Зяленскі пагадзіўся б не наносіць удары па расійскіх энергааб’ектах у абмен на пашырэнне зоны пакрыцця Starlink углыб Расіі
Зону пакрыцця Starlink прапануецца павялічыць прыкладна на 300 кіламетраў.

Амерыканскія сенатары падчас візіту ў Кіеў прапанавалі прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму «зрабіць паўзу» ва ўдарах па расійскіх энергааб’ектах у абмен на пашырэнне зоны пакрыцця спадарожнікавай сістэмы Starlink. Пра гэта піша The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы.
Зону пакрыцця Starlink прапануецца павялічыць прыкладна на 300 кіламетраў углыб тэрыторыі Расіі. Паведамляецца, што з такой прапановай выступілі сенатары Роджэр Уікер ад штата Місісіпі і Кевін Крэймер ад Паўночнай Дакоты.
WSJ піша, што Зяленскі заявіў пра гатоўнасць прыняць гэтую прапанову і спыніць удары па энергетычных аб’ектах на сто дзён.
Раней у інтэрв’ю Financial Times Зяленскі казаў, што прапаноўваў Трампу пашырыць пакрыццё Starlink на тэрыторыю Расіі, каб Украіна магла знішчаць расійскія пускавыя ўстаноўкі балістычных ракет.
«Калі вы не будзеце закрываць для нас Starlink, калі вы адкрыеце Starlink на тэрыторыі Расіі, мы знішчым яго пускавыя ўстаноўкі балістычных ракет, і на гэтым для [Пуціна] ўсё скончыцца. Ён сядзе і будзе размаўляць, а я не буду знішчаць ніякія энергетычныя аб’екты. Мне гэта не трэба», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары