«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
2 лістапада паведамленні пра «катоўню» ў падвале пад Кіевам сабралі натоўп, які ўзяў у аблогу пункт часовага размяшчэння Нацгвардыі. Журналісты-расследавальнікі высветлілі, што насамрэч там расійскія спецслужбы зманіпулявалі так званай «групай хуткага рэагавання», якая за грошы дапамагае ўкраінскім мабілізаваным пазбегнуць службы.

Удзень 2 лістапада у сацсетках пачалі разыходзіцца відэа і заявы, што ў сяле Петрапаўлаўская Баршчагоўка на Кіеўшчыне узброеныя людзі нібыта ўтрымліваюць у падвале прыватнага дома каля 40 чалавек, а адзін з іх загінуў. Гучала слова «катоўня», а таксама заявы пра мужчыну са зламаным хрыбтом. Галоўным голасам гэтай версіі стала жанчына ў форме медыка, якая вяла стрым з машыны «хуткай» і расказвала пра чалавека, якога больш за месяц трымаюць пасля аперацыі.
Пасля гэтых паведамленняў каля дома сабралася прыкладна сотня чалавек, якія патрабавалі аддаць ім тых, каго там нібыта трымаюць. Паліцыя паведаміла, што там размешчаныя вайскоўцы аднаго з падраздзяленняў Нацгвардыі. а звесткі пра незаконнае ўтрыманне і смерць не адпавядаюць рэчаіснасці. У 1‑м корпусе НГУ «Азоў» дадалі, што гэта часовы пункт дыслакацыі вайсковай часці 3121, дзе знаходзяцца мабілізаваныя і дэзерціры, затрыманыя пасля самавольнага пакідання часці.
Аднак гэта не спыніла людзей. Натоўп разламаў плот і вароты, знішчыў транспарт паліцыі і не разышоўся нават пасля прыезду кіраўніка Офіса прэзідэнта Кірыла Буданава і камандуючага НГУ Аляксандра Піўненкі. Калі вайскоўцаў пачалі садзіць у аўтобус, людзі разгайдалі машыну і выбілі вокны, і вайскоўцам давялося вярнуцца — хоць гэта ўжо ўяўляла для іх небяспеку, бо аб'ект ужо стаў вядомы расійскім ракетчыкам.
Кадры ўражвалі: у Беларусі сілавікі адкрывалі агонь па грамадзянах у нашмат менш сур'ёзных сітуацыях, людзям давалі вялікія тэрміны зняволення за сімвалічныя выспяткі па транспарце сілавікоў. Тут жа — напад на транспарт вайскоўцаў падчас ваеннага становішча.

Высветліць, што адбылося насамрэч, узяліся журналіст Васіль Пяхнё і маёр УСУ, палітолаг Андрэй Ткачук у спецэфіры YouTube-канала «Третя світова». Пяхнё прааналізаваў відэа з месца падзей, публікацыі СМІ і даныя рэестраў. Ткачук сцвярджае, што змог паразмаўляць з трыма ананімнымі крыніцамі ў праваахоўных органах, СБУ і корпусе «Азоў».
Як усё пачыналася
Прыкладна а 13-й, расказвае Ткачук, на тэрыторыю будынка паспрабавала трапіць невялікая падрыхтаваная група — каля дзесяці чалавек з камерамі, «сілавым блокам» і адвакатам. У сетцы абвінавачвалі вайскоўцаў у тым, што яны трымаюць людзей у прыватным доме, але, падкрэслівае маёр, будынак часць арандуе паводле дамовы, таму ён па статусе прыраўноўваецца да вайсковага гарадка.
Каля 13:30 гісторыя пра «катоўню» зʼявілася ў буйных украінскіх Telegram-каналах. Праз 17 хвілін, як высветлілі OSINT-аналітыкі, яна ўзарвала расійскі сегмент сеткі, куды імгненна падключыліся і боты. Такая хуткасць можа сведчыць пра тое, што сюжэт быў падрыхтаваны загадзя. Паміж 14‑й і 16‑й гадзінамі вайскоўцы звярталіся ў мясцовую і абласную паліцыю, але дапамогі не атрымалі.
Пад вечар у жывы эфір TikTok выйшла жанчына ў медыцынскай форме. Ужо гэта, іранізуе Пяхнё, выглядае дзіўна: медыкі, якія прыехалі на выклік, звычайна стрымаў не вядуць. Жанчына назвала адрас, заявіла пра «катоўню» і ўкленчыла перад паліцэйскімі, просячы «вызваліць» «збітых хлопцаў». Жанчыну пазней ідэнтыфікавалі: яе зваць Валянціна Маладая. Пра яе — ніжэй.
Да дома пачалі збірацца людзі. Большасць якіх, мяркуе Пяхнё, проста дзейнічалі пад уплывам эмоцый. Менавіта яны перакульвалі машыны і кідалі камяні ў вайскоўцаў, сярод якіх, як падкрэсліваюць расследавальнікі, былі людзі, што прайшлі «Азоўсталь» і расійскі палон.
Адзін чалавек унутры
Навошта ўсё гэта было патрэбна? Ткачук кажа, што адказ трэба шукаць у будынку. Там, па яго інфармацыі, знаходзіўся мужчына, які з 2014 года жыў у акупаваным Данецку, потым пераехаў на падкантрольную Украіне тэрыторыю, быў мабілізаваны, пакінуў часць, але яго знайшлі і вярнулі. Ён меў тэлефон і перадаў звесткі вонкі. Выратаванне, сцвярджае маёр, замовіла яго маці, якая жыве ў Данецку.
Выканаўцамі ён называе так званую групу хуткага рэагавання, якая дапамагае мужчынам пазбягаць службы. Гэта такі спецыфічны бізнэс ваеннага часу ва Украіне. У такой групе звычайна ёсць адвакат, чалавек з камерай, некалькі дужых хлопцаў і хтосьці для публічнай ролі.
Пра падрыхтоўку, дадае Ткачук, сведчыць і тое, што кіроўца машыны, які не мае дачынення да медыцыны, тры дні вёў разведку вакол будынка. Тут вядучыя спасылаюцца на заяву Буданава, які ў той жа дзень расказаў пра такую разведку.
Што за жанчына?
Жанчына са стрыму — 49‑гадовая Валянціна Маладая. На відэа яна назвалася доктаркай і ўладальніцай кампаніі «Мед-престыж», але журналісты высветлілі, што гэтая служба не працуе з 2023 года, а «хуткую», на якой яна прыехала, уладальнік фірмы прадаў яшчэ ў 2024-м. Насамрэч Маладая працуе ў клініцы пластычнай хірургіі, а пры сабе мела яшчэ і пасведчанне журналісткі-расследавальніцы.

Гэта ўжо не першая гучная акцыя Маладай. Як высветлілася, яшчэ ў 2020 годзе яна арганізоўвала ў Львове мітынг пад домам дырэктара рэжысёрскай школы, якога абвінавачвала ў педафіліі, але гэтыя абвінавачанні не пацвердзіліся. Апошнім часам яна перайшла да палітыкі: у TikTok заклікала да «Майдану 2.0» і адстаўкі ўлады, хадзіла на акцыі «за мір», а ў кастрычніку, як пішуць медыя, спрабавала сабраць у Кіеве пратэст з прарасійскім следам.
Побач з Маладай на відэа быў мужчына ў форме медыка, у якога журналісты таксама не знайшлі медыцынскай адукацыі. Яшчэ адну трансляцыю вёў блогер Андрэй Рачок, які сцвярджаў, што прыехаў на запрашэнне «медыкаў». Яго называюць паплечнікам Астапа Стахова, вядомага праціўніка мабілізацыі.
Ці была катоўня
Галоўнае пытанне застаецца: катавалі ў будынку людзей ці не? Пехньо цэлы дзень шукаў у сетцы доказы, але знайшоў толькі кадры з «хуткай», дзе сядзяць трое мужчын. У аднаго сіняк, у другога паранены палец, а трэці, пра нібыта зламаны хрыбет якога заяўляла Маладая, зайшоў у машыну сам.
Як усё адбывалася, Ткачук расказвае са слоў людзей з будынка і медустановы Нацыянальная гвардыя Украіны. Псеўдамедыкі патрабавалі аддаць ім «паламаных хлопцаў», але «Азоў» адмовіўся і выклікаў уласных медыкаў. Іх машыны не прапусцілі, аднак яны ўсё ж агледзелі людзей і вылучылі чатырох для дадатковага абследавання. Мужчына, якога выдавалі за чалавека са зламаным хрыбтом, паводле маёра, насамрэч меў загноеную пасляаперацыйную рану. Урэшце чатырох адправілі ў шпіталь НГУ той самай «хуткай», але ў суправаджэнні нацгвардзейцаў.
З сіняком усё не так ясна. На адным з відэа мабілізаваны расказвае, што мужчына кінуўся яго душыць і атрымаў удар у адказ, але Ткачук прызнае, што не ведае, адкуль сіняк, і не выключае ўдару пры затрыманні. Вядучыя не адмаўляюць, што ў падраздзяленнях здараецца збіццё, і кажуць, што з такімі выпадкамі павінны разбірацца служба правапарадку і амбудсмен. Але сіняк, на іх думку, яшчэ не робіць месца катоўняй, тым больш што чалавек ведаў, куды яго прывезлі, і меў тэлефон, хоць гаворка пра дэзерціра.
Застаецца пытанне, навошта наогул трымаць людзей у такім доме. Вядучыя тлумачаць, што вайскоўцаў, якія самавольна пакінулі службу, шукаюць, затрымліваюць і вяртаюць у часць, а там вырашаюць, куды накіраваць кожнага, бо проста звольніць іх нельга. Сярод іх, прызнаюць яны, трапляюцца і тыя, хто ўцякае зноў і зноў або ўяўляе небяспеку для ўласнага падраздзялення.
Міністр унутраных спраў Іван Выгоўскі называе заявы пра «катоўню» і загінулых фэйкамі. Паводле яго, жанчына дзейнічала па просьбе сваячкі чалавека, які самавольна пакінуў часць. Намеснік кіраўніка СБУ Іван Рудніцкі паведаміў пра каля ста выяўленых актыўных удзельнікаў і назваў злачынства спланаваным.
Кіраўнік МУС Іван Выгоўскі пазней заявіў, што Валянціна Маладая разам з саўдзельнікам пад выглядам брыгады «хуткай дапамогі» за грошы аказвала паслугі па «вызваленні» мабілізаваных мужчын. Сама яна абвінавачанні адпрэчвае. 4 лістапада суд прыняў рашэнне аб узяцці яе пад варту.


«У Кіеве адбываецца суд над доктарам «Хуткай», якая вызваляла скалечаных людзей з катоўні «Азова» ў Кіеве», — пад капірку напісалі сёння пра гэта расійскія каналы.
Канчатковага слова яшчэ няма. Паходжанне траўмаў павінна ўстанавіць праверка, Дзяржаўнае бюро расследаванняў расследуе магчымае перавышэнне паўнамоцтваў вайскоўцамі, а МУС і вайсковы амбудсмен правяраюць умовы ўтрымання. Датычнасць Расіі да акцыі таксама будзе правярацца.
Каментары