Свет

«Паглядзім, што скажа Пуцін». Уіткаф ляціць у Расію, каб абмеркаваць новыя мірныя прапановы, вылучаныя на сустрэчы з Зяленскім у Осла

Пра якія прапановы вядзецца размова?

Стыў Уіткаф, Аляксандар Стуб, Уладзімір Зяленскі, Ёнас Гар Сторэ, фота Heiko Junge/Pool NTB via AP

У сераду спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф зноў адпраўляецца ў Расію, каб правесці перамовы аб заканчэнні вайны ва Украіне. Яго візіт адбудзецца на наступны дзень пасля сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім у Осла, куды ўкраінскі прэзідэнт прывёз нейкія новыя прапановы, якія Уіткаф павінен перадаць расійскім уладам, піша Бі-бі-сі.

У аўторак Зяленскі правёў перамовы з Уіткафам у Осла. У сустрэчы таксама ўдзельнічалі прэм'ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Сторэ і прэзідэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб. Джарэд Кушнер, яшчэ адзін спецпасланнік Трампа і яго зяць, далучыўся да саміту па відэасувязі.

«У нас ёсць некаторыя дакладныя ідэі, як прыйсці да міру. Мы адзіныя з нашымі еўрапейскімі партнёрамі ў гэтых намаганнях, — сказаў Зяленскі на прэс-канферэнцыі пасля перамоваў у Осла. — Мы хацелі б, каб амерыканцы прывезлі гэтыя ідэі расіянам».

Зяленскі дадаў, што па-ранейшаму дамагаецца правядзення трохбаковай сустрэчы з удзелам прэзідэнтаў Украіны, ЗША і Расіі, дзе, на яго думку, можна абмеркаваць самыя складаныя пытанні, у тым ліку тэрытарыяльныя. У Крамлі неаднаразова казалі, што Пуцін можа сустрэцца з Зяленскім толькі ў Маскве, але Украіна такую прапанову адхіляе.

«Адна з важных ідэй — перайсці да патэнцыйнага трохбаковага саміту лідараў, каб вырашыць пытанні, якія могуць вырашыць толькі лідары. Стыў заўтра едзе ў Расію. Паглядзім, што скажа Пуцін», — сказаў учора прэзідэнт Украіны. Ён не ўдакладніў, якія менавіта новыя мірныя ініцыятывы абмяркоўваліся ў Осла.

Прэм'ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Сторэ пацвердзіў, што ў Осла абмяркоўваліся прапановы, «над якімі працуюць еўрапейскія і амерыканскія калегі і якія, магчыма, адкрыюць шлях для сустрэчы на ўзроўні лідараў».

У аўторак магчымасць правядзення такой трохбаковай сустрэчы пракаментаваў і Дональд Трамп. У адказ на пытанне журналістаў, ці павінны Зяленскі і Пуцін асабіста падпісаць мірнае пагадненне, ён сказаў: «Не ведаю, мне здаецца, ім нават не трэба быць у адным памяшканні, яны могуць гэта зрабіць па-іншаму. Ім цяжка быць у адным памяшканні. Мне ўсё роўна, як гэта будзе зроблена».

Пра якія менавіта прапановы гаворка?

Падчас прэс-канферэнцыі ў Осла Сторэ таксама не сказаў пра сутнасць новых мірных прапаноў, але апісаў кола тэм, якіх яны датычацца.

«Сёння [учора] мы абмеркавалі пытанні, звязаныя з бяспекай Украіны, з планам росквіту пасля вайны, з тэрыторыямі і санкцыямі, а таксама з больш шырокай архітэктурай еўрапейскай бяспекі».

Уіткаф у прэс-канферэнцыі не ўдзельнічаў: як патлумачылі яе ўдзельнікі, гэта звязана з тым, што перад журналістамі з'явіліся толькі лідары дзяржаў.

Аднак крыніца Бі-бі-сі ў амерыканскай адміністрацыі паведаміла, што ЗША ацанілі перамовы Зяленскага з Уіткафам і Кушнерам як «прадуктыўныя і канструктыўныя».

«Украіна вылучыла новыя ідэі і прапановы, якія былі падрабязна абмеркаваны. Бакі дасягнулі значнага прагрэсу ва ўзгадненні пазіцый адносна скаардынаванага падыходу да перамоваў з Расіяй і прасоўвання дыпламатычнага працэсу», — паведаміў амерыканскі чыноўнік.

За мінулыя два гады Уіткаф і Кушнер неаднаразова ездзілі ў Расію. Апошні такі візіт адбыўся ў пачатку верасня, пасля чаго абодва спецпрадстаўнікі прэзідэнта ЗША ўпершыню пабывалі ў Кіеве.

Затым Трамп і Пуцін сазваніліся і абмеркавалі магчымыя шляхі заканчэння вайны.

Нягледзячы на ўсю гэтую дыпламатычную дзейнасць, ніякага адчувальнага прагрэсу на шляху да міру дасягнуць пакуль не ўдалося. Расія працягвае настойваць на вывадзе ўкраінскіх войскаў з Данбаса, нават з тых яго раёнаў, якія яна не змагла акупаваць. Украіна лічыць гэта недапушчальным і заяўляе, што за апошнія месяцы здолела вызваліць некаторыя захопленыя Расіяй тэрыторыі.

Як адзначае маскоўскі карэспандэнт Бі-бі-сі Стыў Розенберг, мяркуючы па апошніх выступах і заявах Пуціна, расійскі лідар не настроены на кампраміс і відавочна хоча працягваць вайну.

Расійскія чыноўнікі неаднаразова казалі пра намер дасягнуць усіх мэт уварвання, да якіх Масква адносіла не толькі тэрытарыяльныя пытанні, але і палітычныя саступкі з боку Украіны, такія як змяненне статусу рускай мовы, адмова ад уступлення ў НАТА і статус Украінскай праваслаўнай царквы, звязанай з Маскоўскім патрыярхатам.

Рэзкае ахаладжэнне паміж ЗША і Украінай з-за дызельнага паліва

Сустрэча ў Осла прайшла на фоне рэзкага астуджэння адносін паміж Зяленскім і Трампам. Прычынай стала рашэнне Вашынгтона заключыць здзелку аб пастаўках на сусветны рынак расійскага дызельнага паліва, а таксама адмова Трампа ўводзіць новыя санкцыі супраць Расіі, прадугледжаныя законам імя нябожчыка сенатара Ліндсі Грэма.

У сваю чаргу, Украіна працягвала наносіць удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, хоць ЗША неаднаразова заклікалі яе гэтага не рабіць.

У Вашынгтоне сцвярджаюць, што такая паўза дапаможа зніжэнню сусветных цэн на дызельнае паліва, хоць эксперты і ўкраінскія чыноўнікі настойваюць, што нафта і нафтапрадукты падаражэлі з-за вайны ЗША і Ізраіля супраць Ірана.

Кіеў на некалькі дзён перарываў атакі на нафтавую інфраструктуру Расіі, але аднавіў іх пасля таго, як Масква працягнула мэтанакіравана абстрэльваць украінскую энергетыку.

У апошнія два тыдні Украіна паведаміла пра цэлы шэраг праблем з амерыканскай ваеннай дапамогай, у тым ліку пра перабоі з амерыканскімі раннімі папярэджаннямі аб расійскіх ракетных ударах, абмежаваннях працы спадарожнікавага інтэрнэту Starlink і затрымках з пастаўкамі ракет для ўстановак СПА Patriot.

Дональд Трамп таксама зрабіў некалькі рэзкіх заяў у адрас Зяленскага, у тым ліку абвінаваціў яго ў нежаданні заканчваць вайну і прапанаваў Украіне пашукаць кагосьці іншага, хто можа весці перамовы.

Бакі вельмі аптымістычна апісалі перамовы Зяленскага з Уіткафам і Кушнерам у Осла, аднак крыніцы амерыканскага выдання Axios паведамілі, што падчас іх Кушнер працягваў настойваць на спыненні ўкраінскіх удараў па расійскіх НПЗ.

Як сказана ў публікацыі Axios, Кушнер зноў настойваў, што Кіеў павінен пагадзіцца на спыненне ўдараў. «Джарэд казаў вельмі прама», — піша выданне. Паводле інфармацыі Axios, у Вашынгтоне спадзяюцца, што Пуцін будзе больш схільны да кампрамісаў пасля заключэння дызельнай здзелкі з ЗША.

Падчас прэс-канферэнцыі ў Осла Зяленскі пракаментаваў сітуацыю з ударамі па расійскіх НПЗ так: «Мы прапанавалі розныя варыянты. Мы гатовыя не наносіць удары па адчувальных частках расійскага энергетычнага сектара, калі Расія спыніць біць па нашым сектары. Пуцін сказаў «не», але мы шукаем рашэнне».

У панядзелак прэзідэнт Украіны сказаў, што Кіеў можа прыпыніць удары па расійскіх НПЗ на 30 дзён, калі ЗША прадаставяць яму на гэты час дастатковую колькасць проціракет для ўстановак СПА Patriot.

«Цяпер гэта працуе»: што адбываецца са Starlink і абменам разведданымі?

У аўторак Зяленскі таксама стэлефанаваўся з дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіа: паводле яго слоў, размова была «прадметнай» і «ў тых пытаннях, якія маюць значэнне».

Яны абмеркавалі, у прыватнасці, ракеты-перахопнікі, раннія папярэджанні аб расійскіх атаках і неабходнасць аднавіць працу Starlink і яго ваеннага аналага Starshield.

«Удзячны за гатоўнасць дапамагчы і ясную пазіцыю», — напісаў Зяленскі. «Дзякуй, Марка, за канструктыў! Дзякуй усім у Амерыцы, хто падтрымлівае справядлівыя падыходы!» — дадаў прэзідэнт Украіны.

Зяленскі сказаў журналістам у Осла, што спадзяецца на аднаўленне нармальнай працы спадарожнікавага інтэрнэту «на працягу 48 гадзін».

Да гэтага ўкраінскія ваенныя заявілі, што тэрміналы Starlink, усталяваныя на рухомых прыладах, перастаюць працаваць, калі хуткасць іх перамяшчэння перавышае 160 км у гадзіну. Гэта перашкаджае працы ўкраінскіх дронаў і верталётаў, у тым ліку тых, што перахопліваюць расійскія ўдарныя беспілотнікі.

Акрамя таго, прэзідэнт Украіны заявіў, што Кіеў зноў своечасова атрымлівае разведданыя пра запуск расійскіх балістычных ракет. Да гэтага Зяленскі казаў, што ЗША некалькі разоў не падалі звестак аб абстрэлах, але амерыканскія ўлады сцвярджалі, што абмен разведданымі ідзе ў звычайным рэжыме.

«Калі казаць пра раннія папярэджанні, яны вельмі важныя для нашых людзей, для нашых дзяцей і дарослых, цывільных, таму што мы чуем, калі ляцяць балістычныя ракеты, — сказаў Зяленскі ў Осла. — Мы ўдзячныя амерыканскаму боку. Цяпер гэта працуе. Усё выдатна».

Каментары

Цяпер чытаюць

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»18

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Усе навіны →
Усе навіны

Прэс-сакратарка Трампа, якая прапрацавала ўсяго пяць дзён, апублікавала яго сакрэтны праект13

Да блогера, які расказаў на YouTube пра працу ў анлайн-казіно, прыходзілі ГУБАЗіК з АМАПам2

Севярынец робіць поўную перазагрузку БХД: з празрыстымі выбарамі і прымірэннем. Хто будзе ўдзельнічаць, а хто не?40

NYT апісала пасланне Трампа Зяленскаму на перамовах у Осла8

«Маляваў сукамернікам вельмі мілых мульцяшных коцікаў, зайчыкаў і вожыкаў». Дзядок расказаў, як сядзеў у адной камеры са смяротнікам Скрундзікам1

У Варшаве памёр Ян Памедор Рэуцкі5

Як клан Лукашэнкі атрымаў долю ў беларускім Wildberries і мільённыя дывідэнды8

Нампаліта пагранічнай заставы з Хойнікаў адправілі ў калонію па справе Гаюна6

Азаронак выступіў у гумарыстычным «ДХ шоу»19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»18

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць