Культура

У гістарычным цэнтры Магілёва за паўмільёна даляраў прадаюць ружовы будынак ваенкамата

Гарадскія ўлады вырашылі прадаць з аўкцыёну комплекс з трох двухпавярховых будынкаў у самым цэнтры Магілёва, якія апусцелі пасля пераезду вайсковага камісарыята на новую пляцоўку. Два з трох карпусоў з'яўляюцца помнікамі архітэктуры XIX стагоддзя і маюць няўлічаныя перабудовы, якія новаму ўласніку абяцаюць дараваць і не лічыць самабудам.

Будынак былога ваенкамата па Камісарыяцкім завулку, 4. Фота: Wikimedia Commons 

Інфармацыя пра продаж комплексу з'явілася на электроннай гандлёвай пляцоўцы Беларускай універсальнай таварнай біржы. Гарадскі ваенкамат вызваліў гэтыя памяшканні яшчэ ў снежні 2024 года, пераехаўшы на вуліцу Крупскай, і амаль праз два гады пустуючую нерухомасць за будынкам гарвыканкама выставілі на таргі.

Аўкцыён прызначаны на 30 лістапада 2026 года, заяўкі ад ахвотных прымаюцца да 25 лістапада. Пачатковы кошт лота складае 1 652 153 рублі, што эквівалентна прыкладна 555 тысячам даляраў. Для ўдзелу ў таргах патэнцыйнаму інвестару неабходна ўнесці задатак у памеры 330 400 рублёў. Уласнікам будынкаў выступае горад, а непасрэдным прадаўцом — ЖРЭУ Ленінскага раёна Магілёва, якое гатовае даць пакупніку растэрміноўку аплаты тэрмінам да трох гадоў.

Будынак былога ваенкамата па Першамайскай вуліцы, 26А. Фота: et.butb.by

«Амністыя» за самавольныя перабудовы

У склад адзінага лота ўваходзяць адразу тры двухпавярховыя цагляныя адміністрацыйныя будынкі па Камісарыяцкім завулку, 4 і 6, а таксама па вуліцы Першамайскай, 26А. Іхняя плошча складае 466,5, 430,3 і 355,3 квадратнага метра адпаведна. Пераможца таргоў таксама атрымае права арэнды зямельнага ўчастка плошчай 0,163 гектара тэрмінам на 15 гадоў.

Два меншыя будынкі з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі ў складзе гістарычнага цэнтра Магілёва. Абодва помнікі прадаюцца паводле фактычнага стану без правядзення праверкі характарыстык.

Будынак былога ваенкамата па Камісарыяцкім завулку, 6. Фота: Wikimedia Commons 

Высветлілася, што за час эксплуатацыі вайскоўцамі ў будынку плошчай 430,3 м2 былі самавольна змененыя форма і памер ганка, а таксама часткова замураваныя вокны ў падвале, у суседнім жа корпусе быў дабудаваны тамбур.

Каб гэтыя парушэнні не адпудзілі пакупнікоў, улады прапісалі ўмову: калі новы ўласнік на працягу двух месяцаў пасля куплі звернецца ў Магілёўскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, выяўленыя разыходжанні ў тэхнічных дакументах не будуць прызнавацца самавольным будаўніцтвам.

Тарцавы фасад будынка былога ваенкамата па Камісарыяцкім завулку, 6. Фота: et.butb.by

Спадчына Рыўкі Капысцер і пасляваенны Ільнотрэст

Сам завулак, дзе стаяць будынкі, атрымаў назву Камісарыяцкага ў савецкі час менавіта дзякуючы ваенкамату, а да рэвалюцыі ён называўся Гарохавым. Найбольш вядомы гараджанам галоўны ружовы корпус па Камісарыяцкім завулку, 4 — помнік архітэктуры канца XIX стагоддзя. Ён узводзіўся як прыватны даходны дом: другі паверх з арачнымі вокнамі ў складаных белых ліштвах быў жылым, а першы паверх з лучковымі праёмамі здаваўся пад крамы і розныя ўстановы. Да савецкай нацыяналізацыі 1924 года гэтая сядзіба з мураваным флігелем і гаспадарчымі пабудовамі належала Рыўцы Капысцер.

Галоўны фасад будынка былога ваенкамата па Камісарыяцкім завулку, 6. Фота: heritage.gov.by

Суседні двухпавярховы будынак у стылі эклектыкі па Камісарыяцкім завулку, 6, які сваім галоўным фасадам выходзіць ва ўнутраны двор былога ваенкамата, паводле неўдакладненых звестак быў узведзены ў 1903 годзе. Да прыходу бальшавікоў і нацыяналізацыі ў 1920‑я гады на яго першым паверсе таксама працавалі прыватныя гандлёвыя крамы і рамесныя майстэрні, а верхні паверх выкарыстоўваўся пад жыллё.

Падчас Другой сусветнай вайны гэты корпус пацярпеў, але быў адбудаваны ўжо ў 1945 годзе. Першыя шэсць пасляваенных гадоў, да 1951 года, у ім размяшчаўся абласны Ільнотрэст. Пасля капітальнага рамонту 1973 года будынак страціў частку гістарычнага дэкору фасадаў і быў канчаткова перададзены пад адміністрацыйныя патрэбы гарадскога ваеннага камісарыята, які займаў увесь гэты квартал больш за паўстагоддзя.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна16

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

Моладзь Качанавай вязе ў Мінск расійскага архітэктара, які праектуе ідэалагічныя манументы для акупаваных гарадоў Украіны34

Дэмакрат упершыню за 30 гадоў стане губернатарам Тэхаса — аплоту рэспубліканцаў3

Трамп паабяцаў прыняць перамогу дэмакратаў2

Дэмакраты адбіраюць у рэспубліканцаў Сенат і Палату прадстаўнікоў у ЗША21

Ужо не 36,6. За 150 гадоў людзі сталі халаднейшымі8

Вы «сава» ці «жаўранак»? Навукоўцы навучыліся вызначаць гэта па валасах1

Беларускія дактары ўпершыню выратавалі немаўля без паловы дыяфрагмы

Пад Самарай пасля ўдару Украіны другія суткі гарыць адно з найбуйнейшых сховішчаў нафты ў Еўропе1

У Літве ўрачыста адзначылі 100‑годдзе былога прэзідэнта Валдаса Адамкуса. Быў і сам юбіляр ФОТЫ1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна16

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць