Экскурсія па-пінкавіцку. У музеі Якуба Коласа на Палессі спяваюць песні і ладзяць квесты
Памяць пра адзін з важных этапаў у жыцці Канстанціна Міцкевіча беражліва захоўваюць у Пінскім раёне. Сюды, у вёску Пінкавічы, больш за 120 гадоў таму прыбыў на працу малады настаўнік, якому наканавана было стаць народным песняром Беларусі. У будынку былой школы, дзе будучы пісьменнік вучыў дзяцей палешукоў, працуе народны літаратурна-краязнаўчы музей. Сёння ён уваходзіць у спіс самых папулярных турыстычных аб'ектаў рэгіёну. Выданне Times.by даведалася, якія каштоўныя экспанаты тут можна ўбачыць.

Коласаўская школка
Нарадзіўся Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) 3 лістапада 1882 года ў засценку Акінчыцы Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў сям'і лесніка Міхаіла Казіміравіча Міцкевіча. У 1902 годзе скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і пачаў настаўнічаць у Ганцавіцкім раёне ў вёсцы Люсіна.
У верасні 1904 года, развітаўшыся з сям'ёй, малады настаўнік Міцкевіч адправіўся ў ваколіцы Пінска вучыць сельскіх дзетак.

Цяперашні будынак, у якім размяшчаецца музей паэта, стаіць на гістарычным фундаменце народнага вучылішча, закладзеным яшчэ ў 1863 годзе. За час свайго існавання ён некалькі разоў перабудоўваўся.
Ідэя стварэння музея, прысвечанага гадам знаходжання Канстанціна Міцкевіча на пінскім Палессі, належыць Івану Калошу. У пачатку 1960‑х гадоў ён прыехаў у Пінкавіцкую сярэднюю школу, якая з 1952 года носіць імя народнага паэта Якуба Коласа, выкладаць беларускую мову і літаратуру.
Стаў збіраць па ваколіцах першыя экспанаты, запісваў на магнітафонную стужку ўспаміны мясцовых жыхароў, вучняў Коласа. Пазнаёміўся са сваякамі песняра, якія не раз потым бывалі ў Пінкавічах.
Іван Калоша шмат гадоў быў захавальнікам музея і сам вёў экскурсіі. Праз гады, будучы ўжо вядомым краязнаўцам, напісаў кнігу «Пінкавічы і Вішавічы: мінулае і сучаснае» — далёка не кожная вёска можа пахваліцца такім летапісам.

У 1987 годзе пачатковая школа пераехала, і экспазіцыі вырашылі аддаць увесь будынак. Пасля рамонту літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа адчыніў дзверы 11 лістапада 1990 года.
Экскурсія «па-пінкавіцку»
Па добрай традыцыі гасцей тут сустракаюць яшчэ на ўваходзе ў сядзібу. Ужо шмат гадоў, з 2014 года, з пінскім перыядам жыцця беларускага класіка знаёміць экскурсаводка Жанна Верыч.
Яе намаганнямі звычайная аглядная экскурсія ператварылася ў інтэрактыўны квест з глыбокім паглыбленнем у жыццё і творчасць пісьменніка ў палескай глыбінцы пачатку XX стагоддзя.

Жанна Верыч — чалавек унікальны: філолаг, паэтэса, педагог, метадыст раённага Цэнтра творчасці, распрацоўшчыца экскурсійных маршрутаў, адна з самых крэатыўных гідаў па пінскай пешаходцы, аўтарка турыстычнага праекта «Адпачынак па-пінкавіцку» і пры гэтым мама семярых дзяцей. Яе нястомнай энергіі хапае на ўсё.
На экскурсіях яна гаворыць вершамі і толькі па-беларуску. Часта выкарыстоўвае і мясцовы каларытны дыялект:
«Экскурсантам вельмі падабаецца, калі я размаўляю «па-пінкавіцку», асабліва тым, хто са сталіцы. І нават расіяне просяць не пераходзіць на рускую мову».
Госці прыязджаюць з усёй Беларусі, а таксама з іншых краін. Толькі ў мінулым годзе музей наведалі каля трох тысяч чалавек.
«Мае экскурсіі праходзяць у форме квеста. І кожная новая не падобная да папярэдняй. Мы спяваем, танцуем. Напрыклад, госці з задавальненнем выконваюць любімую песню Коласа «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець?» Канстанцін Міхайлавіч музыку любіў — у мясцовай царкве Пакрова Прасвятой Багародзіцы ён спяваў у царкоўным хоры».
І працягвае:
«Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікае і лакацыя, дзе можна прымераць традыцыйнае адзенне, якое насілі палешукі ў тыя часы, калі тут жыў і працаваў пісьменнік. Яны з задавальненнем робяць сэлфі на памяць у антуражы аўтэнтычнай сельскай хаты».



«Царскія ўмовы»
Кватэра Коласа ў Пінкавічах знаходзілася вельмі зручна — адразу ў будынку вучылішча.
У вольны час ён вельмі любіў гуляць па вёсцы, выходзіць на бераг Піны. Размаўляў з мясцовымі жыхарамі, збіраў і запісваў фальклор. Сярод іх ён хутка заваяваў аўтарытэт і павагу. Пазней Колас пісаў: у Пінкавічах у яго былі «царскія ўмовы» жыцця.

Гэтыя мясціны з іх непаўторнымі пейзажамі, балотамі і паводкамі, прастата і шчырасць палешукоў засталіся глыбока ў яго сэрцы і пазней знайшлі адлюстраванне на старонках аднаго з найвялікшых твораў «На ростанях».
У сям'і Міцкевічаў было дзевяць дзяцей. У 1902 годзе памёр бацька маладога настаўніка, і калі ён прыехаў у Пінкавічы, то вырашыў забраць да сябе самых малодшых братоў Юзіка і Міхася.

«Не кожны малады чалавек і ў той час так бы зрабіў. Ён жа мог у вольны час хадзіць на вячоркі, ездзіць у Пінск, адпачываць… Але ён замяніў ім бацькоў, быў самым лепшым старэйшым братам і строгім настаўнікам», — расказвае экскурсаводка.
На памяць пра вянчанне
У Пінкавічах Канстанцін Міцкевіч працаваў з восені 1904 года да студзеня 1906 года.
Жыццёвыя дарогі зноў прывялі яго ў гэтыя мясціны ў 1912 годзе — ён прыехаў выкладаць у Пінск у прыходскае вучылішча каля чыгуначнага вакзала.

Менавіта ў гэтым горадзе адбылася адна з самых лёсавызначальных сустрэч у яго жыцці — ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, з якой шмат гадоў яны пражылі ў шчаслівым шлюбе. Яна была настаўніцай у чыгуначнай школе для дзяўчынак.



На памяць пра іх шлюб у Пінску ў 2019 годзе на званіцы Свята-Варварынскай царквы паставілі памятную таблічку.

Маладая сям'я здымала пакой недалёка ад чыгункі — у доме ў фельчара Арсенія Балевіча на былой вуліцы Вадаправоднай (цяпер Івана Чуклая). У ім і па гэты дзень жывуць сваякі Балевіча. Тут жа ў верасні 1914 года ў Міцкевічаў нарадзіўся першынец Даніла.
Ад куфара да чамадана ў Амерыку
«Усяго ў нашым музеі каля тысячы экспанатаў», — расказвае Жанна Верыч.
У чатырох залах сабраныя прадметы, звязаныя з перыядам працы Канстанціна Міцкевіча ў Пінкавічах і гісторыяй самой вёскі.
Экспазіцыя пачынаецца з хола. Сярод карцін ёсць вышыты крыжыкам партрэт Коласа — над яго стварэннем да 140‑годдзя з дня нараджэння класіка паўгода працавала мясцовая бібліятэкарка Святлана Мажароўская. Бюст народнага паэта падораны сталічным Літаратурна-мемарыяльным музеем Коласа.




Асобны экспанат — фотаальбом вядомай амерыканскай падарожніцы Луізы Бойд, якая прыехала з экспедыцыяй на Палессе ў 1934 годзе. Некаторыя жыхары Пінкавічаў пазнаюць на яе 100‑гадовых фатаграфіях сваіх продкаў.
Больш за сто экспанатаў, якія ілюструюць побыт палешукоў, знаходзяцца ў першай зале «Сялянская хата», якраз на тым месцы, дзе былі жылыя пакоі настаўніка.




«Трохпакаёвая кватэра Міцкевіча была прыбудаваная да школы. І гэта экспазіцыя паказвае, у якіх умовах ён жыў у той час», — тлумачыць Жанна Верыч.
У ёй можна ўбачыць традыцыйнае ўбранне вясковай хаты пачатку ХХ стагоддзя — печ, кросны, драўляны куфар, шырокія лавы, ручнікі, а таксама абутак і адзенне. Сярод прадметаў сельскага побыту — посуд, ступа для збожжа, жалезны прас на вуглях і многае іншае.




«У 1990‑х была цікавая гісторыя — калі жаніх і нявеста з суседніх вёсак рыхтаваліся да вяселля, знікла электрычнасць. А ўборы яны яшчэ ў парадак прывесці не паспелі — тады іх бабулі дасталі вось такія ж прасы старажытныя і імі папрасавалі адзенне», — расказвае з усмешкай экскурсавод.
Сярод унікальных экспанатаў — лямпа бакеншчыка, саламяныя галёшы, вялікі чамадан з лазы, з якім палешукі ў надзеі на лепшую долю ад'язджалі ў эміграцыю ў Амерыку, Аргенціну, Бразілію, Аўстралію.
Быў «сімпатычны вельмі»
У наступнай зале можна ўбачыць прадметы, якія выкарыстоўваліся ў школе пачатку мінулага стагоддзя: буквар 1903 года, пісьмовыя прылады, «планшэт» таго часу — грыфельныя дошкі для пісьма, дапаможнік з парадамі аб выхаванні дзяцей — кіраўніцтва Лядава 1875 года.
Сярод музейных рарытэтаў — кніга царкоўных запісаў 1799—1810 гадоў і арыгінальны нумар часопіса «Нива» за 1904 год, выдадзены ў Санкт-Пецярбургу, пасведчанне аб заканчэнні Пінскага народнага вучылішча 1915 года.




Цытатамі на стэндах аформленыя ўспаміны вучняў пра Канстанціна Міцкевіча. Экскурсантам расказваюць, як малады настаўнік вазіў іх на экзамены ў Жабчыцы, стаў хросным у сям'і Аляксандра Лоя, хадзіў на вячоркі, іграў на скрыпцы і быў «сімпатычны вельмі».
За шклянымі вітрынамі — арыгінальныя лісты і фатаграфіі, бібліятэка з выданнямі Якуба Коласа і вядомых пісьменнікаў з аўтографамі, скрыпка Івана Калошы, на якой ён іграў, праводзячы экскурсіі.
Можна ўбачыць, як выглядала тая самая знакамітая петыцыя пану Скірмунту, напісаная настаўнікам ад імя сялян. Менавіта з-за яе яму неўзабаве і давялося развітацца з Пінкавічамі — яго накіравалі працаваць у Верхменскае народнае вучылішча пад Смалявічамі.

Вельмі падабаецца наведвальнікам магчымасць сфатаграфавацца з маладым і модным Міцкевічам — а ён быў франтам, сцвярджае Жанна Верыч, — не так даўно ў музеі вырашылі вырабіць яго макет у поўны рост. Ад ахвотных зрабіць фота адбою няма.
«Паляванне за экспанатамі»
Пры музеі дзейнічае аб'яднанне юных экскурсаводаў «ГіД» («Гаваркія і дапытлівыя»). Пад кіраўніцтвам нястомнай Жанны Верыч яе падапечныя не раз займалі першыя месцы на рэспубліканскіх конкурсах, у тым ліку краязнаўчых, творчых, журналісцкіх. А іх відэаролікі пра Пінкавічы і музей дэманструюць наведвальнікам на экскурсіях.
Добрай традыцыяй стала правядзенне конкурсу сярод школьнікаў па пошуку новых экспанатаў. Акцыя называецца «Паляванне за экспанатамі» — хлопцы з сельскіх школ абследуюць хаты сваіх бабуль і дзядуль, ваколіцы і заўсёды знаходзяць нешта цікавае, што можа папоўніць краязнаўчую і этнаграфічную калекцыю.




Нярэдкія госці ў Пінкавічах — сваякі песняра, з якімі супрацоўнікі музея шмат гадоў падтрымліваюць цесную сувязь.
Бывалі тут унукі Коласа: Марыя Міхайлаўна, Вера Данілаўна, Андрэй Данілавіч Міцкевічы. На тэрыторыі сядзібы расце прыгожая разгалістая бяроза — яе да 90‑годдзя Якуба Коласа ў 1972 годзе пасадзіў яго брат Іосіф Міцкевіч.
Музей у Пінкавічах — гэта не проста збор артэфактаў і старажытных рэчаў, а жывая гісторыя, цікавасць да якой не згасае.




Maldzis набыў раннюю карціну Міхаіла Кікоіна. Карціна куплена на грошы Паўла Данэйкі і Івана Шылы
«Чаму беларус не вывучыць беларускую мову? Гэта проста лянота». Выдавец Яраслаў Іванюк — пра вышук, КДБ і моўныя войны
«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім
Ініцыятыва Maldzis вяртае рэдкія міжваенныя фотаздымкі з Косава
Каментары