Свет22

Нашчадак яўрэяў са Слуцка, якога называюць магчымым сапернікам Вэнса на будучых прэзідэнцкіх выбарах ЗША: хто такі Джон Осаф

39‑гадовы дэмакрат Джон Осаф 3 лістапада пераабраўся ў Сенат ЗША ад Джорджыі. Ён набраў каля 59% галасоў супраць 41% у рэспубліканца Майка Колінза. Яго ўжо называюць магчымым кандыдатам у прэзідэнты ў 2028 годзе, хоць сам ён адмаўляе такія планы.

Джон Осаф, 13 кастрычніка 2026 года. Фота: Megan Varner / Getty Images

Дэмакраты на выбарах 3 лістапада вярнулі сабе кантроль над абедзвюма палатамі Кангрэса ЗША. Сярод пераможцаў — 39‑гадовы сенатар ад Джорджыі Джон Осаф. Ён пераабраўся на другі шасцігадовы тэрмін.

Шырокую вядомасць Осаф атрымаў яшчэ ў 2021 годзе, калі ў 33 гады стаў наймаладзейшым сенатарам ЗША і першым прадстаўніком пакалення міленіялаў у верхняй палаце Кангрэса. Ён таксама стаў першым сенатарам яўрэйскага паходжання ад Джорджыі і першым яўрэем, абраным у Сенат ад штатаў так званага Глыбокага Поўдня з 1974 года. Осаф дагэтуль застаецца самым маладым членам Сената.

20 студзеня 2021 года, калі палітык упершыню прысягаў у Капітоліі, ён прынёс з сабой некалькі незвычайных аркушаў паперы.

«Сёння, калі я прымаў прысягу, у кішэні майго пінжака ляжалі копіі карабельных маніфестаў, складзеных на востраве Эліс-Айлэнд, калі ў 1911 годзе ў ЗША прыбыў мой прадзед Ізраіль, а ў 1913‑м — мая прабабуля Эні. Праз стагоддзе іхні праўнук быў абраны ў Сенат ЗША», — напісаў палітык у сацыяльных сетках.

Да допісу ён прыклаў фатаграфіі дакументаў. На адным з іх можна разабраць імя Israel Osshowsky. Менавіта так калісьці пісалася прозвішча ягоных продкаў, якое пазней у Амерыцы ператварылася ў Ossoff.

Са Слуцка праз Вільню ў Масачусэтс

Паводле генеалагічнага дрэва ў базе FamilySearch, каля 1853 года ў Слуцку нарадзіўся Гірш Асоўскі, прапрадзед будучага сенатара. Памёр ён у 1908 годзе ў Вільні. У метрычнай кнізе памерлых захаваўся запіс, у якім Гірш названы «слуцкім мяшчанінам».

Запіс пра смерць Гірша Асоўскага ў метрычнай кнізе за 1908 год.

Праз тры гады пасля смерці Гірша ягоны сын Ізраіль выправіўся ў Злучаныя Штаты. У 1913 годзе да яго далучылася жонка Эні. Яны былі часткай вялікай хвалі яўрэйскай эміграцыі з Расійскай імперыі ў Амерыку.

Сям'я пасялілася ў горадзе Пібадзі непадалёк ад Бостана, дзе працавала шмат гарбарных прадпрыемстваў, якія давалі працу мігрантам. У пасведчанні пра нараджэнне іхняга сына Хаймана, які з'явіўся на свет 13 красавіка 1918 года, прафесіяй Ізраіля пазначаны цясляр. Пазней ён займаўся перавозкай скураных вырабаў, а сям'я адкрыла ўласную аўтамайстэрню і заправачную станцыю

Запіс пра нараджэнне Хаймана Осафа, дзеда будучага сенатара. 13 красавіка 1918 года, Пібадзі, штат Масачусэтс. У дакуменце пазначаныя імёны бацькоў і іх паходжанне з Расійскай імперыі.

Хайман, будучы дзед Джона Осафа, падчас Другой сусветнай вайны служыў у амерыканскай авіяцыі бамбардзірам на самалёце B-24 у Ціхім акіяне. Пасля вайны ён разам з братамі стварыў кампанію па гандлі скурай, а пазней яны набылі гарбарнае прадпрыемства.

Дзяцінства ў Атланце і ліст вядомаму палітыку

Томас Джонатан Осаф нарадзіўся 16 лютага 1987 года ў Атланце — сталіцы штата Джорджыя на паўднёвым усходзе ЗША.

Ягоны бацька Рычард Осаф працаваў у вядомай кансалтынгавай кампаніі McKinsey, а пасля заняўся ўласным выдавецкім бізнэсам. Маці Хізэр Фентан нарадзілася ў аўстралійскім Сіднэі і пераехала ў Амерыку ў 23 гады. Яна таксама працавала ў сферы кансалтынгу і займалася грамадскай дзейнасцю, дапамагаючы жанчынам рабіць палітычную кар'еру.

Хоць маці Джона не была яўрэйкай, хлопчык выхоўваўся ў яўрэйскіх традыцыях. Ён наведваў рэлігійную школу, а перад бар-міцвай — абрадам яўрэйскага паўналецця — афіцыйна прыняў юдаізм.

У студзені 2021 года Осаф прысягаў у Сенаце на кнізе яўрэйскага Святога Пісання, якая належала рабіну Джэйкабу Ротшыльду. Той быў вядомым змагаром супраць расавай сегрэгацыі і паплечнікам Марціна Лютэра Кінга. У 1958 годзе белыя расісты ўзарвалі сінагогу ў Атланце, дзе служыў рабін. Менавіта ў гэтай сінагозе праз некалькі дзесяцігоддзяў праходзіла бар-міцва Осафа.

Палітыкай будучы сенатар зацікавіўся яшчэ школьнікам. Ва ўзросце 17 гадоў ён прачытаў аўтабіяграфію Джона Льюіса — аднаго з найвядомейшых амерыканскіх змагароў за грамадзянскія правы цемнаскурага насельніцтва. Льюіс быў паплечнікам Марціна Лютэра Кінга, удзельнічаў у маршах пратэсту ў 1960‑я гады, а пазней шмат гадоў працаваў у Кангрэсе.

Кніга настолькі ўразіла хлопца, што ён напісаў аўтару ліст з просьбай узяць яго на працу. На ягонае здзіўленне, палітык адказаў і запрасіў школьніка на стажыроўку ў свой офіс у Вашынгтоне.

Менавіта па рэкамендацыі Льюіса ён пасля пачаў працаваць у Кангрэсе памочнікам іншага дэпутата ад Джорджыі, займаючыся пытаннямі бяспекі і замежнай палітыкі. Паралельна вучыўся ў Джорджтаўнскім універсітэце, а магістарскую ступень атрымаў у Лонданскай школе эканомікі.

У 2013 годзе 26‑гадовы Осаф узначаліў лонданскую кампанію Insight TWI, якая рабіла журналісцкія расследаванні для тэлебачання, у тым ліку BBC. Яе фільмы былі прысвечаныя карупцыі, ваенным злачынствам «Ісламскай дзяржавы» і дзейнасці эскадронаў смерці ва Усходняй Афрыцы.

Самая дарагая параза

У 2017 годзе, калі Осафу было 30 гадоў, ён упершыню вырашыў сам балатавацца ў Палату прадстаўнікоў Кангрэса ЗША. Ён вылучыўся ад Дэмакратычнай партыі ў акрузе, дзе на працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў перамагалі рэспубліканцы. Выбарчая кампанія праходзіла неўзабаве пасля першай перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах і прыцягнула ўвагу ўсёй краіны.

Малады дэмакрат здолеў сабраць больш за 23 мільёны долараў ахвяраванняў на сваю кампанію. Разам з выдаткамі суперніцы і незалежных арганізацый агульны кошт выбарчай барацьбы перавысіў 50 мільёнаў долараў — на той момант гэта былі самыя дарагія выбары ў Палату прадстаўнікоў у гісторыі ЗША.

Аднак Осаф усё ж прайграў: ягоная суперніца атрымала каля 52% галасоў, ён — 48%. Тым не менш менавіта тады малады палітык атрымаў агульнанацыянальную вядомасць.

У 2020 годзе ён зноў пайшоў на выбары, гэтым разам у Сенат. Ягоным супернікам быў дзейны сенатар ад Рэспубліканскай партыі. Барацьба расцягнулася на два месяцы: у лістападзе ніводзін з кандыдатаў не набраў неабходнай большасці галасоў, таму ў Джорджыі прызначылі паўторнае галасаванне на 5 студзеня 2021 года. На ім Осаф перамог з перавагай прыкладна ў 55 тысяч галасоў.

Скандальная рэклама рэспубліканца Дэвіда Пердзью падчас выбарчай кампаніі ў Сенат у 2020 годзе. Злева — лідар дэмакратаў у Сенаце Чак Шумер, справа — Джон Осаф, якому на здымку штучна павялічылі нос. Рэклама абвінавачвала дэмакратаў у спробе «купіць Джорджыю». Осаф назваў гэта выкарыстаннем антысеміцкіх стэрэатыпаў. Пасля скандалу штаб Пердзью выдаліў рэкламу, патлумачыўшы скажэнне здымка тэхнічнай памылкай. Фота: Wikimedia Commons

З будучай жонкай Алішай Крамер, акушэркай-гінеколагам, палітык пазнаёміўся, яшчэ калі яны былі падлеткамі. Яны сустракаліся 12 гадоў і ажаніліся ў 2018-м. Цяпер у пары дзве дачкі, якім 5 і 1 год.

Джон Осаф з будучай жонкай Алішай Крамер падчас выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ў 2017 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Ад мемаў да мільённых праглядаў

Пасля першай перамогі Осафа ў Сенат у інтэрнэце нечакана сталі папулярнымі яго старыя допісы ў Twitter. У 2012—2014 гадах будучы сенатар абмяркоўваў «Зорныя войны», захапляўся гуртом Imagine Dragons і дзяліўся анімэ-версіяй мюзікла «Знядоленыя» (Les Misérables).

Некаторыя яго допісы ператварыліся ў мемы, а амерыканскае выданне Politico прысвяціла ягоным старым твітам асобны артыкул.

Але сацсеткі сталі для Осафа не толькі крыніцай мемаў, але і важным інструментам палітычнай кампаніі. Яшчэ ў 2020 годзе ён актыўна выкарыстоўваў TikTok, каб звяртацца да маладзейшых выбаршчыкаў.

У Сенаце Осаф засяродзіўся на барацьбе з карупцыяй, расследаванні парушэнняў правоў чалавека і злоўжыванняў у дзяржаўных установах. У прыватнасці, ён ініцыяваў расследаванні сэксуальнага гвалту ў амерыканскіх федэральных турмах, неналежнага абыходжання з дзецьмі ў сістэме дзяржаўнай апекі і ўмоў утрымання людзей у іміграцыйных ізалятарах.

Некалькі ягоных заканадаўчых ініцыятыў, падтрыманых прадстаўнікамі абедзвюх партый, сталі законамі. Сярод іх — рэформа кантролю за федэральнымі турмамі і патрабаванні палепшыць сістэмы відэаназірання ў іх.

Падчас другога прэзідэнцтва Дональда Трампа Осаф стаў адным з найбольш заўважных ягоных крытыкаў у Дэмакратычнай партыі.

У кампаніі 2026 года сенатар рэгулярна крытыкаваў карупцыю ў атачэнні прэзідэнта, ягоныя эканамічныя рашэнні і вайну з Іранам. Кароткія відэа з выступамі Осафа набіралі мільёны праглядаў у сацыяльных сетках.

На перавыбранне ён здолеў сабраць больш за 100 мільёнаў долараў, стаўшы адным з найбольш паспяховых дэмакратычных кандыдатаў паводле збору ахвяраванняў.

Ягоная перамога ў Джорджыі аказалася асабліва важнай для партыі: у 2024 годзе гэты штат падтрымаў Дональда Трампа, але праз два гады дэмакрат Осаф перамог тут з вялікім адрывам. Пасля гэтага ягонае імя яшчэ часцей сталі згадваць сярод магчымых кандыдатаў ад Дэмакратычнай партыі на прэзідэнцкіх выбарах 2028 года.

У жнівеньскім апытанні Emerson College Осаф у гіпатэтычным супрацьстаянні з цяперашнім віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Дзі Вэнсам атрымаў 49% падтрымкі супраць 44% у рэспубліканца. Праўда, гэта толькі адно апытанне, а да выбараў яшчэ два гады.

Сам Осаф на дэбатах у кастрычніку заявіў, што не мае ніякай цікавасці да прэзідэнцтва і мае намер адпрацаваць увесь другі шасцігадовы тэрмін у Сенаце.

Каментары2

  • Eryn
    05.11.2026
    Только в Вики он говорит, что его родственники спасались от погромов и поэтому уехали. Это правда? Были погромы в Слуцке и этой деревне под Слуцком?
  • мда
    05.11.2026
    Як ён можа працаваць на антысемітаў?

Цяпер чытаюць

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну45

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі санаторый аб'явіў пра зніжкі для ўдзельнікаў расійскай «СВА». А пасля перадумаў5

Частку Лоеўскага раёна перададуць у склад Гомельскага

Самалёт з паплечнікамі Аляксандра Вучыча, якія ляцелі ў Маскву, развярнулі над Літвой назад1

Пуцін узнагародзіў дзеяча РПЦ з Беларусі на расійскі «Дзень народнага адзінства»3

Чаму Дзмітрыя Скіндзерава высылаюць з Літвы? На гэта ёсць пяць прычын12

У Францыі ідзе змаганне за спадчыну Брыжыт Бардо. Мужчына, з якім яна жыла апошнія 30 гадоў, застаецца ні з чым

Кітай збіраецца пабудаваць першы ў свеце плывучы востраў1

На трасе М-1 затрымалі беларуса, які вёз больш чым 50 кілаграмаў насваю

«Газпрам Цэнтр» у Мінску збіраюцца дабудаваць да канца наступнага года4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну45

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць