Былы мэр Талачынскага раёна аднавіў з руінаў 200‑гадовую капліцу
Будаўнікі раілі ўсё знесці, а людзі падазравалі, што ён шукае скарб. Аляксандр Марэйка шэсць гадоў аднаўляў старую капліцу-пахавальню: сам разбіраў завалы, рабіў падлогу і вокны, купляў матэрыялы з пенсіі. Цяпер сюды прыязджаюць турысты, а па святах праходзяць набажэнствы, піша Onlíner.

На аднаўленне капліцы пайшло шэсць гадоў
Пачатак гэтай гісторыі нагадвае квэст. Да Аляксандра Марэйкі, калі ён яшчэ кіраваў Талачынскім раёнам, трапілі старадаўнія надмагільныя помнікі з капліцы-пахавальні князёў Хамянтоўскіх. У савецкі час грабніцы ўскрылі вандалы, якія шукалі каштоўнасці. Надмагільныя пліты расцягнулі. І дзве з іх — генералам Фёдару і Міхаілу Хамянтоўскім — нейкім чынам апынуліся на прыватным падворку ў Талачыне.
Уладальнікі ўчастка, знайшоўшы помнікі ў 2002 годзе, прыйшлі да старшыні райвыканкама па параду: што з імі рабіць? Марэйка распарадзіўся аддаць пліты ў ваенкамат. Вайскоўцы захоўвалі іх некаторы час, а потым перадалі ў мясцовы манастыр. Але і ў манастыры не ведалі, што з імі рабіць. Урэшце помнікі прывезлі ў двор да чыноўніка. Там яны ляжалі шмат гадоў.
Па горадзе хадзілі чуткі: «Во, Марэйка яшчэ пры жыцці сабе і жонцы помнікі прыдбаў».
Хамянтоўскія — старадаўні шляхецкі род у ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Чацвёра прадстаўнікоў сям'і сталі генераламі, двое — правадырамі павятовага дваранства, адзін — дэпутатам Дзяржаўнай думы ад Магілёўскай губерні. З пачатку XIX стагоддзя Хамянтоўскіх хавалі ў пахавальні каля радавога маёнтка Халепянка. Капліцу будавалі ў 1802—1823 гадах. Пасля рэвалюцыі мясцовыя жыхары разрабавалі сядзібу. Помнікі з княжацкай пахавальні забралі для будаўнічых патрэб.
Выйшаўшы на пенсію, Аляксандр вырашыў вярнуць помнікі на гістарычнае месца — у Халепянку, радавы маёнтак Хамянтоўскіх. Цяпер на месцы шляхецкай сядзібы знаходзіцца вёска Равучча. Ад сядзібных пабудоў там засталіся толькі руіны 200‑гадовай фамільнай капліцы-пахавальні. Калі Марэйка прыехаў сюды на «разведку», то ўбачыў сумную карціну. Званіца ўпала на дах, дах — на столь, столь — на падлогу, падлога — у падвал…

Унутры — горы смецця, трапіць у будынак можна было толькі праз выбітыя вокны.
Аляксандр запрасіў будаўнікоў — параіцца. Ці можна капліцу аднавіць? Тыя сказалі: «Лягчэй усё знесці і пабудаваць новае». Але мужчына вырашыў: не дасць будынку канчаткова разбурыцца.
— У мяне прачнуўся грамадзянскі абавязак, — тлумачыў свой намер Аляксандр. — Я ж чацвярых унукаў выхоўваю, і яны спытаюць: «Дзед, вось ты пражыў жыццё, а што ты зрабіў?»
Са студзеня 2018 года Марэйка пачаў ездзіць да руін амаль кожны дзень. Праз шэсць гадоў, у 2024-м, скончыў рэканструкцыю.

«Працягваць прымушала само жыццё»
Цяпер, калі абноўленая капліца ўпрыгожвае пагорак над ракой Крывой, Аляксандр успамінае, што самым складаным было пачаць.
— Я сумняваўся: «Рабіць? Не рабіць?» Вакол маёй задумы хадзіла шмат здагадак. Адны падазравалі, што я шукаю скарб або атрымліваю грошы ад нашчадкаў князёў Хамянтоўскіх. Іншыя пыталіся: «Навошта табе гэта трэба?» Мала хто разумеў, што праца ў цішыні на прыродзе — для мяне аддушына, а таксама даніна памяці продкам.
Найперш мужчына расчысціў дарогу да капліцы. Каб прабіцца праз буралом, пайшла амаль уся зіма. Затым разабраў завалы ў будынку, спілаваў паблізу аварыйныя дрэвы.
— Дрэвы вялікія, цяжкія! А я працаваў зусім адзін! Гэта было настолькі небяспечна, вы сабе не ўяўляеце! Дарогі да капліцы не было ўвогуле, суцэльны буралом. Давялося прасякаць праход, каб завезці матэрыялы і помнікі Хамянтоўскім. Але паступова ўцягнуўся, справа пайшла. Людзі — і мясцовыя, і прыезджыя — убачылі, што ўсё сур'ёзна, і пачалі мне верыць. А далей само жыццё прымушала працягваць.

Аляксандр з самага пачатку вырашыў: лічыць выдаткі і час не будзе.
— Калі пачнеш падлічваць — што-небудзь ды пачне грызці, справа спыніцца. Да таго ж грошы сыходзілі не за адзін раз, а патроху: з адной пенсіі, з другой, з трэцяй… Вельмі выручалі старыя будматэрыялы. Напрыклад, пачую, што недзе разбіраюць ферму, — з'езджу, папрашу. Людзі ахвотна адгукаліся.
Праз тры гады, у 2021-м, Аляксандр паставіў над капліцай новы дах. Фірма з Мінска ахвяравала на яго 5 тысяч даляраў.
— Вялізны дзякуй кіраўніку гэтай кампаніі Дзмітрыю Зайцу — ён нават асабіста прыязджаў на месца, каб ацаніць маштаб работ і дапамагчы. З дахам давялося папацець: трэба было правільна разлічыць канструкцыю, як класці кроквы і бэлькі.

Вокны, столь, падлогу Марэйка рабіў сам, патроху. Але адгукаліся і спонсары.
— Унутры капліцы планаваў тынкаваць сцены, але ад часу цэгла зусім рассыпалася, тынкоўка не трымалася. Спрабаваў мацаваць сетку на дзюбелі — усё валілася. Але выйсце знайшлося: зрабіў фальшсцяну, пафарбаваў — і ўжо на ёй надзейна замацаваў іконы. Уставіў новыя вокны. Столь зрабіў простую і акуратную — са звычайных пластыкавых панэляў. Заслаў падлогу. Сухую абразную дошку для яе далі эстонцы, уладальнікі прыватнай лесапільні ў Віцебску. Здавалася б, людзі далёкія ад нашай культуры, што ім нейкая там капліца пад Талачыном? Але яны выслухалі маю гісторыю, сказалі: добрую справу робіце, дапаможам. А Віцебскі маслаэкстракцыйны завод выручыў тэхнікай: даў трактар, каб прывезці дошкі.
Нарэшце Аляксандр паставіў дзверы — і на гэтым унутраныя работы скончыліся.

У капліцы па святах праходзяць службы
Будаўніцтва ўжо няма, але Марэйка ўсё роўна кожны тыдзень ездзіць у Равучча.
— Добраўпарадкоўваю тэрыторыю побач з капліцай, падтрымліваю там парадак. Прывёз сюды добрай зямлі і пасеяў газон. Кожныя дзесяць дзён кашу яго газонакасілкай, не трымерам — каб выглядаў дагледжана. Пару разоў на год вязу з сабой пыласос, парагенератар і раблю генеральную ўборку ў капліцы.
Спачатку валанцёр устанавіў каля капліцы чатыры помнікі: генералам Фёдару і Міхаілу Хамянтоўскім, жонцы Міхаіла — Лізавеце Хамянтоўскай, а таксама іх сыну, сапраўднаму стацкаму саветніку Паўлу Хамянтоўскаму.
Пазней, падчас расчысткі завалаў, Аляксандр прастукваў зямлю ломам і знайшоў закінутую магілу. Глыбока ў зямлі ляжаў помнік яшчэ адной прадстаўніцы роду — Вользе Хамянтоўскай. Так каля сямейнай пахавальні з'явіўся пяты пастамент.
Галоўную сцяну ў капліцы ўпрыгожваюць іконы, лампады.

Мясцовых жыхароў у вёсцы Равучча амаль не засталося: усяго шэсць чалавек у чатырох дамах. Таму службы ў капліцы праходзяць толькі па вялікіх святах — напрыклад, на Вадохрышча. Прыязджае святар, збіраюцца вернікі з розных мясцін — і абноўленая каплічка ажывае малітвай.
У капліцу прыязджаюць турысты
Дзіўна, але ў маленькую вёсачку Равучча, якая згубілася сярод палёў і лясоў, пачалі прыязджаць турысты. Людзі чытаюць у інтэрнэце пра адноўленую з руін капліцу і хочуць убачыць яе на свае вочы. Аляксандр Марэйка стараецца, каб гасцям тут было камфортна.
— Капліца стаіць на ўзвышшы, а ўнізе цячэ рэчка Крывая. Турысты сплаўляюцца па ёй у бок Друці. Я зрабіў для іх на пагорку зручны спуск да вады. Нарыхтоўваю таксама дровы, каб яны на прывале спакойна распалілі вогнішча, а не шукалі ў цемры галлё. Хутка яшчэ і альтанку пастаўлю: турысты змогуць там адпачываць. Ведаеце, калі людзі бачаць, што да іх па-добраму ставяцца, яны і самі адказваюць тым жа: нічога не ламаюць, не смецяць, падтрымліваюць парадак.
У капліцу можа зайсці кожны ахвотны: замок тут самы просты, на зашчапку. Аляксандр устанавіў менавіта такі, бо ключ згубіцца ў два рахункі.
— Людзі бачаць, што капліца адкрытая, і заходзяць унутр. Часам нават пакідаюць ахвяраванні. Вялізны дзякуй усім: на гэтыя грошы я запраўляю машыну. Дарэчы, хоць капліца адкрытая для ўсіх, за ўвесь час ніякіх надзвычайных здарэнняў не было. Запомніўся толькі адзін выпадак. Неяк увосень прыехаў на месца, а ў капліцы спіць мужчына. Ён прыехаў з Барысава на веласіпедзе і моцна запазніўся. На вуліцы сыра і холадна, распальваць вогнішча не было ні часу, ні сіл. Вось і пераначаваў у капліцы — у спальным мяшку. Расказаў мне, што прагаладаўся і еў сыры гарбуз з агарода. Раніцай устаў і паехаў на станцыю.
Недалёка ад капліцы цячэ крыніца. Гісторыя ў яе дзіўная. Яшчэ ў XVII стагоддзі тут стаяў храм, пабудаваны князямі Хамянтоўскімі. У савецкія гады царкву знеслі, і, паводле паданняў, проста з-пад яе падмурка забіла крыніца.
— Крыніца і сёння жывая. Я прывёз сюды матушку Анфісу. Яна і падказала: тут абавязкова трэба паставіць крыж. Знайшоў прыдатны, і мы яго з унукамі паставілі. За гэтым месцам я таксама даглядаю: абклаў крыніцу камянямі, паставіў агароджу, пасадзіў кветкі, выкошваю траву.

Месца сілы
Пагорак з капліцай стаў для Аляксандра месцам сілы:
— Як жа тут лёгка дыхаецца, навокал — цудоўная прырода! Адразу відаць, што Хамянтоўскія былі людзьмі з розумам і выдатным густам. Ведалі, дзе пасяліцца, каб і жыць у радасць, і род свой працягваць. Мясцовае поле пад пагоркам яны называлі «Дунайскімі хвалямі» — і яно сапраўды ідзе мяккімі, плаўнымі ўзгоркамі. Асабліва добра тут у сакавіку: удзень прыгравае па-вясноваму шчодрае сонца, і я абажаю катацца тут на лыжах.
— Калісьці Хамянтоўскія заклалі ў сваім маёнтку велізарны сад і славіліся на ўсё наваколле майстэрствам сыраварэння. Прайшлі стагоддзі, але традыцыі не зніклі. Сёння ў Талачыне працуе масласырзавод — адзін з найлепшых у Беларусі і паводле тэхнічнага абсталявання, і паводле якасці прадуктаў. А замест панскага саду шуміць пладовы гігант мясцовага кансервавага завода, — з задавальненнем адзначае Аляксандр.
Каментары