Хакеіст «Нёмана»: мяне ўкусіў клешч — з не вельмі добрымі наступствамі
Хакеіст «Нёмана» Герман Паддубны паўтара месяца не гуляў праз укус кляшча: «Хочацца як мага хутчэй усё гэта забыць».

Нападнік гродзенскага «Нёмана» Герман Паддубны расказаў, што ўкус кляшча меў для яго сур’ёзныя наступствы і надоўга пакінуў па-за гульнёй. Аднаўленне далося цяжка: з часам ён нават не хацеў глядзець хакей, піша BetNews.
Паддубны не гуляў з 12 верасня. Пра прычыну працяглай паўзы ён расказаў у інтэрв’ю пасля вяртання:
«Усё проста. Мяне ўкусіў клешч, і ўсё пайшло з не вельмі добрымі наступствамі. Вялікае нешанцаванне. Лёс, ці што?» — сказаў хакеіст.
На пытанне, дзе ён мог падчапіць кляшча, Паддубны адказаў, што ездзіў катацца на квадрацыклах. Аднак падрабязна абмяркоўваць тое, што адбылося, не захацеў.
«Здарыўся няшчасны выпадак. Шчыра, не хачу пра гэта гаварыць… Хочацца як мага хутчэй усё гэта забыць».
Якія менавіта праблемы са здароўем узніклі пасля ўкусу, спартовец не ўдакладніў.
Большую частку гэтага часу ён аднаўляўся і толькі некалькі разоў прыходзіў паглядзець хатнія матчы.
«Так, цяжка, калі шчыра. З часам нават глядзець не хацелася, таму што хочацца гуляць, удзельнічаць, дапамагаць», — прызнаўся Паддубны.
Дадавала перажыванняў і тое, што клуб разлічваў на яго як на аднаго з лідараў.
«Разумею, што клуб і трэнерскі штаб ускладаюць надзеі на тое, што я буду лідарам, павяду каманду наперад. І гэта няпроста, калі вось так, праз няшчасны выпадак, вылятаеш».
Пасля вяртання на лёд Паддубнаму яшчэ цяжка вытрымліваць высокі тэмп. Ён кажа, што можа прымаць шайбу, аддаваць перадачы і кідаць, але хуткасць яшчэ трэба набіраць.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары