Заснавальнік вядомага мінскага бара «Карма» адкрыў ужо трэцюю ўстанову ў Варшаве. Што за яна?
У новым кафэ зусім іншая канцэпцыя. Глеб Кавалёў расказаў, як збіралі антыкварыят для ўстановы і колькі ўклалі ў адкрыццё.

Кавярня з элементамі крамы
У 2022‑м «Карма» закрылася ў Мінску, а паколькі сам уласнік з'ехаў з Беларусі раней, то ў 2021‑м аднайменны бар з'явіўся ў Кіеве, а пасля паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, летам 2022 года, свая «Карма» з’явілася і ў Варшаве.
Пазней у польскай сталіцы праект пашырыўся і там адкрылася другая ўстанова Кавалёва і партнёраў — Seven of Swords.
The Hermit стала трэцяй. Канцэпцыя там вельмі моцна адрозніваецца ад папярэдніх праектаў.
Сам Глеб кажа, што калі «Карме» (разам з мінскім перыядам) споўнілася амаль дзесяць гадоў, у каманды ўзнікла жаданне зрабіць нешта абсалютна новае — месца, якое будзе працаваць у рэжыме «дзень-вечар», не перасякаючыся з начнымі фарматамі. Такая стратэгія была абрана ў тым ліку для таго, каб не ствараць канкурэнцыю самім сабе.
Так пасля чатырох месяцаў пошуку месца і з’явіўся праект, які працуе ў фармаце кавярні са сняданкамі цягам усяго дня. Алкаголю ў меню пакуль няма, але ўласнікі спадзяюцца, што хутка дададуць вінную карту.
Асноўная фішка бара — вінтажныя рэчы з розных краін, якія з’яўляюцца не толькі часткай інтэр’еру, але і таварам, які можна набыць на месцы.
«The Hermit — гэта кавярня з невялікай кухняй і невялікім магазінам вінтажу і антыкварыяту ўнутры», — апісвае новую ўстанову Глеб.
Цікавасць да антыкварных рэчаў у яго з’явілася яшчэ ў дзяцінстве, калі ён назіраў за дзядзькам і цёткай, якія збіралі такія калекцыі.

«Таму гэта яшчэ гісторыя з дзяцінства, але пакуль я жыў у Беларусі, у мяне не было шмат магчымасцей ездзіць па еўрапейскіх барахолках. Калі я ўжо стаў жыць у Польшчы, то пачаў з таго, што стаў збіраць калекцыю вінтажных барных рэчаў, шэйкераў.
Я шмат падарожнічаю, і ў кожным падарожжы я ўключаю ў план схадзіць на вялікую барахолку, зайсці ў розныя вінтажныя крамы, камісіёнкі. Так я шукаю рэчы, якім можна падарыць другое жыццё, каб яны маглі выкарыстоўвацца зноў», — тлумачыць Кавалёў.

У The Hermit ёсць шмат вырабаў з фарфору: ваз, папяльнічак, талерак, свечнікаў. Таксама Глеб любіць збіраць партманэ, флягі і шахматы.
Паспяхова інтэграваліся ў начную Варшаву
Іншая адметнасць новай установы ад папярэдніх у тым, што яна будзе больш накіравана на мясцовых, чым на мігрантаў і турыстаў.
Такі падыход Глеб тлумачыць тым, што ў іх ужо добра атрымліваецца інтэгравацца ў варшаўскае начное і вячэрняе жыццё.

Пры гэтым у «Карме», якая была адной з першых беларускіх устаноў, што адкрыліся ў Варшаве пасля 2020 года, заўжды была вялікая доля беларусаў. Як прыгадвае ўласнік, на пачатку яны складалі да 90% наведвальнікаў. Але і дагэтуль каля паловы наведвальнікаў — гэта беларусы.
«Да нас прыходзіць і шмат палякаў. Мы робім розныя івенты, сумесныя імпрэзы з усімі. Да нас звычайна ўсё яшчэ прыходзіць шмат украінцаў і беларусаў, хапае студэнтаў, якія навучаюцца па Эразмусе, таксама да нас прыходзіць шмат турыстаў. Карацей, справы ідуць рэальна добра», — кажа бізнэсмен.
Кавалёў адзначае, што лета 2026 года для варшаўскай «Кармы» стала найлепшым, што, на яго думку, даволі незвычайна, бо найлепшае лета ва ўстанове звычайна першае, а тут праз столькі гадоў.

Што да бара ў Кіеве, які Глеб разам з Сашам Гайковічам адкрылі ў 2021 годзе, то ён таксама працягвае працаваць.
«Мы намінальна засталіся там бацькамі-заснавальнікамі, застаемся ў кантакце са старой і новай камандамі, можам там даць нейкія парады, але бар працуе цалкам аўтаномна. У кіеўскага бара новыя саўладальнікі — усе з ліку былых супрацоўнікаў або сяброў кіеўскай «Кармы». Адзін з іх беларус, усе астатнія — украінцы», — распавядае Глеб.
Колькі ўклалі ў адкрыццё?
Адной з нетыповых адметнасцей устаноў, якія адкрывае Кавалёў, можна назваць той факт, што імі валодае адразу шмат людзей. У выпадку з Варшавай іх там па 12 чалавек, прычым у новай установе большасць партнёраў Глеба — новыя.

«Мне падабаецца гэтая сістэма, яна будуе такую дэмакратыю, у якой мы ніколі не жылі ў Беларусі, і яна дазваляе не рызыкаваць вялікай колькасцю грошай аднаго канкрэтнага чалавека. Мы ж ведаем, што заўсёды штосьці можа не атрымацца і праект не стане прыбытковым», — тлумачыць сваю бізнэс-стратэгію Глеб і дадае, што палова ягоных інвестараў — беларусы, а палова — украінцы.
Глеб адзначае, што ў іх установах у любы час на месцы працуе прынамсі адзін з уласнікаў.
На адкрыццё The Hermit сышло 240 тысяч злотых (каля 55 тысяч еўра). Кавярня знаходзіцца ў цэнтры Варшавы па адрасе Макатоўская, 62.
Каментары