Расійскі вайсковец, які застрэліў шэсць чалавек на ўкраінскай Харкаўшчыне, расказаў, як гэта было. Сярод ахвяраў быў і цывільны
Расійскаму вайскоўцу Леаніду Рыжыкаву, якога падазраюць у забойстве пяці ўкраінскіх вайскоўцаў і аднаго цывільнага, 15 кастрычніка ў Харкаўскай вобласці выставілі абвінавачанне. Падчас допыту 36‑гадовы ўраджэнец Санкт-Пецярбурга прызнаў сваю віну і заявіў, што раскайваецца ў зробленым, піша «Суспільне».

Па матэрыялах следства, 13 кастрычніка Рыжыкаў застрэліў пажылога мужчыну каля сяла Міхайлаўка. На допыце ён патлумачыў, што баяўся, каб рыбак не выдаў яго ўкраінскім вайскоўцам.
Падазраваны, які меў пазыўны «Юла», расказаў, што мужчына з вудай спачатку стаяў прыкладна за 20 метраў ад яго, а потым пачаў набліжацца. Рыжыкаў сцвярджае, што вырашыў стрэліць, бо баяўся, што рыбак пакліча вайскоўцаў і яго затрымаюць.
Паводле яго слоў, пасля адзіночнага стрэлу мужчына ўпаў галавой у ваду, а ногі засталіся на беразе. Затым расійскі вайсковец абшукаў кішэні забітага і скінуў яго цела ў раку.
Пазней, паводле матэрыялаў следства, Рыжыкаў забіў пяць вайскоўцаў 72‑й асобнай механізаванай брыгады Украіны ў пасёлку Мамотава.
«Другое забойства я ўчыніў, калі ўжо зайшоў у катэдж. Пачуў, як чалавек уцёк. Потым пачаў вяртацца, а я стаяў каля катэджа. Я нічога не стаў рабіць — проста забіў яго. Ён выбег, праз пяць-дзесяць хвілін я забіў яго і вярнуўся назад. Там было трое вайскоўцаў, я іх забіў і пачаў падымацца на гару. Там вайсковец загадаў: «Стаяць!» Я стрэліў у адказ і ўцёк», — расказаў падазраваны.
Пасля гэтага ён, паводле ўласных слоў, пешшу накіраваўся ў Харкаў. Там 14 кастрычніка яго затрымалі ўкраінскія праваахоўнікі.
Забойства пяці ўкраінскіх вайскоўцаў адбылося 13 кастрычніка каля 16:00. Паведамлялася, што невядомы ў цывільным адзенні застрэліў вайскоўцаў 72‑й асобнай механізаванай брыгады.
На наступны дзень затрымалі 36‑гадовага ўраджэнца Санкт-Пецярбурга Леаніда Рыжыкава, які мог быць датычны да злачынства. Ён служыў у другім батальёне 1009‑га мотастралковага палка расійскіх узброеных сіл і раней быў судзімы ў Расіі.
Паводле абласной пракуратуры, следства мяркуе, што мужчына мог уваходзіць у склад расійскай дыверсійна-разведвальнай групы. Каб яго не апазналі, ён пераапрануўся ў цывільнае адзенне.
Загінулым у Мамотаве вайскоўцам было ад 24 да 40 гадоў. Паводле крыніц выдання «Суспільне» ў праваахоўных органах, яны служылі аператарамі ўдарных беспілотнікаў.
Каментары