Пальчыс заявіў, што гэта ён каардынаваў пратэсты 2020 года з Мінска і пісаў планы першых маршаў
Эдуард Пальчыс расказаў, што быў галоўным каардынатарам чата «Хата». Ён таксама патлумачыў, чаму дагэтуль не гаварыў пра гэта публічна.

Я хацеў бы растлумачыць усё вялікай колькасці сяброў, знаёмых і незнаёмых мне людзей, якія за апошнія 6 гадоў аказалі мне велізарную падтрымку.
Многія з іх не ведаюць, за што канкрэтна мне далі 13 гадоў. Чаму судзілі аднаго. Чаму пасля выхаду я дагэтуль не даў ніводнага інтэрв'ю.
На відэа ў гэтым фрагменце Ромка расказвае праўду.
Тое, чаго ён не сказаў па тэлевізары, але сказаў у маёй крымінальнай справе, — гэта тое, што я быў галоўным каардынатарам таго самага чата «XATA».
План сабрацца 9 жніўня каля Стэлы, планы першых 8 маршаў, «План Перамогі» і практычна кожны вялікі тэкст, які вы чыталі ў NEXTA, «Беларусь головного мозга», МКБ і гэтак далей, — усё гэта было напісана мною або зыходзіла пераважна ад мяне. Як і шмат-шмат іншага.
У тым ліку наземная каардынацыя маршаў у рэальным часе. Мы каардынавалі і планавалі акцыі, ЗНАХОДЗЯЧЫСЯ Ў МІНСКУ, таму было вельмі забаўна ў турме чытаць пра ролю спецслужбаў ЗША, Польшчы, Чэхіі, Украіны, Літвы, Германіі і каардынацыі пратэстаў.
Асабліва адораныя (з нашых, дарэчы) умудрыліся нават Расію да гэтага прыпісаць. Расчарую вас, хлопцы, але не. Усё было куды больш празаічна. Ногі ў мяне гарэлі, а ўдзельнікі маршаў не раз прымалі мяне за ціхара (стыль адзення і маска на твары), што часам несла для мяне рызыкі не меншыя, чым сустрэча з КДБ.
Натуральна, што, акрамя мяне, велізарныя намаганні прыкладалі іншыя ўдзельнікі чата. А таксама было мноства камандных чатаў з цудоўных людзей, можна сказаць, «ноўнэймаў», якія ў той момант рабілі фантастычныя рэчы.
Менавіта вы, хлопцы і дзяўчаты, на ўсё жыццё застаяцеся маімі героямі. На жаль, вас усіх ужо не знайсці і не аддзячыць, але хоць так перадаю вам баявое прывітанне.
Я магу пра гэта напісаць, бо 16 верасня Джон Коўл вывез з Беларусі апошняга ўдзельніка нашай групы — Яўгена Юшкевіча, былога следчага і айцішніка. Пакуль ён знаходзіўся там, я маўчаў. Як і падчас майго зняволення маўчалі практычна ўсе, хто ведаў пра маю ролю.
Таму пасля выхаду было вельмі смешна назіраць за дзеяннямі некаторых персанажаў, якія ўсяляк спрабавалі пахайпаваць і падзяліць лаўры 2020 года, хоць нават блізка да гэтых працэсаў не стаялі.
Хтосьці нават паспеў напісаць кнігі і з'ездзіць з імі ў турнэ. Мая ім парада — пачынайце супакойвацца і будзьце крыху сціплейшымі.
І таксама я пакуль што маўчу пра дзеянні ў крытычныя моманты 2020 года некаторых агульнавядомых персанажаў. Таму што я паважаю іх як палітвязняў і не хачу выклікаць срачы і бурныя рэакцыі. Пакуль што.
Прашу прабачэння ва ўсіх журналістаў і СМІ за тое, што ігнараваў іх увесь гэты час. І дзякуй, што некаторыя з вас маўчалі, ведаючы пры гэтым усё.
Спадзяюся, што ў хуткім часе буду патроху нешта вам расказваць. Беларусы дрэнна ведаюць сваю сучасную палітычную гісторыю — пастараемся гэта неяк выправіць.
Пальчыс пра ліст Калеснікавай і Золатавай: «За ўсё добрае, супраць усяго дрэннага», але ў рэальнасці гэта пакіне 9 мільёнаў у лакальным КНДР
Пальчыс: Пратасевіч нават не паспрабаваў зламаць тэлефон і ноўтбук, выкінуць іх у туалет — што заўгодна
Пальчыс: Я супраць дапамогі тым палітвязням, хто ў зняволенні працаваў на адміністрацыю
Пальчыс заклікаў не перапісваць гісторыю 2020 года: Не шукайце лжывых версій мінулага
Пальчыс пра Латыпава: Ён у вельмі дрэнным стане, суіцыдальныя думкі, 1,5 года адзіночкі
Эдуард Пальчыс вярнуўся ў твітар
Цяпер чытаюць
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
Каментары
[Зрэдагавана]