У Расіі знялі шалёна папулярны серыял пра ядзерныя вучэнні, у якіх удзельнічалі беларусы. Вось што не так з «Паўраспадам»
Вялікую гістарычную драму «Паўраспад» ужо называюць галоўным серыялам года — яе прэм'еру ў сэрвісе Okko чакалі больш за мільён чалавек. Мы паглядзелі першыя серыі расійскага праекта і расказваем, што ў ім можа быць цікавага для беларусаў — гісторыя атрымалася вельмі спрэчная.

Гісторыя «Паўраспаду» распачынаецца ў перабудову, калі арэнбургская журналістка Надзея Келер наведвае пахаванне бацькі, з якім даўно не трымала кантакт. На пахаванні Надзея заўважае дзіўнае: шмат людзей у тым рэгіёне памерлі маладымі. І ў мясцовых ёсць тэорыя, чаму ўсё менавіта так — яны звязваюць падзею з сакрэтнымі вучэннямі, што прайшлі ў Савецкім Саюзе на 30 гадоў раней.
Тады, 14 верасня 1954-га, на Тоцкім палігоне ладзілі вялікія вучэнні з сапраўднай ядзернай зброяй. На палігон скінулі ядзерную бомбу ў два разы мацнейшую за тую, што раней амерыканцы скінулі на Хірасіму, пачакалі паўгадзіны і распачалі наземныя вучэнні на месцы ядзернага выбуху.

У вучэннях прынялі ўдзел 45 тысяч салдат, а асновай той групоўкі быў Брэсцкі гарнізон. Зразумела, што ў тыя часы ў Беларусі служылі салдаты і з іншых саюзных рэспублік, але беларусы на Тоцкім палігоне дакладна былі, бо сярод публічных успамінаў удзельнікаў ёсць і ўспаміны беларусаў.
З першых кадраў «Паўраспад» паказвае, як, на думку стваральнікаў, трэба глядзець на тыя падзеі. Паводле тэкставай прадмовы, якую паказваюць у пачатку серыяла, па стане на 1954‑ты ядзерная гонка раскручвалася: ЗША ўжо правялі вучэнні з ядзернай зброяй і распрацавалі планы ўдараў па савецкіх гарадах.

Далей у той прадмове кажуць, што Савецкі Саюз вымушаны рэагаваць, таму і ладзіць Тоцкія вучэнні. 45 тысяч удзельнікаў «бліскуча даюць рады задачы», і далей «краіна цалкам гатовая да ядзернай вайны і адбіццю пагрозы нападу». Напрыканцы прадмовы стваральнікі прысвячаюць серыял «подзвігу і памяці» ўдзельнікаў вучэнняў.
Стрымінг Okko выпусціў да прэм’еры «Паўраспаду» дакументалку пра тыя падзеі, дзе яшчэ больш навязвае ўра-патрыятычную трактоўку Тоцкіх вучэнняў. Вось урывак з яе анонса:
«Пад камандаваннем маршала Перамогі Георгія Жукава была падарваная атамная бомба магутнасцю каля 40 кілатонаў. Гэта быў сіметрычны адказ на агрэсіўную ваенную палітыку ЗША, паводле якой Пентагон распрацаваў план удару 300‑мі ядзернымі бомбамі па гарадах СССР у выпадку эскалацыі».

Такі план, які згадваюць, сапраўды існаваў. Але ж цікавая дэталь: план Dropshot, пра які ідзе гаворка, быў адкліканы задоўга да Тоцкіх вучэнняў. Дый увогуле прадугледжваў дзеянні абарончага характару, а не напад на СССР.
Ці магчыма, аднак, у наш час выпусціць агітку без кроплі праўдзівай інфармацыі? Стваральнікі «Паўраспаду» прадстаўляюць дзеянні савецкіх уладаў як адзіна магчымыя, але не могуць змаўчаць пра небяспеку Тоцкіх вучэнняў — нездарма перад вучэннямі бацька галоўнай гераіні шукае спосабы вывезці сям’ю як мага далей.
Паказальны момант — бацька гераіні прагаворвае план з’ехаць у гутарцы з іншым героем. У адказ яго ледзь не прысаромліваюць — маўляў, мы ж настаўнікі, хіба можна пакінуць сваіх вучняў?

Цяпер выйшлі толькі дзве серыі «Паўраспаду», і пакуль няясна, што ў тым серыяле пераможа — агітка або гісторыя пра супраціў сістэме. Сам серыял пакуль збірае дыфірамбы: на свецкай прэм’еры яго называлі галоўным серыялам года. Сам Okko піша пра праект тое ж самае, то-бок стваральнікі робяць на «Паўраспад» вялікія стаўкі. На гэта паказвае і зорны склад, бо ў галоўных ролях ёсць вядомыя расійскія акцёры: Ганна Міхалкова, Філіп Янкоўскі і Яўген Стычкін.
Што да стваральнікаў, яны ўмеюць рабіць неадназначныя гісторыі. Сцэнарыст Алег Малавічка рыхтаваў, напрыклад, сцэнар да «Ліхіх» — праекта пра злачынныя расійскія групоўкі ў 90-я, а вытворчасцю займалася прадзюсарская кампанія «Среда» — вы напэўна ж чулі пра іх «Аутсорс». Выглядае, аднак, што цяпер і яны не могуць працаваць без «патрыятычных» рэверансаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Одни лепят ура-патриотическую агитку на костях облученных ликвидаторов, а вторые из кожи вон лезут, чтобы выставить миротворцами ребят, планировавших ковровую ядерную бомбардировку.