Кучынскі — Касцюговай: Хачу папрасіць цябе не перапісваць гісторыю
Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай у сваім фэйсбуку ўступіў у публічную дыскусію наконт вызвалення палітвязняў.

«Мы з табой знаёмыя яшчэ значна да 2020 года, і, думаю, ты добра ведаеш, што ў мяне няма ні да цябе, ні да кагосьці іншага асабістай злосці ці раздражнення праз розныя погляды. Мы заўсёды маглі адкрыта абмяркоўваць нават самыя няёмкія пытанні. І з табой, і з тваімі паплечнікамі.
Таму я хачу адкрыта папрасіць цябе не перапісваць гісторыю. Асабліва калі гаворка ідзе пра вызваленне палітвязняў і пытанне пра тое, хто працаваў над гэтым.
Ты пішаш, што ў 2023—2024 гадах «тэма палітвязняў адышла на другі план», а іх вызваленне нібыта адклалі да лепшых часоў — «пакуль не пераможам рэжым».
Я разумею, што ты пішаш найперш з уласнага адчування, у тым ліку як дачка былой палітзняволенай. І калі ты кажаш, што ў нейкі момант адчула сябе сам-насам са сваёй праблемай, я не збіраюся аспрэчваць твае пачуцці. Яны абсалютна зразумелыя.
Але на той момант ты і частка тваіх цяперашніх паплечнікаў ужо не працавалі ў Офісе і, натуральна, маглі не ведаць многіх дэталяў нашай працы. Гэта нармальна. І дзякуй табе за ўсё, што вы рабілі.
Ты пішаш: ««І адзіныя людзі, якія траплялі ў поле майго зроку і пачалі актыўна займацца менавіта пошукам шляхоў вызвалення, — гэта былі Вольга Гарбунова, Таццяна Хоміч і Валерый Кавалеўскі». Разумею, што ў цябе свая оптыка, але давай па фактах:
1. Яшчэ ў снежні 2023 года адбыўся першы Стратэгічны дыялог паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ЗША, які праводзілі Святлана Ціханоўская з Торыяй Нуланд і Крысам Смітам. Пытанне палітвязняў — адно з цэнтральных. Менавіта гэты момант стаў адной з важных перадумоў далейшай працы, у тым ліку стварэння Кааліцыі па вызваленні палітвязняў, дзесятая сустрэча якой адбылася літаральна на мінулым тыдні (тры сустрэчы якой таксама адбыліся ў 2024 годзе).
2. Кажучы пра 2024 год, давай перанясемся ў красавік. Ціханоўскую запрашаюць на сустрэчу міністраў замежных спраў G7 у Італіі. Там адбываюцца размовы з дзяржсакратаром ЗША Блінкенам, Бербок, Кэмеранам, Сэжурнэ, Таіані, Барэлем. І адна з галоўных тэм — беларускія палітвязні.
Мы асобна працавалі над тым, каб гэтае пытанне было адлюстраванае ў выніковых дакументах. І 19 красавіка кіраўнікі МЗС G7 у сваім камюніке заклікалі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення беларускіх палітвязняў. Дарэчы, гэта адбывалася акурат напярэдадні дня нараджэння Марыі Калеснікавай. І мы тады шмат гаварылі ў тым ліку пра яе становішча, умовы ўтрымання і неабходнасць яе вызвалення.
Можна, вядома, сказаць, што заявы самі па сабе людзей не вызваляюць. І гэта праўда. Але такія рашэнні на ўзроўні G7 не ўзнікаюць з паветра. За імі стаяць перамовы, праца з урадамі і канкрэтныя палітычныя дамоўленасці. А пасля на іх можна абапірацца, калі размова пераходзіць ужо да практычных крокаў.
Гэта красавік 2024 года. Калі, паводле тваёй версіі, тэма палітвязняў ужо нібыта адышла на другі план.
3. У чэрвені Святлана едзе ў Вашынгтон. Адбываюцца сустрэчы ў Белым доме з ключавымі людзьмі ў адміністрацыі — дарадцамі прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам і Філіпам Горданам. І мы зноў абмяркоўваем тэму вызвалення нашых палітвязняў.
У Дзярждэпартаменце сустракаемся з Джонам Басам і Крысам Смітам. Безумоўна, пра Крыса варта казаць асобна. Бо ён быў адным з найважнейшых людзей ва ўсім далейшым гуманітарным працэсе. Яго архітэктарам. Яго настойлівасць, разуменне Беларусі і здольнасць рухаць гэтыя пытанні ўнутры амерыканскай сістэмы адыгралі велізарную ролю. Пасля ў нас з ім адбудзецца яшчэ з тузін сустрэч і практычна пастаянная, штотыднёвая камунікацыя.
4. 14 чэрвеня Святлана выступае на слуханнях у Кангрэсе ЗША, прысвечаных беларускім палітвязням. Адбываюцца сустрэчы з Нэнсі Пелосі і амерыканскімі сенатарамі.
Тады ж Святлана атрымлівае Democracy Service Medal ад NED. Ва ўрачыстасці ўдзельнічае сенатарка Шахін, якая шмат гадоў паслядоўна ўздымала пытанне беларускіх палітвязняў перад Дзярждэпартаментам і амерыканскай адміністрацыяй.
5. У тым жа чэрвені, ужо на саміце кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў G7, у выніковай заяве ўпершыню на такім узроўні з'яўляецца асобны параграф пра Беларусь:
«We also condemn the ill treatment of political prisoners and ask for their immediate and unconditional release». («Мы таксама асуджаем жорсткае абыходжанне з палітычнымі зняволенымі і заклікаем да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення».)
Гэта ўжо ўзровень кіраўнікоў найбуйнейшых дэмакратычных дзяржаў свету. І гэта таксама вынік папярэдняй працы, у тым ліку красавіцкіх сустрэч.
То-бок за першую палову 2024 года тэма палітвязняў абмяркоўваецца на ўзроўні Белага дома, Дзярждэпартамента, Кангрэса і Вялікай сямёркі. Калі, паводле тваёй версіі, тэма палітвязняў ужо нібыта адышла на другі план.
6. У ліпені Святлана зноў у Вашынгтоне. Сустракаецца з кіраўніцтвам Кангрэса, у тым ліку з Хакімам Джэфрысам. Мы наладжваем кантакты з камандамі Рубіё і Вэнса, бо ўжо тады разумеем, што сітуацыя ўвосень можа змяніцца і трэба захаваць падтрымку беларускай справы незалежна ад вынікаў выбараў.
7. Далей надыходзіць 1 жніўня.
Вялікі міжнародны абмен зняволенымі паміж Расіяй і заходнімі краінамі. На свабоду выходзяць Уладзімір Кара-Мурза, Ілля Яшын і іншыя. У абмене ёсць і беларускі элемент — грамадзянін Германіі Рыка Крыгер, якога ўтрымлівалі ў Беларусі.
Але беларускіх палітвязняў у спісах няма.
Я добра памятаю нашы чаканні. Мы спадзяваліся, што ў абмен могуць трапіць нашы героі, магчыма, нехта, хто звязаны з ЗША, можа, Ігар Лосік ці іншыя журналісты, звязаныя з Радыё Свабода, альбо іншыя беларускія палітвязні.
Але гэтага не адбылося.
Памятаю сваю размову з высокапастаўленым прадстаўніком Белага дома адразу пасля абмену. Гэта была адна з самых няпростых маіх размоў з амерыканскай адміністрацыяй. Мы былі сапраўды расчараваныя, і я гэтага не хаваў.
Але менавіта пасля гэтага яшчэ больш настойліва пачалі ставіць пытанне: што трэба зрабіць, каб наступныя гуманітарныя працэсы ўжо не абыходзілі Беларусь?
8. І ўжо праз тыдзень у Politico выходзіць матэрыял, дзе Ціханоўская адкрыта гаворыць пра магчымасць практычных дамоўленасцяў дзеля вызвалення людзей.
Politico апісвае працу Ціханоўскай з Дзярждэпартаментам ЗША, нагадвае пра Стратэгічны дыялог у снежні 2023 года, дзе пытанне палітвязняў было адным з ключавых, і піша, што Святлана абмяркоўвае магчымыя будучыя дамоўленасці дзеля вызвалення прадстаўнікоў беларускай апазіцыі — «possible deals in the future that would free members of the Belarusian opposition».
Пры гэтым Дзярждэпартамент у тым жа матэрыяле афіцыйна пацвярджае, што дыялог з беларускімі дэмсіламі працягваецца і амерыканскі бок па-ранейшаму заклікае да вызвалення палітвязняў.
Звярні ўвагу: гэта не нашы сённяшнія тлумачэнні заднім чыслом. Гэта публічная пазіцыя Ціханоўскай і Дзярждэпа яшчэ ў 2024 годзе. Мы ўжо тады адкрыта гаварылі пра магчымыя практычныя дамоўленасці, якія маглі б прывесці да вызвалення людзей.
І таму, калі ты пішаш, што ідэя гуманітарных вызваленняў узнікла як спосаб «перестать увязывать вопрос освобождений тяжело больных с вопросом политической победы над режимом», я хачу падкрэсліць: мы якраз і працавалі над практычнымі шляхамі вызвалення людзей, не чакаючы нейкай будучай палітычнай перамогі, але, вядома, не забываючы пра важнасць працы над тым, каб у Беларусі адбыліся сістэмныя змены.
9. Верасень 2024 года быў асабліва важным.
13 верасня ў Вільні адбываецца сустрэча Святланы з першым намеснікам дзяржсакратара ЗША Куртам Кэмпбэлам.
І там мы ўжо абмяркоўваем не толькі тое, што палітвязняў трэба вызваляць. Мы гаворым пра магчымыя практычныя перамовы з рэжымам, пра сцэнары, абмежаванні і тое, як гэты працэс увогуле можа выглядаць.
27 верасня, менш чым праз два тыдні, адбываецца другая сустрэча з Кэмпбэлам, ужо ў Вашынгтоне.
Каб было зразумела: першы намеснік дзяржсакратара ЗША — адзін з найвышэйшых чыноўнікаў амерыканскай дыпламатыі. І дзве працяглыя сустрэчы за два тыдні — гэта не звычайная ветлівасць, а пацвярджэнне таго, што мы тады вельмі інтэнсіўна абмяркоўвалі канкрэтныя дэталі гуманітарнага трэка, магчымыя крокі з боку ЗША, санкцыі, стымулы для перамоў і ўмовы, пры якіх можна было б дамагчыся вызвалення людзей.
Я не буду раскрываць усіх дэталяў гэтых размоў. Не ўсё яшчэ можна агучваць публічна. Але магу сказаць адназначна: у верасні 2024 года ішлі вельмі шчыльныя кансультацыі менавіта пра практычныя механізмы вызвалення палітвязняў.
Так, тагачасныя прапановы ў некаторых дэталях адрозніваліся ад таго, што мы ўбачылі ў 2025—2026 гадах. Але сама логіка гуманітарнага трэка і пошуку дамоўленасцяў ужо тады была сфарміраваная.
10. У лістападзе 2024 года мы зноў сустракаемся з Крысам Смітам у Берліне. У снежні я асабіста еду ў Вашынгтон, сустракаюся з Крысам, а таксама з дырэктарам Майклам Карпэнтэрам у Белым доме.
5 снежня ў Вільні праходзіць другі раўнд Стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі пад сустаршынствам Ціханоўскай і Сміта. Палітвязні, дапамога сем'ям, рэабілітацыя вызваленых і гуманітарныя пытанні — асобная частка размоў.
Я тут нават не спрабую пералічыць усё, што адбывалася на еўрапейскім кірунку, дзе, лічу, амаль на кожнай сустрэчы ўздымалася пытанне палітвязняў, у тым ліку з Макронам, Трудо, Тускам, Метсолай і іншымі. Працавала і Кансультацыйная група Беларусь — ЕС.
Але адну рэч наконт ЕС і 2024 года адзначу асобна: Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі беларускім палітвязням быў створаны таксама ў 2024 годзе. Сёння ўсе ўжо ўспрымаюць яго як нешта звыклае: больш за 3 мільёны еўра дапамогі, 15 еўрапейскіх краін, рэальная дапамога вызваленым палітвязням, іх сем'ям, рэабілітацыя і лячэнне.
Але я добра памятаю, як яшчэ ў 2022 годзе мы ўпершыню абмяркоўвалі гэтую ідэю і атрымалі адмову. Нам казалі, што стварыць новы міжнародны фонд — гэта надзвычай складана, што патрэбныя новыя механізмы, працэдуры, фінансаванне. І тады дамагчыся гэтага не атрымалася.
Але ў 2024 годзе, калі ўжо пачалі ўзнікаць практычныя пытанні магчымых вызваленняў палітвязняў, калі людзі выходзілі па заканчэнні тэрмінаў ці іншых абставінах, мы зноў актывізавалі гэтую працу. Ціханоўская паехала ў Нарвегію, правяла перамовы з прэм'ер-міністрам і МЗС, і ўвесну было абвешчана пра стварэнне фонду з першым нарвежскім унёскам у 10 мільёнаў крон.
Я добра памятаю ўсе гэтыя «не, гэта складана», «не, гэта немагчыма», «так хутка гэта не робіцца». Але менавіта дзякуючы настойлівай адвакатыўнай працы Ціханоўскай і падтрымцы нарвежскіх партнёраў фонд усё ж такі быў створаны. І сёння ён дапамагае сотням беларусаў і беларусак. Гэта таксама канкрэтны вынік працы 2024 года.
Так, пасля перамогі Трампа на выбарах і падчас транзіту адміністрацый частка працэсаў запаволілася на пэўны час, што лагічна. Але былі напрацоўкі, кантакты, кансультацыі, людзі ў амерыканскай сістэме, як Крыс, якія разумелі сутнасць пытання і працягвалі ім займацца. Таму гуманітарны трэк і не давялося потым пачынаць з чыстага аркуша.
Вярнуся да яшчэ адной тваёй фразы. Ты пішаш, што выбар выглядаў як «зніжэння ціску» супраць «яно неяк складзецца».
Але гэта вельмі спрошчанае апісанне таго, што адбывалася. Бо ў рэальнасці мы якраз і шукалі спосабы вызваляць людзей цяпер, а не пасля нейкай гіпатэтычнай перамогі. І адначасова разумелі, што трэба думаць пра тых, хто застаецца за кратамі, пра новыя арышты, пра тое, каб кожнае вызваленне не суправаджалася новай хваляй рэпрэсій.
Таму дыскусія пра санкцыі і пра тое, якія крокі могуць быць зробленыя ў адказ на вызваленні, — гэта не выбар паміж чалавечым жыццём і нейкімі абстрактнымі прынцыпамі. Гэта складаная размова пра тое, як дамагчыся вызвалення людзей і пры гэтым не стварыць умоў, пры якіх рэжым будзе проста набіраць новых закладнікаў.
І, дарэчы, гэтыя пытанні мы таксама абмяркоўвалі з амерыканцамі яшчэ ў 2024 годзе. Пра 2025—2026 гады ўжо гаварылася значна больш. Адзначу толькі, што я непасрэдна ўдзельнічаў ва ўсіх сямі вызваленнях, пра якія мы цяпер гаворым. Мы сустракаліся з амерыканскімі дэлегацыямі, дапамагалі арганізоўваць прыём вызваленых людзей, сустракалі нашых герояў і гераінь у Вільні, Варшаве і Украіне.
Таму для мяне гэта не нейкая абстрактная палітычная дыскусія пра заслугі. Я бачыў гэты працэс на ўласныя вочы, удзельнічаў у ім і вельмі асабіста перажываў кожнае вызваленне. Кожнае з іх было сапраўдным шчасцем. І адначасова болем за тых, хто застаўся ў палоне.
І менавіта таму мяне здзіўляе твая версія таго, што адбывалася напярэдадні гэтых вызваленняў і хто над імі працаваў.
Ты вельмі слушна пішаш, што «людзі не абавязаныя быць для вас зручнымі, каб працаваць на вынік».
Я цалкам згодны. І хацеў бы, каб гэты прынцып працаваў ва ўсе бакі.
Бо Ціханоўская і яе каманда таксама не абавязаныя быць камусьці палітычна камфортнымі, каб наша праца прызнавалася.
Я ніколі не буду сцвярджаць, што вызваленне палітвязняў — гэта выключная заслуга Ціханоўскай, нашага Офіса ці нейкай адной структуры. Гэта было б няпраўдай.
Перадусім, вядома, гэта велізарная праца амерыканцаў — Джона Коўла, Крыса Сміта і іншых прадстаўнікоў адміністрацыі і дыпламатаў, якія непасрэдна займаліся перамовамі. Гэта праца сенатараў, кангрэсменаў, еўрапейскіх партнёраў, праваабаронцаў, сем'яў палітвязняў, грамадскіх ініцыятыў. І, безумоўна, саміх палітвязняў, чыя мужнасць і стойкасць увесь гэты час не давалі свету забыцца пра Беларусь.
Але гэтак жа несправядліва выкрэсліваць з гэтай гісторыі Святлану і яе каманду.
Нельга прадстаўляць вынікі 2025—2026 гадоў так, нібыта да гэтага ніхто нічога не рабіў і ўсе проста чакалі перамогі над рэжымам.
Я магу адказаць за кожнае сваё слова. У мяне захаваліся дакументы, храналогія, публічныя пацвярджэнні і значна больш інфармацыі, якую пакуль немагчыма раскрываць.
Можна па-рознаму ставіцца да Офіса і Святланы. Можна не пагаджацца наконт санкцый, перамоў, стратэгіі.
Можна крытыкаваць, спрачацца, прапаноўваць іншыя падыходы. Але гэта не падстава рабіць выгляд, што ўсёй гэтай працы не было.
Таму прапаную ўсё ж такі паважаць працу адзін аднаго і не падмяняць факты асабістымі ацэнкамі.
Бо ў гэтай гісторыі сапраўды важна не тое, хто атрымае больш палітычных дывідэндаў. Важна, што людзі выходзяць на свабоду. І што нам усім разам яшчэ трэба зрабіць вельмі шмат, каб выйшлі астатнія і не з'явіліся новыя», — напісаў Дзяніс Кучынскі.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары