У Польшчы палітычны крызіс, справакаваны змаганнем за Канстытуцыйны трыбунал. Наўроцкі развярнуў самалёт і тэрмінова вярнуўся
30 кастрычніка перад будынкам Канстытуцыйнага трыбунала ў Варшаве з’явіліся значныя сілы паліцыі. Гэта адбылося пасля таго, як суддзя Ганна Корвін-Пятроўска, якая цяпер кіруе працай установы, абвясціла пра прыпыненне службовых абавязкаў старшыні трыбунала Багдана Свянчкоўскага і яго намесніка Бартламея Саханьскага. Гэтыя падзеі выклікалі рэзкія пярэчанні з боку апазіцыі, прыхільнікі якой сабраліся каля будынка трыбунала.

Свянчкоўскі і яго прыхільнікі назвалі гэта незаконным захопам улады ў Трыбунале і абвінавацілі ўдзельнікаў дзеянняў у спробе дзяржаўнага перавароту. Генеральны пракурор Вальдэмар Журэк тым часам накіраваў у трыбунал пяць хадайніцтваў аб зняцці недатыкальнасці са Свянчкоўскага і Саханьскага.
Паліцыя патлумачыла сваю прысутнасць неабходнасцю гарантаваць бяспеку пасля зваротаў генеральнага пракурора і суддзі Корвін-Пятроўскай, якія папярэдзілі пра магчымыя пагрозы суддзям і супрацоўнікам установы. Паліцыя заявіла, што дзейнічае ў межах сваіх паўнамоцтваў і паважае незалежнасць трыбунала.
Падзеі выклікалі рэзкую палітычную рэакцыю. Прэзідэнт Караль Наўроцкі перапыніў візіт у Сенегал і вярнуўся ў Польшчу. Лідар апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасці» Яраслаў Качыньскі назваў тое, што адбываецца, «замахам на Канстытуцыйны трыбунал». Прэм’ер Дональд Туск, наадварот, заявіў, што аднаўленне вяршэнства права патрабуе рашучых дзеянняў. Свянчкоўскі паабяцаў абмеркаваць далейшыя крокі з прэзідэнтам.
Апазіцыя называе тое, што адбываецца, дзяржаўным пераваротам і захопам Канстытуцыйнага трыбунала. Былы прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што не дапусціць «беларускіх метадаў у Польшчы».
Канфлікт звязаны з працяглай спрэчкай пра склад Канстытуцыйнага трыбунала і законнасць прызначэння суддзяў. У сакавіку 2026 года Сейм абраў шэсць новых суддзяў, але толькі двое прынеслі прысягу перад прэзідэнтам і пачалі працу. Астатніх чатырох не дапусціў да разгляду спраў старшыня Трыбунала Свянчкоўскі. Нягледзячы на ўмяшанне Еўрапейскага суда па правах чалавека, спрэчка не была вырашаная.
Каментары
Трэба законы чытаць, а не вярзець лухту. Суддзя ня можа сама здымаць астатніх суддзяў і захапіць установу сябе ў адну асобу выключна пры падтрымцы амонышаў. Гэтак жа, як не бывае суддзяў-"дублёраў". Суддзяў выбіраюць і прызначаюць па канстытуцыі выключна. А гэта чыста - бананавая рэспубліка.