Грамадства55

Моладзь Качанавай вязе ў Мінск расійскага архітэктара, які праектуе ідэалагічныя манументы для акупаваных гарадоў Украіны

«У Крыме мы аператыўна вырашылі праблему з надпісамі на ўкраінскай мове», — казаў Аляксей Комаў.

Аляксей Комаў. Фота: «Российская газета»

Беларускі саюз архітэктараў кліча спецыялістаў і студэнтаў на майстар-клас маскоўскага горадабудаўніка Аляксея Комава, які стаў кансультантам праекта па развіцці гістарычных мястэчак Беларусі. 

Пра запланаваную на 13 лістапада 2026 года лекцыю «Маякі Рускага свету: суверэнны адказ сучасным выклікам» паведаміў у сваіх сацсетках Беларускі саюз архітэктараў.

Мерапрыемства пройдзе ў канферэнц-зале Рэспубліканскага дома архітэктара. Уваход на сустрэчу абвешчаны вольным, да ўдзелу запрашаюць спецыялістаў і студэнтаў, каб абмеркаваць, як горадабудаўніцтва «становіцца формай цывілізацыйнага супраціву і апорай рускага суверэнітэту».

Афіша творчай сустрэчы з Аляксеем Комавым у Мінску. Фота: Беларускі саюз архітэктараў

Кансультант для Гальшанаў па лініі «Саюзнай дзяржавы»

Акрамя прафесійнага саюза архітэктараў, суарганізатарамі сустрэчы выступілі лідарская платформа «Каманда будучыні», створаная пры Маладзёжным савеце пры Савеце Рэспублікі пад патранатам Наталлі Качанавай, і яе даччыны праект — культурна-сацыяльны кластар «Встреча / Сустрэча». Кіруе апошняй ініцыятывай рэжысёрка кіно і тэлебачання Аляксандра Крот, удзельніца адзінаццатага набору «Каманды будучыні».

Кластар «Встреча / Сустрэча» пазіцыянуецца як сетка адкрытых культурна-дасугавых і грамадскіх прастор у малых гарадах Беларусі, а першай пляцоўкай для яго рэалізацыі выбраныя гістарычныя будынкі ў аграгарадку Гальшаны Ашмянскага раёна.

Аляксандра Крот, кіраўніца гальшанскага культурна-сацыяльнага кластара «Встреча / Сустрэча», у праекце «Каманды будучыні». Фота: інстаграм Крот

Візіт маскоўскага госця не абмяжуецца адной лекцыяй. Аўтары ініцыятывы прадставілі Аляксея Комава як свайго афіцыйнага «кансультанта па архітэктуры праекта». Паводле слоў арганізатараў, горадабудаўнік прыбывае ў Беларусь упершыню, а наперадзе іх чакае «прадуктыўнае супрацоўніцтва па лініі праектаў Саюзнай дзяржавы», паколькі расійскі спецыяліст «валодае каласальным досведам захавання ўнікальнай гістарычнай і эстэтычнай атмасферы ў гарадах, якія часта наведваюць турысты». 

Будынак былой бальніцы ў Гальшанах, які хоча аднавіць кластар «Встреча / Сустрэча».

Праўда, застаецца незразумелым, якім чынам спецыфічны досвед прапагандыста «рускага свету» можа дапамагчы ў развіцці мястэчка, чыя еўрапейская ідэнтычнасць і турыстычная слава грунтуюцца на руінах рэнесанснага замка Сапегаў і барочным комплексе касцёла ды кляштара францысканцаў.

«Быццам расійскі трыкалор у тайзе ці на Марсе»

На радзіме 51‑гадовы Аляксей Комаў, сын вядомага савецкага скульптара Алега Комава, вядомы перадусім як ідэолаг манументальнай прапаганды.

Ён з'яўляецца членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі мастацтваў, дырэктарам Міжнароднага інстытута архітэктуры і дызайну Універсітэта імя Грыбаедава, віцэ-прэзідэнтам Саюза архітэктараў Расіі і членам Савета па фарміраванні новага расійскага стылю, створанага пры падтрымцы Уладзіміра Пуціна на чале з ягонай дарадцай Аленай Ямпольскай. У кастрычніку 2026 года Комаў выступаў са сваім дакладам на міжнародным форуме «Каштоўнасці будучага свету. Расія», дзе суседнія секцыі ўзначальвалі філосаф Аляксандр Дугін і старшыня Ізборскага клуба Аляксандр Праханаў.

Эскізны праект «маяка Рускага свету» для акупаванага Сімферопаля. Фота: mayakrm.ru

Праект «Маякі Рускага свету», якому прысвечаны мінскі майстар-клас, Комаў запусціў у 2023 годзе сумесна з генеральным дырэктарам навінавага агрэгатара СМИ2 Юрыем Белавусавым і дарадцам кіраўніка анексаванага Крыма Алегам Кручковым.

Ініцыятыва «Маякі Рускага свету» не мае дачынення да марской ці рачной навігацыі. Гаворка ідзе пра стварэнне сеткі манументальных аб'ектаў, стэл і абеліскаў, якія куратары называюць «культурнымі рэтранслятарамі» для візуальнай маркіроўкі захопленых украінскіх тэрыторый.

Мадэль першага аб’екта ў праекце «Маякі Рускага свету», устаноўленая ў акупаваным Бярдзянску. Фота: mayakrm.ru

Як тлумачыў сам Комаў у інтэрв'ю парталу «Культуромания», мэта праекта — замацаваць прысутнасць імперыі ў гарадах, дзе за постсавецкія гады «адзіная руская культурная прастора была гвалтоўна разарваная».

Паводле яго слоў, манументы павінны выконваць функцыю сучаснай «Екацярынінскай мілі» на шляху прасоўвання расійскіх войскаў: «Быццам расійскі трыкалор у тайзе, на полюсе, на Марсе, яны скажуць: «Мы тут, гэта мы, гэта — наша».

У размове з газетай «Завтра» архітэктар наўпрост звязаў устаноўку такіх аб'ектаў і працу з гарадскім асяроддзем з ліквідацыяй украінскай мовы ў публічнай прасторы:

«Калі мы ўз'ядноўваліся з Крымам, то дастаткова аператыўна вырашылі праблемы, напрыклад, з надпісамі на ўкраінскай мове ў розных населеных пунктах. Цяпер гэта трэба рабіць на новых тэрыторыях.

Мы шмат гаворым пра вялікія праекты: будучыя «касмадромы», стадыёны, набярэжныя, — але чалавека, яго свядомасць штодня фарміруе навакольнае асяроддзе, у тым ліку на ўзроўні вачэй. Імперыя павінна ззяць, азараць сваёй прысутнасцю ўсё, аж да дробязяў».

Маяк «Партал новага часу» ў Купянску Харкаўскай вобласці, за якія цяпер ідуць жорсткія баі. Аўтар — Аляксей Селіванаў. Фота: mayakrm.ru

Першыя падобныя аб'екты і іх паменшаныя копіі ўжо ўсталяваныя ў Сімферопалі і перад маладзёжным цэнтрам у акупаваным Бярдзянску Запарожскай вобласці. Для Данецка распрацаваны маяк у форме шахцёрскага капра з крапаснымі зубцамі, для Луганска — стэла ў выглядзе доменнай печы з полымем, для Херсонскай і Запарожскай абласцей — канструкцыі, што сімвалізуюць Кахоўскую ГЭС і Запарожскую АЭС. Таксама ў каталогу праекта прадстаўлены манументы для Марыупаля, Алчэўска, Сватава і Купянска.

Амбіцыі аўтараў выходзяць далёка за межы лініі фронту. У экспазіцыі праекта ёсць архітэктурныя «маякі» для Кубы, Сахаліна, а таксама для ўкраінскіх гарадоў, якія знаходзяцца пад кантролем урада Украіны.

Першы варыянт «Маяка Рускага свету» для Куліковага поля ў Адэсе. Аўтар — член праўлення Саюза маскоўскіх архітэктараў Павел Сонін. Фота: mayakrm.ru

У прыватнасці, расійскія архітэктары падрыхтавалі два праекты манументаў для Куліковага поля ў Адэсе, насупраць дома прафсаюзаў, які ў 2014 годзе спрабавалі захапіць расійскія штурмавікі.

Акрамя таго, сузаснавальнікі праекта Юрый Белавусаў і Алег Кручкоў заяўлялі, што фінальны «Маяк Рускага свету» павінен з'явіцца ў цэнтры Кіева — на Майдане Незалежнасці, які плануецца перайменаваць у «Рускую плошчу» і забудаваць алеяй расійскіх цароў.

Паводле сцвярджэння Кручкова, канцэпцыі новых генеральных планаў для Кіева, Адэсы і Львова сіламі прыцягнутых расійскіх архітэктараў ужо гатовыя на 80%.

Другі варыянт «Маяка Рускага свету» для Куліковага поля ў Адэсе. Аўтар — Дзмітрый Пшанічнікаў. Фота: mayakrm.ru

Ад «крымскага архітэктурнага фронту» да «Вялікага Рускага стылю»

Уласны досвед працы з гістарычнымі гарадамі, які так зацікавіў аўтараў гальшанскага праекта, Комаў пачаў набываць у 2014 годзе. Пасля заканчэння Маскоўскага архітэктурнага інстытута ў 1999 годзе ён больш за дзесяць гадоў займаўся прыватнымі інтэр'ерамі ў Маскве, але пасля анексіі Крыма, паводле яго ўласнага выразу, адправіўся на «крымскі архітэктурны фронт» і стаў першым расійскім галоўным архітэктарам Еўпаторыі. Пазней у Севастопалі ён заснаваў Інстытут развіцця горада пры мясцовым універсітэце, а з 2019 па 2024 год працаваў галоўным архітэктарам Калугі ў рангу намесніка кіраўніка горада.

Цяпер Комаў разам з пісьменнікам Аляксандрам Праханавым і яго рухам «Руская мара» з'яўляецца сустаршынёй журы ўсерасійскага агляду-конкурсу «Вялікі Рускі стыль». Галоўным трыумфатарам гэтага конкурсу ў 2026 годзе сталі «Срэценскія майстэрні» пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Смірнова — аўтара Галоўнага храма Узброеных сіл Расіі у падмаскоўным парку «Патрыёт» і комплексу «Новы Херсанес» у Севастопалі.

Маяк «Каўчэг» у акупаваным Сватаве Луганскай вобласці. Аўтар — Яўген Спірын. Фота: mayakrm.ru

На іншым ідэалагічным мерапрыемстве — «Форуме будучыні 2050» у Маскве — Комаў дэманстраваў уласную графічную серыю «Планета Расія», дзе цэнтральным вобразам стаў беспілотнік «Рускі Арханёл», які ляціць да партала ў заўтрашні дзень, акаймаванага трыумфальнай аркай з лацінскім надпісам Mundo Russico.

У сваіх публічных выступах архітэктар настойвае, што горадабудаўніцтва — гэта палітычны інструмент, які «з насельніцтва робіць народ», а самі творцы ў цяперашніх умовах павінны стаць «воінамі-мастакамі» і «салдатамі культурнага фронту».

Тых прадстаўнікоў прафесійнай супольнасці, хто працягвае арыентавацца на заходнія ўзоры, Комаў абвінавачвае ў рабоце на праціўніка:

«Той, хто сёння на фоне кровапралітнай вайны за само права быць рускім замоўчвае, адмаўляе рускі пачатак у нашай культуры — здраднік сваёй Радзімы».

Змова USAID, беспілотнікі і настальгія па Берыі

Асобнае месца ў тэарэтычных выкладках новага кансультанта беларускіх праектаў займае крытыка сучаснага горадабудаўнічага заканадаўства і прыватнай уласнасці на зямлю. Комаў сцвярджае, што дзейны Горадабудаўнічы кодэкс і будаўнічыя нарматывы былі навязаныя Расіі ў 1990‑я гады на грошы амерыканскага агенцтва USAID і фондаў Джорджа Сораса з мэтай фізічнага і ментальнага знішчэння краіны.

Маяк-манумент «Вызваліцелям Данбаса» для ўзбярэжжа акупаванага Марыупаля. Аўтар - Дзяніс Стрытовіч. Фота: mayakrm.ru

Паводле яго слоў, менавіта праз гэтую «дыверсію» ліберальных урбаністаў насельніцтва сканцэнтравалася ў некалькіх буйных агламерацыях, а гарады пачалі забудоўваць шклянымі шматпавярховікамі, у тым ліку вакол вакзалаў і рэжымных аб'ектаў.

У выніку падчас ваенных дзеянняў такія будынкі ад удараў беспілотнікаў «разлятаюцца на аскепкі і ўжо самі здольныя забіваць людзей», тады як у савецкі час жылыя масівы праектаваліся з улікам патрабаванняў грамадзянскай абароны і падрыхтоўкі да вайны.

Каб выправіць сітуацыю і «скінуць аковы драпежных ліберальных забабонаў», архітэктар прапануе ліквідаваць цяперашнюю сістэму, калі будаўніцтва, генеральныя планы і ахова спадчыны падзеленыя паміж рознымі ведамствамі, а грамадскія будынкі праектуюцца праз сістэму дзяржаўных закупак і тэндараў. Замест гэтага ён заклікае стварыць адзінае Міністэрства архітэктуры з прамым падпарадкаваннем прэзідэнту, дзе архітэктары самі стануць уладай.

У якасці гістарычнага эталона эфектыўнага кіравання галіной Аляксей Комаў прыводзіць сталінскі перыяд пасля Другой сусветнай вайны:

«Нездарма ў савецкі пасляваенны час галоўныя архітэктары гарадоў фактычна знаходзіліся ў падпарадкаванні Берыі. Таму так хутка былі адноўленыя разбураныя гарады. Бо, па сутнасці, галоўны архітэктар адказвае за бяспеку горада — і фізічную, таму што гэта звязана з абаронай і са стратэгічнымі аб'ектамі, і эстэтычную».

Са спасылкай на даваеннага архітэктара Крыма Барыса Белазёрскага фармулюе ўмовы, пры якіх магчымае стварэнне паўнавартаснага горадабудаўнічага ансамбля:

«Архітэктура горада можа развівацца толькі пры адсутнасці прыватнай уласнасці альбо ў сувязі з нейкімі катастрофамі — войнамі, цунамі і іншымі бедамі. Гэта і трагедыя, і адначасова шанец на развіццё, на перазапуск гарадскіх праектаў».

Якія менавіта архітэктурныя рашэнні і «культурныя коды» ідэолаг «Маякоў Рускага свету» прапануе для былой рэзідэнцыі Сапегаў у Гальшанах і іншых малых мястэчак Беларусі ў рамках фінансавання па лініі «Саюзнай дзяржавы», пакуль не паведамляецца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары5

  • Gorliwy Litwin
    04.11.2026
    Ідэі гэтага архітэктара рэзаніруюць з канцэпцыяй "Мінск - горад СОНца" А. Клімава. Таму не дзіва, што знайшлі ў сталіцы Белых Русаў такі цёплы прыём.
  • Так
    04.11.2026
    Нічога ж дзіўнага, пакуль гэтая поскудзь знаходзіцца пры ўладзе, яна будзе цягнуць сюды рюскімір
    Гэць з нашай зямлі!
  • Ваўкалак
    04.11.2026
    Чарговы велікарускі шызоід.

Цяпер чытаюць

Партыя Трампа перажывае сапраўдны разгром1

Партыя Трампа перажывае сапраўдны разгром

Усе навіны →
Усе навіны

Красулін: Людзі ў беларускіх турмах не так рызыкуюць, як украінцы, у якіх ляцяць ракеты32

66‑гадоваму ксяндзу з Вілейкі далі тры гады. Яму шылі «здраду радзіме», а асудзілі па народным артыкуле 2

У Дняпры расійская ракета разбурыла хоспіс. Адтуль эвакуююць невылечна хворых людзей2

Лукашэнка: Я на перамовах з амерыканцамі і еўрапейцамі кажу: «Я гатовы перагарнуць старонку»45

Трагедыя ў іспанскім чэмпіянаце: гулец памёр у выніку сутыкнення з галкіперам

«Сіл няма, рэсурсаў няма, усе стаміліся». Лукашэнка заявіў, што вайна ва Украіне ў найбліжэйшыя месяцы будзе скончаная24

У ЗША пачынаецца вырашальны дзень прамежкавых выбараў у Кангрэс. Больш за 50 мільёнаў выбаршчыкаў ужо прагаласавалі1

Над Кіевам стварылі купал РЭБ супраць рэактыўных «Шахедаў»1

Мінчанка знайшла абгарэлыя купюры. Ці можна іх абмяняць?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Партыя Трампа перажывае сапраўдны разгром1

Партыя Трампа перажывае сапраўдны разгром

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць