Іранка адкрыла ў Мінску арт-кафэ. Там прадаюць рэчы ручной работы і падаюць капучына з шафранам
Да беларускай сталіцы Парыса прывыкла не адразу. «Тэгеран — вельмі актыўны горад. Можаце ўявіць: людзі пачынаюць свой дзень у пяць-шэсць раніцы і сканчаюць а 9- 10‑й вечара. Але тут усе вельмі павольныя, ніхто нікуды не спяшаецца».

Іранка Парыса Тавакалі пераехала ў Беларусь пяць гадоў таму. Здарылася гэта, бо сям'я мужа-інвестара мае ў Беларусі бізнэс, і за ім трэба было наглядаць. Самой Парысе гэтае рашэнне тады падавалася няправільным, але яна пагадзілася з сям'ёй, расказала яна сваю гісторыю mlyn.by.
Першыя гады былі цяжкімі: іншы менталітэт, мова і клімат.
«Ведаеце, Тэгеран — вельмі актыўны горад. Можаце ўявіць: людзі пачынаюць свой дзень а пятай-шостай раніцы і сканчаюць а 9- 10‑й вечара. Але тут усе вельмі павольныя, ніхто нікуды не спяшаецца. Мяне сапраўды хвалявала тая сітуацыя, — прызнаецца Парыса. — Гэты спакой, напэўна, раздражняў мяне тады. Таму што я прыехала з вельмі вялікага горада, хуткага і стыльнага. Але тут я ніколі не бачыла такой актыўнасці».
Да таго ж жанчына нараджала трэцяе дзіця, не ведаючы рускай мовы. Цяпер старэйшая дачка Парысы, кажа іранка, ужо хутчэй беларуска: размаўляе па-руску амаль без акцэнту і спявае беларускія песні.
У Іране Парыса вяла тры бізнэсы: кнігавыданне, хатнія прадукты і арт-буцік.
У Мінску яна выкладае на факультэце міжнародных адносін. А каля трох з паловай гадоў таму адкрыла арт-прастору «Мон Шале», дзе спалучаюцца ўсходняя і заходняя культуры. Там праводзяць майстар-класы па кераміцы і свечках, працуе буцік рэчаў ручной работы. У кафэ падаюць іранскія напоі, напрыклад капучына з шафранам і латэ масала.

Спачатку кафэ было ў раёне «Маяк Мінска» і не карысталася асаблівай папулярнасцю. Месяц таму яно пераехала ў гістарычны цэнтр, побач з Вялікім тэатрам, і цяпер справы ідуць значна лепш.
«На адкрыццё да нас прыйшло, напэўна, больш за сотню чалавек. У нас не было нейкай сур'ёзнай рэкламы, толькі пост у сацсетках. Я была ў шоку, нават трохі расплакалася (для мяне гэта сорамна), калі ўбачыла столькі людзей», — дзеліцца Парыса.
У кафэ ёсць кавалачак Ірана: кніга паэта Саадзі і копіі старых іранскіх карцін, прывезеныя з радзімы Парысы.
У Іране Парыса не была два з паловай гады і хоча вярнуцца, калі сітуацыя там палепшыцца. Аднак пра пераезд яна не шкадуе: кажа, што ў Беларусі пасталела і стала мацнейшай. Цяпер яна лічыць Беларусь сваім другім домам і, калі ад'язджае, сумуе па ёй.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары