Маці кінула трох дзяцей у клятчастых торбах у розных месцах. Яны знайшлі адно аднаго праз дзясяткі гадоў
Дзяцей падкінулі па розныя бакі ірландскай мяжы. Аднаго — у незачыненае аўто, другое — у тэлефонную будку.

Ірландская маці пакінула трох сваіх дзяцей у сумках у розных месцах. Яны даведаліся адно пра аднаго толькі праз шмат гадоў, расказвае BBC.
Дэвід Макбрайд вырас у Белфасце ў любячай прыёмнай сям'і і заўсёды ведаў, што яго ўсынавілі. У 15 гадоў ён атрымаў пасведчанне пра нараджэнне і ўбачыў, што яно амаль пустое: бацькі невядомыя, нават месца і дата нараджэння не пазначаныя. Яго знайшлі немаўлём на пярэднім сядзенні незачыненага аўтамабіля, у клятчастай сумцы і ў блакітнай вопратцы.
Тады ў Паўночнай Ірландыі такое здаралася так рэдка, што гісторыя трапіла на першыя старонкі газет. Дзесяцігоддзі пошукаў амаль нічога не далі. Нарэшце па парадзе сястры ён зрабіў ДНК-тэст і знайшоў родную сястру.
Хелен Уорд была на сем гадоў маладзейшая. Яе знайшлі ў 1969 годзе па другі бок ірландскай мяжы: у зялёнай клятчастай сумцы ў тэлефоннай будцы, з цёплай бутэлечкай і запасной вопраткай. Знайшоў яе вадзіцель грузавіка. Яна таксама вырасла ў прыёмнай сям'і і пачала шукаць маці, калі сама нарадзіла дзяцей. Брата яна знайшла, калі сябар падараваў ёй хатні набор для ДНК-тэсту.

Іх родная маці памерла ва ўзросце 90 гадоў незадоўга да таго, як брат і сястра знайшлі адно аднаго. Бацька памёр яшчэ раней. Высветлілася, што маці была вясковай дзяўчынай з заходняга ўзбярэжжа Ірландыі і пераехала ў Дублін. Там яна сустрэла бацьку, кіраўніка музычнага гурта. Іх раман доўжыўся каля 40 гадоў, але яны парушалі занадта шмат забаронаў тагачаснай кансерватыўнай Ірландыі: ён быў жанаты, быў пратэстантам, а яна каталічкай, і дзеці нараджаліся па-за шлюбам.
Але гэта яшчэ не ўся гісторыя. Калі адна маладая жанчына з Аўстраліі ўбачыла тэлепраграму пра Дэвіда і Хелен, яна задумалася пра свайго бацьку-ірландца Джона. Аказалася, што Джон Даўлінг сапраўды іх брат — трэцяе, сярэдняе па ўзросце дзіця.

У Дэвіда і Хелен шмат пытанняў да дзеянняў маці, але асуджаць яе яны не могуць. Хелен кажа, што пакінуць трох немаўлят адразу пасля нараджэння было для яе, напэўна, жахліва. Дэвід бачыў відэа, на якім састарэлая маці трымае ляльку і не хоча яе аддаваць. Ён думае, што так яна ў канцы жыцця перажывала страту трох дзяцей.
Каментары