Беларуска вядзе ў Расіі мільённы бізнэс — а дома яе палічылі дармаедкай
Дар’я Дземчанка — вядомая ў Санкт-Пецярбургу прадпрымальніца, валодае сеткай салонаў прыгажосці. Жанчына пакінула Беларусь шмат гадоў таму, але гэта не перашкодзіла беларускім уладам палічыць яе дармаедкай.

Калі Дар’і Дземчанка было 18, яна пераехала з роднага Віцебска ў Санкт-Пецярбург. Беларуска пайшла працаваць афіцыянткай, а заадно завочна вучылася маркетынгу і адкладала грошы на ўласны бізнэс.
У 2016‑м Дар'я заснавала сямейны салон прыгажосці «Расчашы», а потым адкрыла яшчэ некалькі салонаў пад гэтым брэндам. Яе ніша — сямейныя салоны: у кожным з іх ёсць дзіцячы пакой, а самі салоны знаходзяцца ў раёнах, дзе шмат сем’яў з маленькімі дзецьмі. Ёсць у Дар'і і свой курс па маркетынгу.
У канцы 2025‑га сетка «Расчашы» складалася з чатырох салонаў — тры належалі ўласна Дар’і і яшчэ адзін быў адкрыты па франшызе. На той час гадавы абарот яе сеткі складаў прыкладна 1,64 мільёна беларускіх рублёў. Пазней, калі ў Расіі змяніліся падатковыя правілы і выраслі цэны на арэнду і матэрыялы, Дар’я прадала адзін салон і зачыніла яшчэ адзін.
Дар’я таксама атрымала расійскае грамадзянства. Яе справы, аднак, мала цікавяць віцебскіх чыноўнікаў: тыя вырашылі, што беларуска — дармаедка.
Дар’я расказала ў сваім тыктоку, што два месяцы таму яе маці атрымала дзіўны званок:
«[Кажуць,] Дар’я Сяргееўна прапісаная ў вашым доме. Яна нідзе не працуе. Адкуль грошы і ўсё такое? Яна дармаедка. Мама ім тлумачыць — маўляў, мая дачка даўно жыве ў Расіі, яна грамадзянка Расіі і ў яе там бізнэс. Але ім было пофігу, і яны выклікалі міліцыю.
Прыйшла дахаты міліцыя, мама ім патлумачыла тое ж самае. Здаецца, неяк яны там паразумеліся і ад яе адсталі, але сам факт! Яны сказалі — маўляў, ну а што, мы будзем штрафаваць, бо грамадзянін Беларусі не можа не працаваць».
У каментарах Дар’і падказалі, што можна адносна лёгка вырашыць праблему — трэба перадаць беларускім уладам дакументы, якія пацвярджаюць, што яна вядзе бізнэс і плаціць падаткі ў Расіі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
Дэмакраты адбіраюць у рэспубліканцаў Сенат і Палату прадстаўнікоў у ЗША
Каментары