Маці кантрабандыста з беларускімі каранямі верне Літве 155 тысяч еўра, заробленыя на цыгарэтах
Вярхоўны суд Літвы пастанавіў, што маці раней асуджанага за буйную кантрабанду цыгарэт Яўгена Дзіско, які мае беларускія карані, павінна вярнуць дзяржаве 155,4 тысячы еўра. На гэтыя незаконна атрыманыя грошы, паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры, быў пабудаваны дом у Вільні, зарэгістраваны на імя жанчыны, паведамляе LRT.

5 лістапада Вярхоўны суд Літвы канчаткова пацвердзіў, што частка грошай, заплачаных за гэты дом, мае паходжанне з незаконнай дзейнасці.
Паводле інфармацыі пракуратуры, будаўніцтва дома фінансаваў сын жанчыны — Яўген Дзіско, выкарыстоўваючы даходы ад кантрабанды цыгарэт праз Беларусь. За перавозку і захоўванне кантрабандных тытунёвых вырабаў ён раней быў асуджаны.
У верасні 2025 года Віленскі акруговы суд задаволіў пазоў пракуратуры і абавязаў маці кантрабандыста выплаціць дзяржаве больш за 181 тысячу еўра. Суд палічыў, што выдаткі Дыска і яго жонкі на гэтую суму перавышалі іх законныя даходы. Тлумачэнні пра грошы ад гандлю аўтамабілямі, пазыкі і падарункі суд прызнаў недаказанымі.
Аднак Апеляцыйны суд зменшыў суму да 155 тысяч еўра, палічыўшы на падставе дэкларацыі, што зямельны ўчастак коштам 26 тысяч еўра быў набыты за законныя сродкі. Цяпер Вярхоўны суд вярнуў гэтую частку справы на паўторны разгляд у Апеляцыйны суд. Такім чынам, пытанне аб паходжанні грошай на набыццё ўчастка яшчэ не вырашана канчаткова.
Самі прозвішчы адказчыкаў суд афіцыйна не называе. Аднак раней літоўскія СМІ паведамлялі, што ў справе фігуруюць Яўген Дзіско, яго жонка Сняжана, маці Алена і бацька. Адзначаецца, што сям'я мае беларускія карані.
Як сцвярджае выданне Alfa, Дзіско займаўся кантрабандай цыгарэт не толькі з дапамогай дронаў. Паводле звестак крымінальнай разведкі памежнай службы, яшчэ каля дзесяці гадоў таму ён мог быць звязаны з перавозкай буйных партый цыгарэт цягнікамі з Беларусі праз Латвію ў Літву.
У сакавіку 2022 года Апеляцыйны суд прызнаў Дзіско вінаватым у трох эпізодах, звязаных з кантрабандай цыгарэт. Было ўстаноўлена, што ў лютым і красавіку 2019 года ён разам з саўдзельнікамі ўдзельнічаў у перавозцы з Беларусі ў Літву партыі цыгарэт, ацэненай прыкладна ў 416 тысяч еўра.
Выданне таксама паведамляла, што літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы мае засакрэчаныя матэрыялы крымінальнай разведкі, паводле якіх Дыска мог быць кіраўніком злачыннай групоўкі, што ў 2015—2016 гадах займалася кантрабандай цыгарэт у Беларусі, Літве і Латвіі.
Беларуса затрымалі ў Польшчы па падазрэнні ў кантрабандзе цыгарэт
Сняжынка з цыгарэтамі прыплыла па Віліі ў Вільню
Беларуса затрымалі ў варшаўскім аэрапорце за кантрабанду цыгарэт паветранымі шарамі
Кантрабандныя цыгарэты схавалі ў чыгуначнай цыстэрне з вадкай смалой
У Беластоку судзяць двух беларусаў і паляка за кантрабанду цыгарэт з дапамогай дронаў
Беларуса, які працаваў у нямецкай паліцыі, пазбавілі пенсіі — бо вазіў кантрабандай цыгарэты з Беларусі на дыпламатычным аўто
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары