Апартаменты — у цэнтры сталіцы недалёка ад плошчы Перамогі.

Кватэра ў «сакрэтным доме»
Кватэра знаходзіцца ў 5‑павярховым доме па вуліцы Румянцава, 7. Гэта адзін з трох дамоў, кватэры ў якіх першапачаткова ў свабодны продаж не выстаўлялі: іх магло набыць толькі абмежаванае кола асоб. Таму гэтыя дамы ў народзе часам называлі «сакрэтнымі». У свой час яны ўваходзілі ў топ эксклюзіўных аб’ектаў сталіцы.
У доме, дзе цяпер прадаюць апартаменты, усяго дзесяць кватэр.
Тая, што ў продажы, — 4-пакаёвая, на трэцім паверсе, з агульнай плошчай 163 квадраты.
Рамонт выкананы ў класічным палацавым стылі з элементамі барока і неакласікі.

Самае вялікае памяшканне мае плошчу 58 метраў, з яго можна трапіць на 12‑метровую кухню без вокнаў у сярэдзіне кватэры.

Таксама ёсць дзве спачывальні на 13 і 19 метраў. У малой спальні — невялікая гардэробная і асобны санвузел з душавой кабінай, доступ да якога ёсць толькі праз сам пакой.

Другая, вялікая, спачывальня мае эркер і вялікі ложак з масіўным разьбяным падгалоўем залацістага колеру і аксамітнай абіўкай. З пакоя вядуць дзверы ў гардэробную плошчай чатыры квадраты.

Побач са спальняй знаходзіцца прасторны санвузел плошчай амаль 10 метраў. У ім памясціліся вуглавая ванна і душавая кабіна. У асобным куце стаяць пралка і сушылка.

У адрозненне ад астатняй часткі кватэры, санвузлы ў ёй выкананы ў больш сучасным стылі.
Таксама ў кватэры ёсць трэці, гасцявы, санвузел, дзе стаіць толькі ўнітаз і рукамыйнік.

Апошні, чацвёрты пакой, плошчай 13 квадратаў, уласнікі зрабілі працоўным кабінетам у класічным англійскім стылі.
За такую кватэру ў доме ў самым цэнтры Мінска — з прыватнай тэрыторыяй, кругласутачнай аховай, відэаназіраннем, кансьержам і падземным паркінгам — просяць 4,5 мільёна рублёў, што каля $1,5 мільёна. Гэта каля $9300 за квадрат, што робіць кватэру адной з самых дарагіх у Мінску.
Ці часта ў Мінску прадаюць такія дарагія на кватэры?
Пакуль самай дарагой кватэрай у Мінску, прададзенай за ўвесь час, лічацца апартаменты ў жыллёвым комплексе «Камфорт Парк» па адрасе Грыбаедава, 21. Кватэру на 168 метраў прадалі гэтым летам за $1,167 мільёна, амаль па $7000 за метр. І гэта за кватэру з голымі сценамі.
Што да трох «сакрэтных» дамоў на Румянцава, то ў адным з іх у 2024‑м прадавалася трохпакаёўка на 132 квадраты. Тады за яе прасілі $750 тысяч ($5585 за метр).
А ў канцы 2024 года там жа прадаваліся апартаменты з басейнам, рускай лазняй і саўнай.
Агульная плошча іх складала больш за 360 квадратаў, а жылая — каля 185. І прасілі за кватэру $1,95 мільёна.

Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары