«Газпрам Цэнтр» у Мінску збіраюцца дабудаваць да канца наступнага года
У Мінску плануюць завяршыць будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу «Газпрам Цэнтр» да канца 2027 года. Пра гэта заявілі 4 лістапада падчас выязной нарады пад кіраўніцтвам старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Комплекс узводзяць на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава, на месцы былога аўтавакзала «Маскоўскі». Праект уключае сем будынкаў рознай паверхавасці, аб'яднаных агульнай стылабатнай часткай. Цэнтральным элементам стане 36‑павярховы хмарачос вышынёй 189 метраў. Пасля завяршэння будаўніцтва ён павінен стаць самым высокім будынкам у Беларусі.

Паводле слоў прадстаўніка кампаніі «Газпрам трансгаз Беларусь» Аляксандра Парая, амаль усе работы па ўзвядзенні жалезабетонных канструкцый ужо завершаныя. Цяпер будаўнікі мантуюць металічныя элементы нахіленага фасада і фасадныя сістэмы, узводзяць унутраныя перагародкі, тынкуюць іх і пракладаюць інжынерныя сеткі. Адначасова працягваецца будаўніцтва падмуркаў і маналітных канструкцый ніжняй часткі хмарачоса.

Асаблівасцю праекта стаў масіўны падмурак: яго трымаюць 483 буранабіўныя палі даўжынёй 32—35 метраў і дыяметрам 820 міліметраў. На іх усталяваная падмуркавая пліта таўшчынёй 3,5 метра, для якой выкарысталі каля 9000 кубаметраў бетону.

Асобную ўвагу пры будаўніцтве надаюць бяспецы і далейшаму абслугоўванню будынка. На нахіленым даху хмарачоса прадугледжаныя два спецыяльныя люкі, праз якія пры неабходнасці будуць вылучацца вышынныя краны. Яны спатрэбяцца для абслугоўвання фасада і замены шкляных элементаў. Зараз на будоўлі працуе каля 900 чалавек, але ў далейшым колькасць работнікаў плануюць павялічыць.
«Газпрам Цэнтр» задуманы як асобны гарадскі комплекс з офісамі, гатэлем, медыцынскім рэабілітацыйным цэнтрам і гандлёвымі аб'ектамі. У хмарачосе размесціцца офіс «Газпрам трансгаз Беларусь», а на верхніх паверхах — рэстаран з панарамным відам на Мінск.

Таксама праект прадугледжвае вялікі паркінг, зоны адпачынку, амфітэатр для масавых мерапрыемстваў і кінапаказаў пад адкрытым небам, фантан і малыя архітэктурныя формы. Улады раёна разлічваюць, што тэрыторыя стане месцам адпачынку не толькі для супрацоўнікаў комплексу, але і для ўсіх жыхароў горада. Тут плануюць праводзіць бясплатныя кінапаказы, творчыя конкурсы і музычныя фестывалі.
Агульная плошча комплексу складзе 200 тысяч квадратных метраў, а плошча яго фасадаў — 60 тысяч квадратных метраў. Вага хмарачоса ацэньваецца ў 160 тысяч тон. Дзякуючы агульнай стылабатнай частцы паміж усімі сямю будынкамі можна будзе перамяшчацца, не выходзячы на двор.
Каментары