Вынеслі прысуд загадчыцы магілёўскіх атракцыёнаў, дзе загінуў 18‑гадовы стажор
У Магілёве загадчыцу парку атракцыёнаў асудзілі на 2,5 года выпраўленчай калоніі-пасялення праз гібель 18‑гадовага стажора.

Трагедыя адбылася 1 мая. Пасля завяршэння цыкла атракцыёна «Сальта», калі наведнікі ўжо пайшлі, балансір з каруселлю пачаў рухацца, бо яго не зафіксавалі. Рухомая частка канструкцыі ўдарыла маладога чалавека па галаве. Ад атрыманай чэрапна-мазгавой траўмы ён памёр на месцы.
Следчы камітэт паведаміў, што да адказнасці прыцягнулі 25‑гадовую загадчыцу парку. Яна адказвала за выкананне правілаў тэхнікі бяспекі і аховы працы, а таксама за бяспечную эксплуатацыю атракцыёнаў.
Суд высветліў, што жанчына дапусціла 18‑гадовага стажора да працы на атракцыёне, хоць з ім не былі аформленыя працоўныя адносіны. Малады чалавек не праходзіў абавязковага медыцынскага агляду, навучання, стажыроўкі, першаснага інструктажу і праверкі ведаў у галіне прамысловай бяспекі і аховы працы.
Суд прызнаў загадчыцу вінаватай у парушэнні правіл аховы працы службовай асобай, якое па неасцярожнасці прывяло да смерці чалавека. Пры вынясенні прысуду ўлічылі яе шчырае раскаянне.
Жанчыну асудзілі на два з паловай гады выпраўленчай калоніі-пасялення. Акрамя таго, на працягу пяці гадоў ёй забаронена займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.
Парк атракцыёнаў выступаў у справе грамадзянскім адказчыкам. Суд пастанавіў спагнаць з арганізацыі на карысць маці загінулага, прызнанай пацярпелай, 150 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.
Каментары