Жыхарка Івацэвічаў на працягу больш як паўгода сістэматычна збівала сваю 76‑гадовую маці. Пракуратура Івацэвіцкага раёна распачала супраць яе крымінальную справу, паведамілі ў Генеральнай пракуратуры.

Паводле звестак ведамства, 55‑гадовая жанчына злоўжывае алкаголем. З сакавіка па верасень 2026 года яна неаднаразова нападала на сваю пажылую маці, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення.
Дачка цягала маці за валасы, біла яе па твары мабільным тэлефонам і наносіла іншыя ўдары. Аднойчы яна ўдарыла маці галавой аб сцяну.
Раней жанчыну ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за гвалт у дачыненні да роднага чалавека, аднак гэта не спыніла яе: яна працягвала скандаліць і збіваць маці.
Пацярпелая баялася звяртацца ў міліцыю, бо жыла разам з дачкой і асцерагалася помсты з яе боку.
У Генеральнай пракуратуры патлумачылі, што паводле беларускага заканадаўства пракурор мае права распачаць крымінальную справу без заявы пацярпелага, калі злачынства ўчынена супраць чалавека, які залежыць ад абвінавачанага або па іншых прычынах не можа самастойна абараніць свае правы і законныя інтарэсы.
Крымінальная справа знаходзіцца ў вядзенні Івацэвіцкага раённага аддзела Следчага камітэта.
Каментары