Грамадства11

«Ёй званілі па 35 разоў на дзень». 51‑гадовая мінчанка аддала махлярам усе ашчаджэнні і неўзабаве памерла

Дзмітрыю (імя змененае па просьбе героя) 25 гадоў, ён жыве ў Мінску і працуе графічным дызайнерам. Каля двух тыдняў таму малады чалавек перажыў вялікую страту: памерла яго маці, якой было ўсяго 51 год. Жанчыну ён сам знайшоў мёртвай у яе ж кватэры. Пазней высветлілася, што незадоўга да смерці яна стала ахвярай тэлефонных махляроў і страціла практычна ўсе свае ашчаджэнні. Хлопец мяркуе, што менавіта перажыты стрэс прымусіў маці пачаць моцна піць, што ў выніку магло прывесці да яе смерці, піша «Анлайнер».

«Па голасе я адчуваў, што з мамай штосьці не так»

— Мае бацькі развяліся прыкладна ў 2015 годзе, мне тады было гадоў з 15—16. Яны часта сварыліся, адносіны былі складанымі, таму я разумеў, што расставанне, напэўна, будзе найлепшым рашэннем для абодвух. З бацькам мы працягнулі камунікаваць, у нас і цяпер добрыя адносіны.

Я застаўся з мамай і правёў з ёй большую частку свайго жыцця. Яна была вельмі адукаваным чалавекам, у яе дзве вышэйшыя адукацыі. Доўгі час яна працавала юрысткай у розных кампаніях, нейкі час нават была памочнікам суддзі. У яе была добрая кар'ера, яна ўмела разбірацца ў дакументах, адстойваць сваю пазіцыю, пераконваць людзей. Шчыра кажучы, я заўсёды лічыў, што ўжо каго-каго, а яе ашукаць будзе вельмі складана.

У пачатку гэтага лета я вырашыў з'ехаць ад мамы. Мы з сябрамі знайшлі добры варыянт, знялі дом за горадам, а паколькі я працую аддалена, то мне наогул не абавязкова кожны дзень знаходзіцца ў Мінску.

Але гэта не значыць, што я перастаў кантактаваць з мамай. Я перыядычна прыязджаў да яе, мы часта сазвоньваліся. Яна наогул вельмі любіла званіць. Магла набраць мяне, пагаварыць, пакласці слухаўку, а праз пяць хвілін зноў перазваніць, бо ўспомніла яшчэ нешта. Часам ёй нават не трэба было нічога канкрэтнага — проста хацелася пагаварыць.

І ўсяго праз пару месяцаў у нашай сям'і адбылася трагедыя. Мяркуючы па перапісцы, якую мы знайшлі пасля смерці ў яе тэлефоне, махляры пачалі камунікаваць з мамай 9 верасня. Я тады пра гэта нічога не ведаў. Яна мне не расказвала ні пра нейкія званкі, ні пра «супрацоўнікаў праваахоўных органаў», ні пра тое, што нехта просіць яе перадаць грошы.

Пры гэтым мы працягвалі сазвоньвацца амаль кожны дзень — праўда, тады я стаў заўважаць, што з ёй штосьці не так. Па голасе адчуваў, што яна моцна перажывае, штосьці недагаворвае. Потым яна пачала шмат піць, гэта я разумеў па інтанацыі ў яе голасе.

У нейкі момант мама сказала, што яе абрабавалі. Такое сапраўды было летам, і я падумаў, што яна проста ўспамінае даўнюю гісторыю. Нават не думаў, што гаворка ідзе пра зусім іншых людзей і іншыя грошы.

Калі мы знайшлі перапіску, я ўжо зразумеў, што ўвесь гэты час яна знаходзілася пад ціскам махляроў. Яны камунікавалі з ёй праз Viber, пастаянна званілі, прысылалі нейкія дакументы. У адзін з дзён набралі яе нумар 35 разоў. Трыццаць пяць! Уяўляеце, што гэта за ціск на чалавека?

У перапісцы была нейкая Лізавета, якая, наколькі я зразумеў, прадстаўлялася супрацоўніцай ДФР КДК. Былі нейкія дакументы, нібыта звязаныя з праверкай або «ачысткай» грошай. Маме прыслалі дамову, у якой гаварылася, што яна павінна перадаць свае ашчаджэнні для пэўнай працэдуры.

Я потым глядзеў гэты дакумент і проста не разумеў, як у такое можна паверыць. Там напісана нешта пра электронны подпіс, але не зразумела, хто і чым наогул яго падпісаў. Па сутнасці, нейкая паперка без нармальных рэквізітаў, а мама ж была юрысткай і сама выдатна разбіралася ў падобных рэчах.

Відаць, калі табе пастаянна звоняць, палохаюць і пераконваюць, што з тваімі грашыма штосьці здарыцца, ты пачынаеш успрымаць сітуацыю зусім інакш.

З перапіскі відаць, што мама чакала кур'ера на вуліцы. Махляры прыслалі ёй нават выяву пашпарта нейкага чалавека. Я не ведаю, ці належаў гэты пашпарт сапраўднаму кур'еру і ці разумеў сам кур'ер, у чым удзельнічае. Можа, ён быў часткай схемы, а можа, яго таксама выкарысталі. Але факт у тым, што мама перадала ўсе свае ашчаджэнні.

«Самым цяжкім аказалася зняць упрыгажэнні з цела мамы. Я проста не змог»

Па словах Дзмітрыя, у маці былі ашчаджэнні на суму каля $12 тысяч у эквіваленце. Хлопец выдатна ведаў, дзе маці захоўвала грошы: яна сама паказвала яму ўсе хованкі ў кватэры. Пры гэтым сын ніколі не кранаў ашчаджэнні.

Праз некаторы час пасля смерці маці бацька хлопца прапанаваў праверыць, ці на месцы грошы. Дзмітрый расказвае, што агледзеў адну хованку, другую, трэцюю, але ўсе яны аказаліся пустымі. Дома засталіся золата, каштоўныя паперы і толькі некалькі дробных купюр.

Тады сваякі звярнулі ўвагу на тэлефон, а пазней знайшлі ў ім перапіску жанчыны з махлярамі. Так і высветлілася, куды зніклі ўсе ашчаджэнні.

— Прычым сама мама, наколькі я разумею, усвядоміла тое, што адбылося, ужо пасля перадачы грошай — магчыма, калі кур'ер з'ехаў, а людзі, якія з ёй камунікавалі, перасталі адказваць. Тады яна і сказала мне, што яе абрабавалі, але ніякіх падрабязнасцяў не раскрывала.

Я да гэтага часу думаю пра гэта. Чаму яна не пазваніла мне? Чаму не сказала «Дзіма, са мной звязваюцца нейкія людзі, патрабуюць грошы, дапамажы разабрацца»? Мы ж камунікавалі. Я б прыехаў, паглядзеў дакументы, пагаварыў з ёй. Але яна ўсё трымала ў сабе. Магчыма, яе настолькі запужалі, што яна баялася камусьці расказваць. Дакладна гэтага я ўжо ніколі не даведаюся.

Пасля гэтых званкоў мама пачала моцна піць. Калі мы размаўлялі, я чуў, што ёй становіцца горш. Я спрабаваў падтрымліваць сувязь, званіў, але ў нейкі момант яна проста перастала адказваць. Прыкладна з 24 верасня я больш не мог да яе дазваніцца. яна не з'яўлялася ў Viber, не перазвоньвала.

Прайшоў дзень, потым другі — я ўжо разумеў, што адбываецца нешта сур'ёзнае. 27 верасня мы з маёй дзяўчынай збіраліся паехаць на кніжны кірмаш. Мы абое любім чытаць, таму запланавалі правесці дзень разам. І тут я падумаў, што трэба заехаць да мамы, бо мы якраз знаходзіліся непадалёку.

Я ехаў дамоў і, шчыра кажучы, ужо разумеў, што адбылося нешта страшнае.

Так яно і здарылася. Я прыехаў, зайшоў у кватэру і знайшоў маму ў ванным пакоі на падлозе ўжо мёртвай. Гэта вельмі цяжка апісаць словамі. Ты быццам бы разумееш, што такое здараецца, бачыў падобныя гісторыі ў інтэрнэце, але зусім не ўяўляеш, што аднойчы акажашся на месцы чалавека, які знайшоў мёртвым кагосьці з уласных бацькоў.

Я адразу зразумеў, што дапамагчы ўжо нічым не магу. Мама, верагодна, памерла не ў той дзень, калі я прыехаў. Але дакладнага часу смерці мне не паведамілі. Афіцыйнай датай смерці стала 27 верасня — дзень, калі я яе знайшоў.

Першай я пазваніў сваёй дзяўчыне, яна адразу прыбегла, пачала мяне супакойваць. Следам прыехаў мой сябар, потым бацька — ён быў на месцы прыкладна праз паўгадзіны. Мне вельмі пашанцавала, што побач апынуліся людзі, якія не пакінулі мяне аднаго. Сябры літаральна зрываліся з працы, прыязджалі, дапамагалі вырашаць пытанні.

Самым цяжкім момантам для мяне аказалася зняцце каштоўных упрыгажэнняў з яе цела, бо ў морг іх не забіраюць. Я маральна быў проста не гатовы да гэтага і не ўяўляў, што прыйдзецца сутыкацца з такімі рэчамі. Упрыгажэнні я зняць так і не змог, дачакаўся, пакуль прыедзе бацька і возьме гэтую частку на сябе.

Цяжка было і паведаміць пра тое, што здарылася, бабулі з дзядулем — маміным бацькам. Ім ужо каля 80 гадоў, і я разумеў, якім ударам для іх стане гэтая навіна. Таму спачатку звязаўся з маміным братам і папрасіў яго дапамагчы расказаць усё сваякам. Ён быў побач з імі і змог гэта зрабіць. Я да гэтага часу стараюся кожны дзень наязджаць да іх ці хаця б званіць. Для іх гэта страшная страта. Уяўляеце: пражыць столькі гадоў і пахаваць уласную дачку.

«Да гэтага часу чакаю яе званка»

У пасведчанні аб смерці жанчыны ў якасці непасрэднай прычыны пазначаная хранічная пячоначна-ныркавая недастатковасць.

— А раней у мамы былі праблемы з алкаголем?

— Усякае было, не буду хаваць, у яе былі праблемы з печанню. Але апошнім часам мама наогул не піла, старалася весці здаровы лад жыцця, сачыла за сабой.

Ад першых зносін з махлярамі да мамінай смерці прайшло зусім мала часу — прыкладна 10 дзён, калі арыентавацца на даты перапіскі, якая захавалася. Я не магу сцвярджаць, што адбылося б, калі б гэтых званкоў не было, але я бачыў, як пасля іх змяніўся яе стан, і лічу, што стрэс мог адыграць вельмі вялікую ролю ў яе смерці, бо, хутчэй за ўсё, менавіта з-за махляроў яна пачала яго «запіваць».

Мне цяжка прыняць, што такое здарылася менавіта з ёй. Бо гэта была жанчына, якая шмат гадоў працавала з дакументамі, ведала законы, а тут нейкія людзі па тэлефоне змаглі прымусіць яе аддаць практычна ўсе грошы. І ведаеце, я не думаю, што справа толькі ў даверлівасці.

Мне здаецца, махляры вельмі добра разумеюць псіхалогію чалавека. Яны ўмеюць ціснуць, палохаць, ствараць адчуванне тэрміновасці. Калі табе дзясяткі разоў зноў тэлефануюць і гавораць, што ты можаш страціць ашчаджэнні, нават адукаваны чалавек можа разгубіцца.

— Звярталіся ў міліцыю?

— Пасля пахавання мы не сталі звяртацца ў міліцыю з нагоды махляроў. Магчыма, нехта скажа, што гэта няправільна, але тады ў мяне проста не было сіл займацца яшчэ адным разбіральніцтвам. Тым больш маму ўжо не вернеш, а грошы — ну і бог з імі. Я ўжо даўно прыняў, што ашчаджэнні пайшлі невядома куды і знайсці іх будзе амаль нерэальна. А вось тое, што страціў самага блізкага чалавека, — гэта дагэтуль цяжка.

— Магчыма, атрымалася б хаця б знайсці кур'ера, каб ён не забраў грошы ў кагосьці яшчэ.

— Не прыедзе ён — прыедзе іншы. Я думаю, самі кур'еры далёка не заўсёды разумеюць, у чым удзельнічаюць. Камусьці маглі проста прапанаваць 50 рублёў за тое, каб забраць пакет у адным месцы і адвезці ў іншае. А кагосьці, магчыма, таксама ашукалі і прымусілі працаваць на махляроў.

Пры гэтым мы праверылі, ці не афармляла мама на сябе крэдыты і, на шчасце, нічога такога не выявілі. Але, паўтаруся, зараз для мяне гэта ўжо не галоўнае.

Дзень пахавання да гэтага часу стаіць у мяне перад вачыма. Глядзець на сваю маму ў труне, на бабулю і дзядулю, якія развітваюцца са сваёй дачкой, неверагодна балюча.

Першы час пасля смерці мамы я моцна вінаваціў сябе. Думаў: а калі б прыязджаў часцей? Калі б не з'ехаў? Калі б у той дзень пазваніў яшчэ раз? Калі б адразу зразумеў, што яе ашукалі? Гэтыя думкі пастаянна круціліся ў галаве. Але потым я зразумеў, што бясконцыя «калі б» нічога ўжо не зменяць. Я не мог ведаць пра ўсё, што адбывалася з мамай.

Пасля таго, што здарылася, я на тыдзень выпаў з працы, у мяне знік апетыт і з'явілася апатыя. Зараз я стараюся вяртацца да звычайнага жыцця. Працую, сустракаюся з блізкімі і сябрамі. Часам атрымліваецца развеяцца, а потым раптам успамінаеш, што мамы больш няма. Яшчэ, магчыма, трымацца мне дапамагаюць антыдэпрэсанты.

Самае дзіўнае — я да гэтага часу чакаю яе званка. Паколькі апошнія месяцы мы жылі асобна, я прывык, што яна можа набраць мяне ў любы момант. Часам лаўлю сябе на думцы: зараз пазвоніць, што-небудзь раскажа, — а потым успамінаю, што гэтага ўжо не будзе.

Бывае, яна мне сніцца, быццам я прыходжу да яе дамоў, а яна сядзіць там, як раней. Я пытаюся: «Як жа так? Мы ж цябе пахавалі», — а яна адказвае, што проста вельмі стамілася і хоча адпачыць. Прачынаешся ў поте і нейкі час яшчэ не ўсведамляеш, што гэта быў сон.

Я стараюся ўспамінаць не толькі апошнія падзеі, але і добрае. Мама ж сапраўды мяне любіла. Магчыма, мы не заўсёды разумелі адзін аднаго, часам сварыліся, але я ведаю, што яна хацела для мяне найлепшага.

Я вырашыў расказаць пра ўсё публічна, таму што не хачу, каб падобная гісторыя адбылася ў кагосьці яшчэ. Мне здаецца, мы ўжо настолькі прывыклі да навін пра тэлефонных махляроў, што часам перастаем успрымаць іх сур'ёзна. Нехта перадаў грошы кур'еру, нехта ўзяў крэдыт, нехта паверыў чалавеку, які прадставіўся супрацоўнікам банка. Прачыталі і забыліся, хоць за кожнай такой гісторыяй стаіць жывы чалавек. У яго ёсць сям'я, блізкія, планы, а наступствы могуць аказацца значна цяжэйшымі, чым страта грошай.

Я б хацеў, каб банкі і дзяржаўныя арганізацыі часцей папярэджвалі людзей. Каб пры перадачы буйных сум з'яўляліся дадатковыя праверкі, апавяшчэнні, магчымасць спыніцца і падумаць. Каб чалавеку лішні раз нагадалі: калі да вас зноў звяртаюцца незнаёмцы і патрабуюць тэрмінова перадаць грошы, гэта вельмі сур'ёзная нагода насцярожыцца.

Пры гэтым я разумею, што адных папярэджанняў недастаткова. Мама ж таксама чытала навіны і ведала пра махляроў. Таму мне хочацца папрасіць людзей больш уважліва ставіцца адзін да аднаго. Калі блізкі чалавек раптам стаў трывожным, замкнуўся, перастаў расказваць пра свае справы, магчыма, варта паспрабаваць высветліць, што адбываецца. Не адмахвацца ад дзіўных размоў і нечаканых просьбаў.

У міліцыі рэдакцыі «Анлайнера» пацвердзілі, што маці маладога чалавека звярталася да сілавікоў. Як высветлілася, 13 верасня 2026 года жанчына пад уплывам тэлефонных махляроў перадала кур'ерам 8800 еўра, 5000 беларускіх рублёў і 2400 даляраў. Па факце таго, што адбылося, распачалі крымінальную справу па ч. 3 арт. 209 КК РБ (махлярства, учыненае ў буйным памеры). У міліцыі таксама паведамілі, што кур'ер быў устаноўлены і затрыманы.

Каментары1

  • Ё
    15.10.2026
    Авечак яшчэ шмат. Стрыгчы не перастрыгчы. Цікава, чаму ў Польшчы такога махлярства амаль няма ? Можа таму, што паляк псіхалагічна гатовы паслаць нафіг любога ''сілавіка'', бо разумее што ніякое КДК яму не гаспар. У сістэмах заснаваных на страху, непразрастасці і канролі, вельмі лёгка апеляваць страхам, кантролем і наступствамі.

Цяпер чытаюць

Беларускія рэпетытары ў паніцы: праз праблемы «Яндэкса» яны могуць страціць матэрыялы, якія напрацоўвалі гадамі27

Беларускія рэпетытары ў паніцы: праз праблемы «Яндэкса» яны могуць страціць матэрыялы, якія напрацоўвалі гадамі

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна знішчыла чатыры расійскія суперсучасныя самалёты Су-34М на аэрадроме ў Барысаглебску20

Офіс Беларускага пашпартнага цэнтра ў Вільні зачыняецца, праца працягнецца без офіса36

Псіхалогія суперагента: як адна з самых паспяховых аперацый КГБ закончылася найбольшым правалам17

У Разані пасля атакі дронаў гарыць нафтаперапрацоўчы завод5

Пачобут зноў плануе прыехаць у Беларусь8

У буйных гарадах пачалі падаць цэны на кватэры. Што адбываецца?10

«Я б на хаду выскачыла». Па Мінску ездзіла машына са змяёй на капоце5

Трамп патлумачыў, чаму не называе Пуціна дыктатарам9

Прадстаўнікі разведкі ЗША прыгразілі «неадкладна» спыніць абмен данымі з Украінай у выпадку новых удараў па расійскіх НПЗ15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускія рэпетытары ў паніцы: праз праблемы «Яндэкса» яны могуць страціць матэрыялы, якія напрацоўвалі гадамі27

Беларускія рэпетытары ў паніцы: праз праблемы «Яндэкса» яны могуць страціць матэрыялы, якія напрацоўвалі гадамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць