Грамадства22

Да блогера, які расказаў на YouTube пра працу ў анлайн-казіно, прыходзілі ГУБАЗіК з АМАПам

Блогера Андрэя Дунікоўскі месяц таму затрымалі па крымінальнай справе за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Мужчыну пратрымалі трое сутак на Акрэсціна, а затым, паводле яго слоў, выпусцілі пад заклад. Пра гэта ён расказаў на сваім YouTube-канале, заўважыла «Люстэрка». 

Паводле Андрэя, 14 верасня да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і АМАПа. Мужчыну затрымалі і адвезлі да следчай. Яна расказала, што па блогера прыйшлі ў межах крымінальнай справы аб абразе Аляксандра Лукашэнкі. Нагодай для разбору сталі «нейкія смешныя відосікі з Telegram, у прыватнасці, нейкія гіфкі ці нейкія прыколы».

«Ніводнага з іх я не рабіў сам асабіста, яны проста былі ўзятыя з інтэрнэту, прычым далёка не мной. Як вы ведаеце, у мяне некалькі адмінаў у тэлезе, і яны актыўна посцяць у маю тэлегу ўсякі розны кантэнт», — расказаў Андрэй.

Пасля гэтага мужчыну адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Там, паводле яго слоў, было вельмі холадна, і, каб сагрэцца, ён пастаянна маршыраваў на месцы. На наступны дзень Андрэя адвезлі ў РУУС, дзе яго чакалі следчы і адвакат. Там яму паказалі відэа, да якіх узніклі прэтэнзіі.

«І я паглядзеў гэтыя відосы, а там абсалютна нязначная, не тое каб несур'ёзная, то-бок ніякая не абразлівая, а проста такая, ну, як бы вясёлая тусовачная двіжуха. То-бок, напрыклад, там ёсць эпізод, дзе проста велізарны накачаны Рон Колман, калі хто не ведае, гэта адзін з самых, як бы, крутых культурыстаў дзевяностых — пачатку двухтысячных, проста з тварам Лукашэнкі, ну, як бы нейрасеткай зробленым, проста там качаецца. То-бок што тут абразлівага, што тут зневажальнага, я не ведаю. Гэта нейкая гіфка, якая даўным-даўно гуляла па інтэрнэце. Проста хтосьці яе рэпоснуў да мяне ў тэлегу, можа, нават я, можа, хтосьці з маіх адмінаў. І ў выніку як бы вось гэта з'яўляецца тыпу абразай. І такіх вось прыколаў там было каля пяці», — расказаў мужчына.

Пасля допыту ў РУУС мужчыну зноў адвезлі на Акрэсціна, дзе ён правёў яшчэ суткі. Пазней Андрэю паведамілі, што ён можа выйсці пад заклад.

«Мы сталі абмяркоўваць прыкладныя варыянты, як можам рухацца далей. Натуральна, інфармацыя дайшла да майго працадаўцы. Там хлопцы крыху прыкінулі, ну і, скажам так, прапанавалі такі варыянт, як заклад, то-бок выйсці пад заклад. <…> Хлопцы з маёй кампаніі сабралі грошы, ужо паспелі іх з раніцы ўнесці. Я падпісаў пэўныя паперы. Дадаткова мяне яшчэ прывялі да начальніка, які сказаў, што, ну, як бы кепска я сябе павёў, што нельга так увогуле рабіць, што ўвогуле ў гэтай краіне гэта недапушчальна — жартаваць з кіраўніка краіны і ўсё такое. Я ў сваю чаргу сказаў, што ў гэта ўвогуле не закладваўся такі сэнс, што, дарэчы, абсалютная праўда. Тым не менш я як бы цудоўна разумею, што людзям старэйшым, больш дарослым, ім, натуральна, чужыя ўсе гэтыя прыколы і ўсё такое», — расказаў блогер.

У выніку Андрэя выпусцілі з ІЧУ, але крымінальную справу супраць яго пакуль не спынілі.

Андрэй Дунікоўскі звольніўся з Betera ў 2024 годзе. У 2025 годзе ён запісаў амаль сямігадзінны ролік, які сабраў на YouTube сотні тысяч праглядаў. У відэа ён расказаў пра сваю працу ў кампаніі і сцвярджаў, што яе агрэсіўная рэклама добра працуе. Пасля гэтага ў былога працадаўцы беларуса ўзніклі прэтэнзіі да экс-супрацоўніка.

У сакавіку 2026 года кампанія напісала заяву на былога супрацоўніка, у якой запатрабавала прыцягнуць мужчыну да адказнасці паводле васьмі адміністрацыйных артыкулаў і аднаго крымінальнага. Пад адміністрацыйнымі правапарушэннямі меліся на ўвазе пытанні абароны персанальных звестак, а ў заяве па крымінальным артыкуле згадваўся арт. 369¹ («Дыскрэдытацыя Беларусі»), расказваў блогер.

Каментары2

  • не чапай беларусію
    20.10.2026
    вось і ўся гэтая краіна - як казіно. бо нават папрацаваўшы там (сумленна ці не, няважна) і звольніўшыся, табе жыць нармальна не дадуць , слова сказаць не дадуць, у вязніцу кінуць бо шаўкі ўбачылі 1 кадр недатыкальнага ў датыкальнай позе :)
  • Earth
    20.10.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Невядомы адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум пяць чалавек загінулі25

Невядомы адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум пяць чалавек загінулі

Усе навіны →
Усе навіны

Кая Калас: Мірнае пагадненне па Украіне немагчымае без удзелу Еўрасаюза5

McLaren, Maserati і не толькі. На адной паркоўцы ў Мінску заўважылі вельмі дарагія аўто6

У Воранаўскім раёне вясковец сустрэў у сваім хляве барсука. Усё скончылася судом2

Улады Германіі заявілі пра «фактычную немагчымасць» правядзення ў сябе чэмпіянату свету па хакеі, калі ў ім будзе ўдзельнічаць Расія7

Зяленскі назваў небяспечнай ідэю Трампа аб стварэнні новай сістэмы бяспекі ў Еўропе

У польскім серыяле, які выйшаў на Netflix, адзін з персанажаў — беларускі доктар. У яго на спіне выпалена «здраднік»4

Хакеры цалкам знішчылі воблачную інфраструктуру аднаго з найбуйнейшых расійскіх хостынг-правайдараў Beget1

49‑гадовага лесніка з радзімы Лукашэнкі з двума дзясяткамі судзімасцяў узялі ў палон ва Украіне4

У МУС пракаментавалі справу віцебскага вядучага, які небяспечна пажартаваў на закрытым мерапрыемстве9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Невядомы адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум пяць чалавек загінулі25

Невядомы адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум пяць чалавек загінулі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць