Вадзім Пракоп'еў: Ціханоўскі вярнуўся ў зону камфорту. Гэта нізкая планка, але я паважаю яго выбар
«Сяргей узяў някепскі разгон. Мы працавалі як гоншчык і штурман».

Прадпрымальнік і грамадскі дзеяч Вадзім Пракоп'еў, які раней дапамагаў Сяргею Ціханоўскаму ў ЗША, а цяпер лічыць яго «проста паплечнікам», напісаў калонку ў Deutsche Welle пра сваё стаўленне да шляху, які абраў для сябе Сяргей Ціханоўскі пасля пераезду ў ЗША, і чаму, на яго думку, Святлане Ціханоўскай трэба прыслухацца да прапаноў мужа.
Вадзім Пракоп'еў прызнаецца, што не чакаў ад Сяргея Ціханоўскага дыпламатычных манераў, але лічыць яго паводзіны цалкам прадказальнымі. Пасля вызвалення Ціханоўскага аўтар меркаваў, што ў Офісе Святланы Ціханоўскай да яго паставяцца непрыязна, таму прапанаваў яму пераехаць у ЗША і працаваць там на карысць беларускіх інтарэсаў.
Пракоп'еў працягвае сцвярджаць, што лёс вольнай Беларусі спачатку будзе вырашацца ў Вашынгтоне і толькі потым у Мінску. На яго думку, прапанова Ціханоўскаму была рызыкоўнай, але лагічнай: у ЗША паважаюць змагароў за свабоду, а такі харызматычны чалавек мог атрымаць шанец стаць вядомай беларускай палітычнай фігурай у Вашынгтоне.
«Пераехаўшы ў Амерыку, хоць і з прыкрым спазненнем, Сяргей узяў нядрэнны разгон. Мы працавалі як гоншчык і штурман. Яркія выступленні ў Еўрапарламенце, амерыканскім Кангрэсе і вядучых універсітэтах, калонка ў The Washington Post, асабістыя сустрэчы з Джонам Коўлам і Крыстаферам Смітам нанеслі Сяргея на палітычную карту асобным гульцом з альтэрнатыўным мысленнем.
Але ўсё гэта было толькі разагрэвам. Далей Сяргею трэба было перайсці на іншы ўзровень англійскай, вывучыць амерыканскую палітыку і адпаліраваць манеры, паступіўшы ў добры ўніверсітэт. Магчыма, занадта амбіцыйная задача для чалавека пасля пяці гадоў у адзіночцы.
Сяргей абраў іншы шлях. Вярнуўся ў зону камфорту. Мне здаецца, гэта нізкая планка, але я паважаю яго выбар. Блогерам дык блогерам. Галоўнае, каб на карысць справе!», — піша Вадзім Пракоп'еў.
Далей ён звяртаецца да крытыкі Ціханоўскім беларускіх апазіцыйных СМІ.
На думку Пракоп'ева, тыя, хто крытыкуюць Офіс, сапраўды часта сутыкаюцца з падвойнымі стандартамі. Пры гэтым ён не лічыць, што Франaк Вячорка непасрэдна тэлефануе рэдактарам і дае ім інструкцыі. У гэтым, маўляў, няма неабходнасці, бо адпаведныя звычкі і правілы паводзін ужо нібыта сфармаваліся раней. Галоўную праблему Вадзім Пракоп'еў бачыць у самой структуры фінансавання беларускіх медыя ў эміграцыі: вядучыя выданні залежаць не ад падпісчыкаў, а ад донараў, якія адначасова фінансуюць і рэдакцыі, і палітычныя структуры.
Далей аўтар разважае, чаму Офіс Святланы Ціханоўскай не супрацоўнічае з Сяргеем Ціханоўскім. Ён лічыць, што Офіс баіцца канкурэнцыі, імкнецца захаваць закрытасць і прызвычаіўся да манаполіі на прадстаўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў. Па словах Пракоп'ева, цяпер гэта ўсё больш нагадвае не барацьбу за будучыню Беларусі, а спробу самой арганізацыі захаваць сваё існаванне.
Разам з тым аўтар прызнае, што і Ціханоўскі не валодае дыпламатычнымі манерамі. Школьныя абразы і асабістыя нападкі дапамагаюць яго апанентам выстаўляць яго маргінальнай фігурай. Аднак, нягледзячы на грубасць і няўступлівасць, такога стаўлення ён, маўляў, не заслужыў.
Аўтар лічыць, што Офіс Святланы Ціханоўскай шмат у чым паўстаў дзякуючы палітычнаму капіталу Сяргея Ціханоўскага. На яго думку, без Ціханоўскага не было б таго 2020 года, які стаў важным этапам у фармаванні нацыянальнай самасвядомасці.
Менавіта Ціханоўскі, паводле аўтара, сваёй дзёрзкасцю, энергіяй і народнай манерай размовы ўзрушыў шырокія слаі грамадства ў самым цэнтры палітычнага ўплыву Лукашэнкі. На думку аўтара, забываць пра заслугі і ахвярнасць Ціханоўскага гэта гэтак жа небяспечна для грамадства, як не шанаваць сваіх паэтаў.
Што да прапановы Ціханоўскага перазагрузіць дэмакратычныя сілы, то пасля вызвалення Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай і іншых уплывовых палітвязняў ідэя назіральнай рады з іх удзелам, на думку Пракоп'ева, выглядае лагічнай. Новая структура, маўляў, магла б дазволіць выпрацаваць супольную стратэгію, правесці аўдыт, наладзіць зваротную сувязь з беларусамі і вырашыць праблему нязменнасці кіраўніцтва. Дэманстрацыя адзінства, паводле аўтара, магла б таксама ажывіць грамадзянскую супольнасць, якая страціла ранейшую актыўнасць.
Пракоп'еў лічыць, што гэтай прапановай Ціханоўскі прадэманстраваў добрую палітычную інтуіцыю, чаго аўтар не можа сказаць пра Святлану Ціханоўскую. На сур’ёзную ініцыятыву Офіс, паводле яго слоў, адказаў звыклым чынам: набліжаныя да яго эксперты пачалі тлумачыць, чаму прапанова не спрацуе, а сама Святлана Ціханоўская захоўвае маўчанне. Але, на думку Пракоп'ева, пытанне ўсё адно давядзецца вырашаць, і гэта абавязак чалавека, які дазваляе называць сябе нацыянальным лідарам.
Пры гэтым аўтар бачыць у стварэнні аб’яднанай структуры магчымасць палегчыць працу і самой Святлане Ціханоўскай. Яе сапраўдныя здольнасці маглі б раскрыцца лепш, а ўся адказнасць не ляжала б на адным чалавеку. Аднак для гэтага давялося б весці перамовы з донарамі і змяняць наяўныя правілы.
На думку Пракоп'ева, аб’яднанне ўсіх палітычна значных дзеячаў у адной арганізацыі дапамагло б беларускай апазіцыі ў эміграцыі выканаць сваю місію. Але Сяргей Ціханоўскі не зможа правесці такую рэформу самастойна. Віктару Бабарыку і Марыі Калеснікавай таксама варта было б прыслухацца да яго прапановы і далучыцца да гэтай працы. Аўтар, праўда, асцерагаецца, што яны могуць не захацець аб’ядноўвацца з грубым і гучным Ціханоўскім, але лічыць гэта памылкай, якая можа прывесці да страты важнага моманту.
Мацкевіч — Пракоп’еву: Ціханоўскі — таксама індывідуальны гулец, сышліся дзве адзіноты. У вас абодвух нічога не атрымаецца
«Звяжыцеся з намі»: Пракоп'еў напісаў калонку для «НН», у якой абгрунтоўвае знаходжанне Ціханоўскага ў Штатах і просіць грошай
Ціханоўскі: Ціханоўскай можна было ў 2020‑м не пабаяцца турмы. І, можа, у беларусаў быў бы шанец
Ціханоўскі іранізуе з жонкі: Лукашэнка дапамагае ёй і клапоціцца, нават калі была пагроза дзецям, перадалі ўсю інфармацыю Польшчы
Ціханоўскі назваў аналітыка Юрыя Дракахруста «дура-дурахрустам», «дуракахрустам» і нават «пердахрустам»
Цяпер чытаюць
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
Каментары