У Польшчы затрымалі пяцярых чалавек, у тым ліку грамадзяніна Беларусі, па падазрэнні ў кантрабандзе цыгарэт, якія дастаўлялі з Беларусі з дапамогай метэазондаў, паведамляе Памежная служба Польшчы.

Трох грамадзян Польшчы затрымалі супрацоўнікі памежнага паста ў Баброўніках. Мужчыны прыехалі забраць цыгарэты, якія пераправілі праз мяжу на метэазондзе. Высветлілася, што адзін з затрыманых знаходзіўся ў вышуковых базах паліцыі ў сувязі з крадзяжом і неабходнасцю адбыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.
Яшчэ двух чалавек — грамадзяніна Беларусі і грамадзяніна Польшчы — затрымалі на месцы, калі яны прыехалі па кантрабандныя цыгарэты.
Усім пяцярым выставілі абвінавачанні. Паводле рашэння суда, іх узялі пад варту на тры месяцы.
За апошнія некалькі дзён супрацоўнікі Падляскага аддзела польскай памежнай службы выявілі цыгарэты, перакінутыя з Беларусі з дапамогай метэазондаў, агульным коштам 820 тысяч злотых (каля 211 тысяч даляраў).
Каментары