Грамадства3232

Настасся Касцюгова пра пазіцыю Статкевіча і Ціханоўскай: Прапанова «даціснуць» гучыць як прапанова яшчэ пачакаць незразумела чаго і як доўга

Зварот групы палітвязняў да кіраўніцтва краін Еўрасаюза выклікаў рэакцыі Міколы Статкевіча, Эдуарда Пальчыса, Міколы Дзядка і Святланы Ціханоўскай. «Наша Ніва» папрасіла паліткансультантку Настассю Касцюгову падзяліцца сваімі думкамі пра тыя выказанні. 

Настасся Касцюгова. Скрыншот з відэа Еўрарадыё

«Наша Ніва» меркавала, што над тэкстам звароту палітвязняў да краін ЕС працавала Настасся Касцюгова пры ўдзеле Валера Кавалеўскага, бо думкі, якія ў ім сфармуляваныя, блізкія да тых, якія праводзяць гэтыя людзі. Аднак спадарыня Касцюгова катэгарычна гэта абвяргае: «Я даведалася пра тое, што будзе ліст пасля допісу Жыгара [з рэзкай крытыкай], і пайшла па знаёмых і калегах даведацца, што ён можа мець на ўвазе. І вось так і даведалася, што плануецца ліст».

У той жа час Настасся Касцюгова пагадзілася адказаць на пытанні, што яна думае пра крытыку ліста.

— Што вы думаеце пра крытыку ліста Міколам Статкевічам?

— Статкевіч вядомы сваім прынцыповым падыходам, і ён сваю прынцыповасць рэалізуе ў дзеяннях. Ён не з'ехаў з Беларусі, рызыкнуў сабой чарговы раз, і я разумею яго, калі ён кажа, што палітычная ідэя важнейшая за жыццё і бяспеку — ён гэтае перакананне пражывае сам. Аднак гэты выбар ёсць яго асабістым выбарам, кожны мае права распараджацца сваім жыццём і здароўем дзеля сваіх перакананняў, але ўсё ж не патрабаваць гэтага ад іншых.

Я думаю, асноўная лінія падзелу паміж рознымі падыходамі заключаецца ў тым, што прыхільнікі нарошчвання ціску, па-першае, вераць, што хтосьці збіраецца яго нарошчваць, і, па-другое, вераць, што гэта не толькі адбудзецца, але і прывядзе да змены рэжыму. Прыхільнікі ж лініі дээскалацыі не разумеюць, на што абапіраецца гэтая вера, і на свае пытанні пераканаўчых адказаў не атрымліваюць. Таму гэтая прапанова «даціснуць» гучыць як прапанова яшчэ пачакаць незразумела чаго і незразумела як доўга.

Чытайце таксама: Статкевіч на зварот Золатавай і Калеснікавай: Ён абясцэньвае пакуты і ахвяры, гэта ідэалогія прыстасаванства

— Што вы думаеце пра рэакцыі Эдуарда Пальчыса і Міколы Дзядка?

— Абодва сказалі, што ліст добры. Абодвум не хапіла палітычнага кантэксту ў лісце, але я не думаю, што гэты ліст задумваўся як палітычны тэкст. Гэта ліст, які заклікае вырашыць праблему, якую аўтары бачаць у першую чаргу як гуманітарную. Яны сваё бачанне выказалі ў тэксце ліста і распачалі дзеянні для таго, каб іх бачанне было пачута і ўлічана. Усялякае актыўнае дзеянне можа сутыкнуцца як з падтрымкай, так і з крытыкай — гэта нармальная частка публічнага і палітычнага жыцця, і беларусам, якія хочуць дэмакратыі, час пачынаць да гэтага прывыкаць і не шукаць у гэтым штораз раскол і катастрофу.

Чытайце таксама: Пальчыс пра ліст Калеснікавай і Золатавай: «За ўсё добрае, супраць усяго дрэннага», але ў рэальнасці гэта пакіне 9 мільёнаў у лакальным КНДР

— Што вы думаеце пра словы Святланы Ціханоўскай «Тыя дылемы, якія закідваюцца, — ціск ці дыялог, перамовы ці санкцыі — фальшывыя. Адно без другога не працуе. Без ціску рэжым не будзе весці сур’ёзны дыялог»?

— Я думаю, што гэта цудоўна, што гэтыя словы нарэшце загучалі і ад прыхільнікаў нарошчвання ціску. Я і мае прыхільнікі ўжо даўно гаворым, што гэтая дылема лжывая з самага пачатку, палітычныя перамовы прадугледжваюць рычагі і стымулы. Думаю, удзельнікам дэмруху спатрэбіўся час, каб прывыкнуць да думкі, што перамовы — гэта не заахвочванне, а інструмент, і яго трэба выкарыстоўваць для дасягнення сваіх мэтаў, а не чакаць, пакуль яго пачнуць выкарыстоўваць усе, акрамя нас — вырашаючы толькі свае праблемы і пераследуючы толькі свае інтарэсы.

— А вы не думаеце, што захаванне «цвёрдай лініі» з большай імавернасцю можа прывесці не да «змены рэжыму», але да «змены характару рэжыму», «зменаў унутры рэжыму», «змякчэння рэжыму», чым пераход да «лініі непроцістаяння»?

— Гэты рэжым не адзін раз мяняў свой «характар», але ў чым я згодная з прыхільнікамі цвёрдай лініі — сутнасць яго застанецца.

Калі я кажу пра сутнасць рэжыму, я маю на ўвазе, што ён гатовы рухацца па многіх кірунках, пакуль не ставіцца пад пытанне яго ўлада — тады ён ахвяруе ўсім, каб яе ўтрымаць. І калі мы цяпер не валодаем дастатковай колькасцю рычагоў, каб прымусіць яго адмовіцца ад улады, значыць, трэба выкарыстоўваць сітуацыю для тых пытанняў, якія вырашыць можна.

Што да змены характару, для Лукашэнкі пытанне змены характару рэжыму — гэта пытанне выгад, якія ён атрымае за гэтую змену, і пытанні цаны, якую давядзецца заплаціць, калі змены не будзе. У мінскага рэжыму ёсць вострыя пытанні — пытанне бяспекі, пытанне павялічанай колькасці рычагоў Масквы на Мінск, эканамічныя пытанні, пытанне надыходзячага транзіту. Гэта і ёсць поле для працы.

Наша лінія — гэта не лінія «несупраціву», гэта лінія пераходу на зразумелую ім мову. Окей, вы хочаце вырашыць пытанні, давайце размаўляць і абмяркоўваць, як іх вырашыць, але для гэтага трэба вырашыць і пытанні партнёраў, увагі якіх вы хочаце, і пытанні грамадзянскай супольнасці. Міжнародны кантэкст мяняецца проста цяпер, і мы кіруемся непакоем, што інтарэсы беларусаў не будуць улічаныя.

Розніца ў тым, што прыхільнікі жорсткай лініі вераць, што калі папрасіць заходніх партнёраў не размаўляць з Мінскам, яны паслухаюць, а мы лічым, што ў іх свае інтарэсы, і размаўляць яны пачнуць усё роўна, што мы ўжо за апошнія гады не раз бачылі. І мы можам апынуцца ў сітуацыі, дзе так захапіліся сваёй жорсткай пазіцыяй і патрабаваннем не размаўляць, што калі размова пачнецца — яна пачнецца наогул без уліку нашага парадку дня, бо мы былі ў прынцыпе супраць размовы.

Прыхільнікі жорсткай лініі кіруюцца і іншым страхам — што перамовы вернуць легітымнасць рэжыму, а ў іх яе забяруць. Але міжнародная легітымнасць таксама інструмент, які трэба выкарыстоўваць. Наша міжнародная легітымнасць не вечная, яна абясцэньваецца з часам, калі яе не пацвярджаць, а пацвярджацца яна можа толькі падтрымкай унутры краіны. Яе нельга захаваць просьбамі не гаварыць з рэжымам, просьбы без уплыву ў палітыцы наогул мала ўлічваюцца. Пакуль міжнароднае прызнанне захоўваецца, яго трэба выкарыстоўваць для паляпшэння ўмоў у краіне. Уласна, я думаю, прыхільнікі жорсткай лініі прыходзяць да таго ж вываду, калі паглядзець апошнія выказванні Паўла Латушкі — гэта можна ўбачыць.

Каментары32

  • БЕРАСЦЬ
    02.11.2026
    Партыя цынікаў і канфармістак.
  • Настя, держись!
    02.11.2026
    Сча начнётся :)
    А мастерство-то не протеряешь! "Гэтыя людзi" Цудоўна як! Прыгажосць тонких редакторских штришков.
  • Вадзім
    02.11.2026
    Ёсьць альтэрнатыва, калі зразумела чаго чакаць і колькі - чакаць новых палітвязьняў без аглядкі на санкцыі, бо іх ужо ня будзе альбо новыя хутка можна абмяняць на закладнікаў. Чакаць гандлю зь Еўропай таварамі двайнога прызначэння праз Беларусь для расійскіх ракет. Чакаць кратнага павелічэння вытворчасці расійскай зброі і ўдараў па Ўкраіне. Калі чакаць - вельмі хутка. Цягам квартала ўправяцца

Цяпер чытаюць

Пальчыс заявіў, што гэта ён каардынаваў пратэсты 2020 года з Мінска і пісаў планы першых маршаў91

Пальчыс заявіў, што гэта ён каардынаваў пратэсты 2020 года з Мінска і пісаў планы першых маршаў

Усе навіны →
Усе навіны

Чаму сабакі пазяхаюць услед за гаспадарамі, але рэдка ўслед за іншымі сабакамі?

На прэзідэнцкіх выбарах у Балгарыі па даных экзітполаў лідзіруе прыхільніца перамоў з Расіяй

Зяленскі гатовы сустрэцца з Трампам і Пуціным у Турцыі

Каверын сказаў, што калі б яго прапанова эратычнай фотасесіі для Ціханоўскай не выклікала такую рэакцыю, ён бы, магчыма, не выбачаўся7

Да канца года мабільны інтэрнэт у Беларусі зробяць больш хуткім. Аднаго з аператараў ужо аштрафавалі за якасць6

Дзяды. Так выглядаюць у гэтую хвіліну віленскія могілкі Росы і беларускія магілы на іх2

Пабіты сабака з Віцебска, якога Лукашэнка падарыў Баскаву, дагэтуль жыве ў апошняга1

Трамп сцягвае да Ірана вялізную армаду і пагражае новымі ўдарамі10

Маці кінула трох дзяцей у клятчастых торбах у розных месцах. Яны знайшлі адно аднаго праз дзясяткі гадоў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пальчыс заявіў, што гэта ён каардынаваў пратэсты 2020 года з Мінска і пісаў планы першых маршаў91

Пальчыс заявіў, што гэта ён каардынаваў пратэсты 2020 года з Мінска і пісаў планы першых маршаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць