У Літве ўрачыста адзначылі 100‑годдзе былога прэзідэнта Валдаса Адамкуса. Быў і сам юбіляр ФОТЫ
Калі Адамкус выйшаў на сцэну Літоўскага нацыянальнага тэатра оперы і балета, дзе праводзілася ўрачыстая імпрэза, прысутныя сустрэлі яго апладысментамі і скандавалі словы падзякі, піша Delfi.lt.

Валдас Адамкус заявіў, што ў барацьбе за свабоду народа і дзяржавы не дасягнуў бы нічога без падтрымкі літоўцаў.
«Я гляджу на вас з удзячнасцю за тое, што сёння мы разам. І за тое, што ў розныя перыяды жыцця былі побач — працавалі, вырашалі справу свабоды Літвы, будавалі сваю дзяржаву», — сказаў былы прэзідэнт Літвы
Ён адзначыў, што на працягу жыцця неаднаразова задумваўся пра тое, як гісторыя ўплывае на чалавека і як чалавек можа ўплываць на ход гісторыі. Найбольшы ўплыў на яго лёс, паводле слоў Адамкуса, аказалі падзеі сярэдзіны XX стагоддзя — савецкая, нацысцкая і паўторная савецкая акупацыі Літвы.
Яшчэ ў маладосці ён зразумеў, якую каштоўнасць мае свабода, і гэта стала асновай яго жыццёвых перакананняў. Адамкус падкрэсліў, што імкнуўся абараняць свабоду сябе, свайго народа і сваёй дзяржавы. Сваёй апорай ён назваў людзей, з якімі яму давялося і даводзіцца супрацоўнічаць.

Былы прэзідэнт падзякаваў усім, з кім разам ішоў літоўскім шляхам, і асабліва звярнуўся да моладзі. Ён нагадаў, што неаднойчы пытаўся ў маладых людзей, хто, калі не яны, будзе будаваць будучыню радзімы і ўмацоўваць яе на аснове свабоды і дэмакратыі. Адамкус падзякаваў тым, хто адказвае на гэта пытанне сваёй штодзённай працай.
Асобна ён згадаў сваю жонку Алму Адамкене, якая памерла ў маі 2023 года ў 96 гадоў і разам з якой Валдас Адамкус пражыў 72 гады. Адамкус назваў яе найвялікшым Божым дарам і падарункам лёсу. Паводле яго слоў, разам яны прайшлі доўгі жыццёвы шлях, на якім хапала і цяжкасцяў, і выпрабаванняў.
Валдас Адамкус нарадзіўся 3 лістапада 1926 года ў Коўне. У ліпені 1944 года разам з бацькамі выехаў у Германію, вывучаў прыродазнаўчыя навукі ў Мюнхенскім універсітэце.
У 1949 годзе Адамкус пераехаў у ЗША. У 1960‑я гады актыўна заняўся грамадскай і палітычнай дзейнасцю, а пазней пачаў працаваць у Федэральным агенцтве ЗША па ахове навакольнага асяроддзя. Ён таксама актыўна ўдзельнічаў у грамадскім і палітычным жыцці літоўскай дыяспары.
Пасля аднаўлення незалежнасці Літвы Валдас Адамкус вярнуўся на радзіму і два разы быў абраны прэзідэнтам краіны — спачатку ў 1998, а пасля ў 2004 годзе.
Каментары