Міністэрства фінансаў ЗША аштрафавала Bank of America за парушэнні санкцый, у тым ліку супраць Беларусі
Міністэрства фінансаў ЗША аштрафавала Bank of America на 11,66 мільёна даляраў за 475 меркаваных парушэнняў санкцыйных праграм. У справе фігуруюць два беларускія банкі, заблакаваныя ў межах санкцый супраць Беларусі. Іх назвы і сумы аперацый з іх удзелам не раскрываюцца, піша «Радыё Свабода».

13 кастрычніка Упраўленне кантролю замежных актываў Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) паведаміла, што Bank of America пагадзіўся выплаціць 11 662 930 даляраў для ўрэгулявання патэнцыйнай грамадзянскай адказнасці. Справа тычыцца меркаваных парушэнняў санкцыйных праграм, звязаных з Расіяй, Беларуссю, Іранам, М’янмай, Самалі, наркатрафікам і міжнародным тэрарызмам.
Паводле OFAC, парушэнні адбыліся праз апрацоўку плацяжоў з удзелам заблакаваных банкаў, неналежную рэакцыю на папярэджанні адносна кліентаў, чые імёны і даты нараджэння супадалі з данымі асобаў пад санкцыямі, несвоечасовае абнаўленне санкцыйных спісаў, а таксама памылковую апрацоўку двух бізнэс-рахункаў, звязаных з такімі асобамі.
У OFAC заявілі, што лічаць парушэнні не грубымі, але адзначылі, што большасць з іх банк не раскрыў добраахвотна.
Напрыклад, з лютага 2022 года па сакавік 2025‑га Bank of America правёў 403 транзакцыі праз 35 заблакаваных банкаў. Агульная сума гэтых аперацый склала 14 340 100 даляраў. Сярод іх былі транзакцыі з удзелам двух банкаў, заблакаваных у рамках санкцыйнай праграмы супраць Беларусі. Аднак амерыканскія ўлады не ўдакладнілі, якія менавіта гэта банкі і якія сумы былі звязаныя з кожным з іх.
Санкцыі супраць беларускіх уладаў уведзеныя, у прыватнасці, у сувязі з масавымі рэпрэсіямі і падтрымкай расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Апошнім часам урад ЗША прыняў некалькі рашэнняў аб скасаванні асобных абмежаванняў у рамках дамоўленасцяў аб вызваленні палітвязняў.
ЗША і Еўрасаюз працягваюць выяўляць схемы, якія выкарыстоўваюцца падсанкцыйнымі рэжымамі і гандлярамі наркотыкамі для перамяшчэння грошай, кантрабанды і набыцця важных тэхналогій. Паводле амерыканскага Міністэрства фінансаў, такія меры павінны абмяжоўваць магчымасці падсанкцыйных структур атрымліваць фінансавыя сродкі і выкарыстоўваць іх для незаконнай дзейнасці, якая наносіць шкоду ЗША.
New York Times: Вашынгтон спакушаў Расію ў тым ліку вывадам беларускага калію з-пад санкцый
ЗША выключылі грамадзянку Беларусі з санкцыйнага спісу
Калій пайшоў у Штаты і даў козыры Лукашэнку. А што з гэтага Трампу? І што зменіцца для «Беларуськалія»?
Першае судна з беларускім каліем прыбудзе ў ЗША ў кастрычніку
«Лакафарбу» і «Беллеспаперпрам» выключылі з амерыканскіх санкцыйных спісаў
Каментары