«Я зрабіў сэлфі каля будынка КДБ». Уладальнік «Новага зроку» запэўнівае, што таемна з'ездзіў у Мінск
Заснавальнік сеткі афтальмалагічных клінік «Новы зрок» Алег Каўрыгін стаў госцем новага выпуску ТОКу. Падчас інтэрв'ю ён заявіў, што нядаўна пабываў у Мінску, нягледзячы на крымінальны пераслед і вышук.

У 2023 годзе ў Беларусі разгарнуўся канфлікт вакол сеткі клінік «Новы зрок». Улады пазбавілі іх ліцэнзій, а пазней супраць уладальніка бізнэсу завялі крымінальную справу. У 2024 годзе Каўрыгіна завочна прысудзілі да 12 гадоў калоніі. Сам ён лічыць, што за ягоным пераследам стаіць спроба захапіць паспяховы бізнэс.
«Я, дарэчы, не так даўно быў у Мінску. Вельмі проста. Па-першае, галоўнае — не парушаць закон», — заявіў Каўрыгін падчас інтэрв'ю. Дакладнай даты паездкі бізнэсмен не назваў, а толькі ўдакладніў, што было «дастаткова цёпла».
Паводле Каўрыгіна, яго шлях у Беларусь ляжаў праз Кітай, Арменію і Расію. Як менавіта ён перамяшчаўся паміж гэтымі краінамі, бізнэсмен не ўдакладніў.
«Я не парушыў ніводнага закона ні краіны, у якой жыву, ні Еўрасаюза. Не выкарыстоўваў ні партызанскіх сцежак, ні нейкіх балот, аквалангаў і гэтак далей», — запэўніў ён.
Падчас інтэрв'ю бізнэсмен паказаў вядучай Настассі Роўдзе дакумент, з якім, паводле яго слоў, перасякаў мяжу. На гэты час ён папрасіў закрыць камеру, каб не раскрываць, што гэта за дакумент.
«Чалавек, які прад'яўляе такі дакумент, проста спакойна глядзіць у вочы памежніку, памежнік глядзіць на яго, ніякая пячатка туды не ставіцца, і ты спакойна праходзіш далей», — даводзіць ён.
Каўрыгін сцвярджае, што беларускую мяжу ён перасякаў у аўтобусе разам з іншымі пасажырамі.
Знаходжанне ў Мінску
Як даводзіць Каўрыгін, праз вышук ён не мог звяртацца да сваіх знаёмых. Замест гэтага ён скарыстаўся выпадковымі кантактамі.
Паводле яго, у яго шмат выпадковых знаёмых, у тым ліку таксістаў, якія яму «здаваліся цікавымі» і нумары якіх ён захоўвае не ў тэлефоне, а ў папяровай запісной кніжцы.
Пра тое, як працуюць камеры і сістэма «Разумны горад», як кажа Каўрыгін, ён даведаўся ад чалавека са свайго мінулага, звязанага з барацьбой са злачыннасцю. Каўрыгін назваў яго «Уладзімірам Уладзіміравічам» і адразу ўдакладніў, што гаворка не пра Пуціна.
Па словах Каўрыгіна, яму давялося змяніць свой знешні выгляд незвычайным чынам. Ён зрабіў буйны заказ праз службу дастаўкі «Яндэкс».
«З маленькай бутэлечкі «Джэк Дэніэлса» я прапаласкаў рот, ледзь-ледзь пырснуў на сваё адзенне (…) Мне патрэбен быў яго [кур'ера] плашч, заплечнік і сродак перамяшчэння, веласіпед.
Я сказаў, што хачу разыграць сваіх сяброў і [дам] любую суму. Ён назваў вялікую суму, разлічваючы, што гэта глупства. Я дастаў пачак даляраў, ён забраў і з'ехаў.
Мне патрэбна была ананімнасць. Я яе атрымаў. Кепка на твар, маска — і я паехаў па сваіх справах. (…) Хлопец, які абмяняўся са мной, ты мог бы быць патаўсцей. Мне рэальна плашч ціснуў», — расказвае Каўрыгін.
Бізнэсмен сцвярджае, падчас свайго падарожжа ён выкарыстоўваў каля дзесяці аднаразовых тэлефонаў, якія насіў у экраніравальных чахлах Фарадэя. На тэлефонах, паводле яго, стаялі праграмы, якія дазваляюць знішчыць усе даныя двума націскамі. Таксама ён згадаў спадарожнікавую сувязь Iridium і Thuraya, якой, па яго словах, карыстаецца дзесяцігоддзямі.
Як даводзіць бізнэсмен, у Мінску ў яго была нейкая сустрэча. З кім і з якой мэтай, ён не расказаў.
«Для сустрэчы мне трэба было адзін раз выкарыстоўваць тэлефон. Я сустракаўся ў будынку з цудоўным відам на Свіслач. Пасля сустрэчы я тут жа патапіў свой тэлефон у Свіслачы. (…)
Ён быў мне патрэбен для аднаго званка. Трэба было тэлефанавацца хвіліна ў хвіліну. Калі б я ператэлефанаваў да хвіліны ці пазней гэтай хвіліны (гэта было прыкладна ў абедзенны час), сустрэча б не адбылася. Прыехаў, сустрэўся, вырашыў сваё пытанне», — сцвярджае Каўрыгін.
Сэлфі каля КДБ і начлег у лесе
Адразу пакідаць горад, паводле Каўрыгіна, было небяспечна, таму ён вырашыў пераначаваць. Але перад гэтым, запэўнівае, дазволіў сабе яшчэ адну авантуру.
«Я з'ездзіў да будынка КДБ, зрабіў сэлфі, зрабіў відэа, паздымаў усё навокал, пад'ехаў да службовага ўваходу, зрабіў тое самае, зняў кадэбэшніка, які абурыўся гэтым. І паехаў далей па сваіх справах», — расказаў бізнэсмен.
Пасля гэтага Каўрыгін зноў пераапрануўся. Ён сцвярджае, што меў з сабой цэлы набор адзення для замены. Ноч мужчына правёў у лесе.
«У момант, калі мне трэба было выязджаць, згуляў ролю [кіроўцы] пашкоджанага аўтамабіля, узяў ад борта таксі, даехаў да памежнага пераходу, перайшоў, там ужо ўзяў іншую машыну ад борта, а далей ужо па накатаным там усюды. Ніхто мяне не шукаў, і праз тыдзень я быў дома. (…) Ніводнага нелегальнага перасячэння мяжы не было. У тым ліку і Рэспублікі Беларусь. Па дакуменце, які я паказаў».
Навошта Каўрыгін рызыкаваў
На пытанне вядоўцы пра мэту паездкі Каўрыгін прамога адказу не даў.
«Хай яны падумаюць. Гэта мог быць халодны крыптакашалёк. Фізічны, які я не мог вывезці, а код ведаю, каб дастаць грошы. Гэта магла быць інфармацыя, якую можна было абмяняць на крыптакашалёк. Гэта магла быць інфармацыя, якую чалавек згаджаўся аддаць толькі мне ў абмен на маю інфармацыю.
Гэта магла быць банальная прычына наведвання магілы маіх бацькоў. Гэта магло быць яшчэ сто прычын. Шукайце», — заявіў бізнэсмен.
Паводле яго, паездка каштавала грошай, але мэта таго была вартая.
Паводле бізнэсмена, за ўсю паездку ён зняў каля паўгадзіны відэа. Ён паабяцаў перадаць ТОКу відэа з Мінска, калі выпуск набярэ 300 тысяч праглядаў. Таксама ён паабяцаў паказаць месца, дзе выкінуў «форму «Яндэкса».
Цяпер чытаюць
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
«Да лейтэнанта прыехала маладая жонка, пабачыла, што адбываецца ў зоне, і застрэлілася». Выйшла заключная частка ўспамінаў Рыгора Бярозкіна пра ГУЛАГ і савецкі Мінск
Каментары