Пачобут паразважаў пра будучыню ў рэгіёне: Калі геаграфічна Беларусь з’яўляецца часткай Еўропы, то палітычна — гэта частка Азіі
Журналіст і актывіст Андрэй Пачобут на сваёй лекцыі «35 гадоў пасля распаду СССР: чаму Homo Sovieticus усё яшчэ існуе?» заявіў, што нават калі ў рэгіёне ўкараніцца мір, Беларусь як «палітычная частка Азіі» наўрад ці зможа хутка займець сапраўдныя таварыскія стасункі з Захадам.
З тэматычнай лекцыяй экс-палітвязень выступіў з нагоды ўрачыстага адкрыцця новага навучальнага года ў Інстытуце Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта.

На думку Андрэя Пачобута, Аляксандр Лукашэнка першым з новаабраных кіраўнікоў постсавецкіх краін адчуў хвалю грамадскіх настальгічных настрояў па СССР і менавіта тым падкупіў вялікую частку насельніцтва.
«Пра Лукашэнку напісаная кніга «Выпадковы прэзідэнт», але ён зусім не выпадковы, калі мы размаўляем пра яго вось ужо 32 гады. Высветлілася, што смерць чалавека не роўна смерці СССР. Чалавек савецкі можа быць рэпрадукаваны, а яго каштоўнасці — перадавацца далей».
Галоўны канфлікт у Беларусі, як лічыць Пачобут, і палягае ў канфлікце чалавека з «саўковымі» каштоўнасцямі супраць людзей дэмакратычных, заходніх, еўрапейскіх настрояў.
«І ў тым ці іншым аб’ёме гэты канфлікт характэрны для ўсіх постсавецкіх краін. Тая ж Грузія развівалася ў заходнім кірунку — падавалася, што краіна пакінула галоўныя праблемы ў мінулым, але сёння Грузія пачала развіваецца ўжо ў зваротным кірунку. І ўсё часцей яе параўноўваюць з Беларуссю».
Адной з прычын вайны ва Украіне Пачобут называе той самы канфлікт каштоўнасцяў. І пакуль ён актуальны для ўсяго нашага рэгіёна журналіст, не бачыць магчымасці прыязнага, таварыскага суіснавання рознапалярных суседзяў.
«Вайна ва Украіне раней ці пазней, але скончыцца. Раней ці пазней прыйдзе нейкая форма міру. Але нават са сканчэннем вайны не знікне канфлікт паміж дэмакратыяй і аўтарытарызмам (таталітарызмам). Нам трэба быць гатовымі, што гэты канфлікт будзе яшчэ доўгія гады вызначаць узаемадзеянне паміж Усходам і Захадам. Паміж Еўропай і Азіяй. І калі геаграфічна Беларусь з’яўляецца часткай Еўропы, то палітычна — гэта частка Азіі і тых узораў, што былі прышчэпленыя азіяцкімі сатрапамі», — разважае Пачобут.
«Як аптыміст я спадзяюся, што мы не будзем мець вялікай вайны, але вялікае сяброўства таксама немагчымае, немагчымая перазагрузка. І сапраўднае паляпшэнне зносін выглядае немагчымым. У Захаду ёсць досвед халоднай вайны і, здаецца, менавіта адтуль варта сёння чэрпаць натхненне».
У 2023 годзе Пачобута асудзілі ў Беларусі на восем гадоў калоніі строгага рэжыму. Ён быў вызвалены ў красавіку 2026 года, правёўшы за кратамі 1 860 дзён. У верасні журналіст з'ездзіў у Беларусь на тыдзень, а пасля бесперашкодна вярнуўся ў Польшчу. Ён зноў плануе паўтарыць свой маршрут ужо ў снежні.
Каментары
Ci mo jon adziny apynuŭsia z imunitetam suprać azyjatčyny, a ŭsia Biełaruś - nie? Jakoje jon maje prava vykazvacca i pra mianie ŭ tym liku ? Heta ci nie prykmieta toj samaj azyjatčyny ? Ha ?