Пісьменнік і экс-кандыдат у прэзідэнт апублікаваў у сваім фэйсбуку пранікнёны допіс, прысвечаны Дню памяці продкаў — Дзядам.

Дзяды. Сёння яны — гэта не толькі народная традыцыя, дзень памяці продкаў. Сёння яны — тое спрадвечнае, што яшчэ застаецца ад сапраўднай Беларусі, абрысы якой усё болей ілюзорныя.
Я не веру, што Беларусі не стане. Бо ведаю, што яна будзе. Калі нават згубіць, як ужо губляла, межы, ці страціць пракметы дзяржаўнасці, дык будзе сама ў сабе. І зноў знойдзе свае межы, як змяя новую скуру.
Генетычна яна — вельмі моцнае ўтварэнне. Менавіта таму як яе ні знішчаюць — знішчыць не могуць.
Тое, што цяпер адбываецца з намі, яшчэ нядаўна немагчыма было ўявіць. Яшчэ нядаўна, калі сыходзілі мае старэйшыя сябры, Караткевіч, Стральцоў, Быкаў, Барадулін, Бураўкін, Вярцінскі — як мне было шкада!
«Як заўчасна, — адчайна думаў я над іх магіламі, — як заўчасна!» А цяпер думаю, што ў час… І нават зайздрошчу ім: яны не бачаць таго, што невыносна бачыць…
Але трэба трываць. А каб трываць — помніць. Не забываць пра тое, што яны былі, аралі, сеялі, пісалі — і ты ім абавязаны. І проста мусіш рабіць тое, што ўмееш рабіць найлепей. Бо як у даўніне, гэтак і ў будучыні, толькі ў найлепшым яна невынішчальная — наша Беларусь.
Мне раптам стаў нямілы родны кут.
І я б забыў, што нарадзіўся тут,
Каб даў мне Бог забыць, каб разлюбіць даў сілы
Пагорак той, дзе продкавы магілы,
Дзе хутка ўжо і мне на Божы суд.
Я ведаю, што я на тым судзе
Скажу. Што я нікому і нідзе
Не здрадзіў, што ў крыві не вінаваты…
А Бог спытае: «Не прадаў ты брата?
Сястру сваю не кінуў ты ў бядзе?»
Я б адказаў, што не!.. Калі б Ён сілы даў
Змагчы той жах, што нада мной паўстаў,
Нянавісць, што, як пыл, любоў з зямлі змятае!..
Ён ведае, што я не прадаваў.
Я ведаю, чаму Ён так спытае.
Цяпер чытаюць
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
Каментары