«Прапанавалі каву, бутэрброд — а потым адвезлі ў СІЗА». Уладальнік «Новага зроку» расказаў, як яго затрымалі па ноце Інтэрпала
Заснавальнік сеткі афтальмалагічных клінік «Новы зрок» Алег Каўрыгін стаў госцем новага выпуску ТОКу. Сярод іншага ён расказаў, як трапіў у львоўскі СІЗА праз міжнародны вышук, ініцыяваны беларускімі ўладамі.

У 2023 годзе ў Беларусі разгарнуўся канфлікт вакол сеткі клінік «Новы зрок». Улады пазбавілі іх ліцэнзій, а пазней супраць уладальніка бізнэсу завялі крымінальную справу. У 2024 годзе Каўрыгіна завочна прысудзілі да 12 гадоў калоніі. Сам ён лічыць, што за ягоным пераследам стаіць спроба захапіць паспяховы бізнэс.
У інтэрв'ю Каўрыгін расказаў, што першапачаткова не ўсведамляў маштабу праблем і нават збіраўся прыехаць у Беларусь, каб асабіста ўдзельнічаць у судовым працэсе.
«Думаў, што гэта проста нейкі буйны наезд, з якім можна разабрацца законнымі метадамі», — згадаў ён.
Падчас выезду з Украіны ў Польшчу высветлілася, што Каўрыгін знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Па словах бізнэсмена, на мяжы спрацавала чырвонае апавяшчэнне Інтэрпала.
«Мяне ўкраінскі бок папрасіў прайсці ў кабінет памежнай варты, дзе мне прапанавалі надзець кайданкі. Я сказаў: хлопцы, пачакайце адну секунду, давайце высветлім сітуацыю, хто я такі. Вось інтэрнэт, давайце паглядзім, чыя нота. Ён паглядзеў і кажа: «беларуская». Я кажу: вось паглядзіце, што я зрабіў. Я зрабіў мірны шпіталь [ва Украіне]. Зразумела, гэта раздражняла, відаць, беларускія ўлады. Вось мой пашпарт грамадзяніна Мальты. Якое я маю дачыненне да Беларусі? Ніякага».
Паводле Каўрыгіна, пасля гэтага стаўленне памежнікаў змянілася. Кайданкі на яго так і не надзелі.
«Прапанавалі мне каву, прапанавалі бутэрброд, сказалі: у нас усё роўна ёсць працэдура, ты павінен яе прайсці, мы цябе зараз у СІЗА, адкатаем пальцы і гэтак далей».
Каўрыгін успамінае, што адправіў свайго кіроўцу вырашаць пытанне з адвакатам, бо стаяла пытанне аб экстрадыцыі ў Беларусь па ноце Інтэрпала.
«Мяне прывезлі ў СІЗА Львова. (…) Там, дзе было неабходна, мяне ветліва прасілі надзець кайданкі і прайсці пад відэакамерамі некалькі крокаў у кайданках. Потым з мяне знялі гэтыя кайданкі, таму што мяне ведаюць як вядомага афтальмолага. (…)
Мне далі цудоўны пакой, прахалодны, добры, два матрацы, падушкі, кніг цэлую кучу, прапанавалі паесці», — згадвае Каўрыгін.
Па словах бізнэсмена, яму прынеслі ўкраінскі вайсковы сухі паёк, які можна было самастойна разагрэць з дапамогай спецыяльнага хімічнага награвальніка.
У львоўскім СІЗА, па словах Каўрыгіна, ён правёў два дні. Паводле яго, адвакат не змог прыехаць адразу, таму суд адбыўся не ў першы дзень. Сам бізнэсмен праводзіў час за чытаннем і сном.
«Чытаў, спаў, высыпаўся. Спакойна еў, не абмяжоўвалі ў харчаванні, бо харчаванне мне давалі ў вайсковых пайках. (…). Чай прапаноўвалі, кіпень. Калі трэба, без праблем душ, хочаш раз, хоць два, хоць тры разы ў дзень хадзі», — згадаў ён.
Як даводзіць Каўрыгін, супрацоўнікі СІЗА таксама падтрымлівалі яго і запэўнівалі, што ніхто не стане выдаваць яго беларускім уладам. Аднак пэўныя сумневы наконт свайго далейшага лёсу ў яго ўсё ж былі. Асабліва падчас судовага пасяджэння.
«Калі быў суд, прыйшоў пракурор і сказаў: трэба, вядома, выдаць. Але, відаць, гэта такая пазіцыя ўсіх пракурораў. Гэта было здзіўленнем для мяне і майго адваката», — расказаў Каўрыгін.
Паводле бізнэсмена, яго абарону ажыццяўляў былы намеснік пракурора Кіеўскай вобласці. Адвакат спасылаўся на адсутнасць консульскіх адносін паміж Украінай і Беларуссю, вайну і іншыя абставіны, якія перашкаджалі выдачы. У выніку суд адпусціў бізнэсмена пад асабістае абавязацельства з'яўляцца па выкліку. Яму вярнулі дакументы.
Праўда, на гэтым гісторыя з міжнародным вышукам не скончылася. Разгляд пытання зацягнуўся надоўга. Толькі ў лютым 2026 года чырвонае апавяшчэнне Інтэрпала ў дачыненні да яго было знята.
Каментары