Польскі банк Millennium папярэдзіў беларусаў без ДНЖ пра блакаванне аперацый на рахунках з 12 снежня
Для верыфікацыі Millennium патрабуе пашпарт і дазвол на жыхарства.

Беларусам, у якіх адкрытыя рахункі ў польскім банку Millennium, пачалі прыходзіць паведамленні з патрабаваннем абнавіць дакументы да 12 снежня 2026 года. У адваротным выпадку банк папярэджвае пра блакаванне аперацый на рахунках і банкаўскіх картках. Для верыфікацыі Millennium патрабуе пашпарт і дазвол на жыхарства, піша Most.
Павел адкрываў рахунак у Bank Millennium з беларускім пашпартам, які дзейнічае да 2028 года. Ён легальна працуе ў Польшчы і чакае ДНЖ (у пашпарце стаіць чырвоны штамп, які пацвярджае падачу дакументаў).
Тым не менш нядаўна мужчына атрымаў ад банка паведамленне, у якім гаворыцца, што яго дакумент, зарэгістраваны ў банкаўскай сістэме, страціў сілу. З паведамлення вынікае, што гаворка можа ісці як пра дакумент, які сведчыць асобу, так і пра дакумент, які пацвярджае права на знаходжанне ў Польшчы.
Паўлу прапанавалі прыйсці ў аддзяленне банка і абнавіць звесткі.
«Калі вы не пакажаце дакумент да 12 снежня 2026 года, мы заблакуем магчымасць правядзення аперацый на рахунку і транзакцый з карткай», — гаворыцца ў паведамленні.
Павел звярнуўся ў Millennium па тлумачэнні. У адказе, копія якога ёсць у распараджэнні Most, банк паведаміў, што цяпер патрабуе ад кліентаў два сапраўдныя дакументы. Акрамя пашпарта, неабходна паказаць адзін з наступных дакументаў: польскую карту побыту, дыпламатычнае або консульскае пасведчанне.
Што расказваюць іншыя беларусы
У сацыяльных сетках беларусы і расіяне расказваюць пра аналагічныя паведамленні. Адной з кліентак, якая расказала пра размову з банкам, супрацоўніца патлумачыла неабходнасць падаць дакументы 19‑м пакетам санкцый Еўрасаюза супраць Расіі і Беларусі. У якасці прававой падставы яна назвала рэгламенты Hfls ЕС № 2025/2033 і № 2025/2041 ад 23 кастрычніка 2025 года.
Яшчэ адна беларуска, якая атрымала аналагічнае паведамленне, звярнулася ў Millennium праз мабільны дадатак. Яна патлумачыла, што яе пашпарт сапраўдны, і папрасіла назваць прававую падставу, на якой ад яе патрабуюць ДНЖ, каб працягваць карыстацца ўжо адкрытым рахункам.
У адказ супрацоўнік банка паведаміў, што апавяшчэнне яна атрымала памылкова.
«Калі ласка, не хвалюйцеся, усё ў парадку. Вы атрымалі SMS памылкова. Можаце праігнараваць паведамленне. Прыносім прабачэнні за нязручнасці», — гаворыцца ў адказе.
-
У беларускі ў Італіі забралі двух сыноў — бо яна не прызнавала дзяржаву і не адпускала дзяцей у школу і да доктара
-
Каранік не забраў з сабой у Мінск падпалкоўніка, які быў яго прэс-сакратаром. Таму знайшлі новае месца
-
Пачобут паразважаў пра будучыню ў рэгіёне: Калі геаграфічна Беларусь з’яўляецца часткай Еўропы, то палітычна — гэта частка Азіі
Каментары