«Каханы за 500 м ад вас». Наста Дашкевіч расказала, як год таму ляцела як на крылах да мужа ў Літву
Учора быў роўна год, як я ўбачыла свайго мужа. 3,5 гады турмы, адзіноты, дзіцячых хвароб і безліч страхаў было паміж мною і гэтаю сустрэчай, піша ў фэйсбуку Наста Дашкевіч, жонка былога палітвязня Змітра Дашкевіча.

Калі Змітра вызвалілі 11 верасня 2025 года, я яшчэ адбывала хатнюю хімію. Я плакала з дзецьмі, як яго вызвалілі, калі мы першы раз размаўлялі. І па-добраму зайздросціла ўсім, хто мог абняць яго і паклапаціцца. Я ж магла глядзець на яго толькі ў тэлеграме, але ўжо без перашкодаў, чуць ягоны голас.
Мой апошні дзень на хіміі быў 13 кастрычніка. А ўжо 14 кастрычніка днём я імчала ў бок літоўскай мяжы. За сваім доўгачаканым падарункам з нагоды Дня Маці і ўсіх астатніх святаў, каторыя мы прапусцілі.
Перад гэтым у міліцыі таксама ўсё не было проста: мы хваляваліся, што могуць не выпусціць, бо трэба было прасіць дазвол на выезд і было яшчэ шмат усяго рознага, пра што я напішу калі-небудзь пазней. Але галоўнае здарылася: у першы дзень сваёй свабоды я змагла выехаць не толькі за МКАД, але і за мяжу.
Я прагна лавіла гэты подых свабоды, калі ехала па нашых беларускіх дарогах, з асалодаю ўдыхала водар лесу, спакойна піла каву на запраўках, не закрываючы твар кепкаю. А 19.00 я павіншавала сябе, што ўпершыню за 3 гады магу быць не дома, а там, дзе я хачу, а хацела я быць побач са Змітром Дашкевічам.
Каля 6‑7 гадзін дарогі, і Зміцер сустракаў мяне па той бок мяжы на першай запраўцы. Мы паставілі адзін адному рэжым live location у тэлеграм і я з хваляваннем назірала, як змяншаецца колькасць кіламетраў, а потым метраў паміж намі — «каханы за 500 м ад вас» вісела ў мяне на экране.
О, як нясцерпна мне далася тая літоўская мяжа! А потым яшчэ меней, меней, меней. І вось ён ужо бяжыць з гэтай запраўкі да мяне насустрач. Гэта, напэўна, быў адзін з самых шчаслівых момантаў жыцця.
Сябры і родныя падарылі мне новы мядовы месяц у Літве, бо гадавалі дзетак, пакуль мяне не было. І гэта быў найцудоўнейшы падарунак да Дня Маці ў маім жыцці.
Усё, што было паміж затрыманнем Змітра і нашай сустрэчай. Усе падзеі, хваляванні, разважаннні, бясконцасць падтрымкі, кахання, мудрасці, страхаў, адчаяў і перамог, мы ўклалі ў 2 кнігі, якія спадзяемся выдаць. Гэта наш маніфест супраць чалавечага забыцця таго, праз што праходзяць людзі ў Беларусі. Якой цяпер ёсць гісторыя найноўшых часоў.
Падтрымаць кнігу можна па спасылцы. Нам вельмі патрэбна ваша падтрымка!
Памёр тата Змітра Дашкевіча
«Як я без цябе?» Зміцер Дашкевіч напісаў дзве кнігі пра перажытае і перадуманае ў калоніі. Абвешчаны збор грошай на выданне
Зміцер Дашкевіч: У выгнанні я валацуга, але маю тое, чаго цяпер не было б для мяне ў Беларусі — магчымасць прыносіць Госпаду плод
Севярынец і Дашкевіч атрымалі ордэны Пагоні БНР
Каментары
дзе?
прабачце. далей не чытало. які можа быць тэлеграм апасля 20 г?