім даследаванні сувязь паміж частым сэксам і хутчэйшым зачаццем была асабліва прыкметнай сярод жанчын, якія чакалі першае дзіця. Аўтары мяркуюць, што пары без папярэдняга досведу цяжарнасці радзей займаюцца мэтанакіраваным адсочваннем цыклу. Таму часты сэкс павялічвае шанцы проста трапіць у патрэбны перыяд.

Пры гэтым даследаванне не паказала, што вельмі часты сэкс зніжае шанцы на зачацце. Наадварот, у жанчын, якія займаліся сэксам больш за чатыры разы на тыдзень, імавернасць зацяжарыць на працягу аднаго цыкла была вышэйшай.

Гэта ўзгадняецца і з метааналізам 2025 года, які аб'яднаў вынікі 22 даследаванняў. Ён паказаў, што пасля кароткага ўстрымання працягласцю не больш за два дні ў эякуляце было крыху менш сперматазоідаў, затое яны былі больш рухомымі, а пашкоджанні іх ДНК сустракаліся радзей. Праўда, гэтыя даследаванні ацэньвалі якасць спермы, а не імавернасць наступлення цяжарнасці.

Нюансы і абмежаванні даследавання 

Аўтары нарвежскага даследавання адзначаюць некалькі абмежаванняў. У яго ўключылі толькі жанчын, якія планавалі цяжарнасць і ў выніку зацяжарылі натуральным шляхам. Таму атрыманыя вынікі нельга аўтаматычна пераносіць на ўсіх, хто спрабуе зачаць дзіця, асабліва на пары, якія маюць з гэтым цяжкасці.

Акрамя таго, звесткі пра частату сэксу і час, які спатрэбіўся для зачацця, грунтаваліся на ўспамінах удзельніц. Даследчыкі таксама не ведалі, у якія менавіта дні менструальнага цыкла адбываліся палавыя акты, і не мелі інфармацыі пра якасць спермы партнёраў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларускія рэпетытары ў паніцы: праз праблемы «Яндэкса» яны могуць страціць матэрыялы, якія напрацоўвалі гадамі27

Беларускія рэпетытары ў паніцы: праз праблемы «Яндэкса» яны могуць страціць матэрыялы, якія напрацоўвалі гадамі

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна знішчыла чатыры расійскія суперсучасныя самалёты Су-34М на аэрадроме ў Барысаглебску20

Офіс Беларускага пашпартнага цэнтра ў Вільні зачыняецца, праца працягнецца без офіса36

Псіхалогія суперагента: як адна з самых паспяховых аперацый КГБ закончылася найбольшым правалам17

У Разані пасля атакі дронаў гарыць нафтаперапрацоўчы завод5

Пачобут зноў плануе прыехаць у Беларусь8

У буйных гарадах пачалі падаць цэны на кватэры. Што адбываецца?10

«Я б на хаду выскачыла». Па Мінску ездзіла машына са змяёй на капоце5

Трамп патлумачыў, чаму не называе Пуціна дыктатарам9

Прадстаўнікі разведкі ЗША прыгразілі «неадкладна» спыніць абмен данымі з Украінай у выпадку новых удараў па расійскіх НПЗ15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускія рэпетытары ў паніцы: праз праблемы «Яндэкса» яны могуць страціць матэрыялы, якія напрацоўвалі гадамі27

Беларускія рэпетытары ў паніцы: праз праблемы «Яндэкса» яны могуць страціць матэрыялы, якія напрацоўвалі гадамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць