Беларускія дактары ўпершыню выратавалі немаўля без паловы дыяфрагмы
У Беларусі ўдалося выратаваць немаўля з надзвычай рэдкім парокам развіцця — адсутнасцю паловы дыяфрагмы. Таксама медыкі правялі карэкцыю прыроджанага пароку сэрца. Пра гэта паведамілі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай хірургіі, піша БелТА.

Падобны парок лічыцца несумяшчальным з жыццём: звычайна дзеці паміраюць у першыя гадзіны пасля нараджэння. Каб стабілізаваць стан немаўляці, медыкі падключылі яго да апарата экстракарпаральнай мембраннай аксігенацыі (ЭКМА), які часова выконваў функцыі сэрца і лёгкіх.
Праз некалькі дзён дзіцяці правялі ўнікальную аперацыю: аднавілі дыяфрагму з дапамогай уласных мышцаў. Яшчэ праз тыдзень хірургі выканалі другую аперацыю — на сэрцы.
У цэнтры адзначылі, што гэта першы выпадак у Беларусі, калі дзіця з такім рэдкім і цяжкім парокам выжыла. Нават у найбуйнейшых сусветных медыцынскіх цэнтрах, дзе ёсць высокакваліфікаваныя спецыялісты і неабходнае абсталяванне, выжывальнасць пры падобнай паталогіі не перавышае 5—6%. Пры гэтым гаворка ідзе пра выпадкі, калі ў малечы няма дадатковага пароку сэрца.
Комплекснае лячэнне праводзіла міждысцыплінарная брыгада, у якую ўваходзілі рэаніматолагі, спецыялісты экстракарпаральнага кровазвароту, дзіцячыя хірургі і кардыяхірургі.
У выніку немаўля ўдалося перавесці на самастойнае дыханне. Цяпер яго рыхтуюць да выпіскі.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары