Прэм'ер-міністр Італіі заклікала вызначыцца з прадстаўніком Еўрасаюза на перамовах аб завяршэнні вайны ва Украіне. Яна раскрытыкавала «нескаардынаваныя паводзіны» лідараў краін ЕС, піша DW.

Кіраўніца італьянскага ўрада запатрабавала дакладна вызначыць, хто будзе прадстаўляць Еўрасаюз на перамовах аб спыненні вайны ва Украіне.
«Я па-ранейшаму настойваю на тым, каб раз і назаўсёды было вырашана, хто менавіта будзе сядзець за сталом перамоваў ад імя Еўрасаюза і з якім мандатам», — напісала Мелоні старшыні Еўрапейскай рады Антоніу Кошце ў лісце.
Мелоні падкрэсліла, што «нескаардынаваныя паводзіны» ў ЕС не прынясуць карысці ні ў адносінах з саюзнікамі, ні ў працы з тымі, каго неабходна пераканаць «спыніць бессэнсоўную агрэсію».
«Я перакананая, што, ствараючы вобраз Еўропы, якая дзейнічае хаатычна, мы служым толькі інтарэсам тых, хто хоча працягваць гэтую вайну», — цытуе ліст агенцтва AFP.
Мелоні прапанавала абмеркаваць пытанне прадстаўніцтва на сустрэчы ў Дубліне
У лісце да Кошты кіраўніца італьянскага ўрада прапанавала абмеркаваць гэтае пытанне на нефармальнай сустрэчы Еўрапейскай рады ў Дубліне, якая адбудзецца 13 лістапада.
Гэта дазволіць Еўрапейскай радзе афіцыйна прыняць рашэнне аб тым, хто будзе прадстаўляць ЕС на перамовах аб міры ва Украіне, падчас саміту ў Бруселі 17—18 снежня, дадала Мелоні.
Раней Мелоні крытыкавала асобныя ініцыятывы лідараў краін ЕС, якія, на яе думку, размываюць адзіную пазіцыю Еўрасаюза адносна вайны Расіі супраць Украіны.
У прыватнасці, з Рыма прагучала крытыка тэлефоннай размовы паміж прэзідэнтам Фінляндыі Аляксандрам Стубам, прэм'ер-міністрам Нарвегіі Ёнасам Гарам Сцёрэ і прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары