Лукашэнка: Я на перамовах з амерыканцамі і еўрапейцамі кажу: «Я гатовы перагарнуць старонку»
Лукашэнка прапануе Захаду «перагарнуць старонку», але ўкладае ў гэта свой змест: еўрапейцы і амерыканцы павінны прызнаць сваю паразу ў супрацьстаянні 2020 года і наладжваць з ім адносіны. Змены ўласнай палітыкі ён не прапануе.

Выступаючы на IV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, Аляксандр Лукашэнка згадаў пратэсты, што цяпер праходзяць у краінах Еўропы. Але ён заўважае, што не радуецца ім: «Мы сябе тут паводзім асцярожна, мы не радуемся. І я многім сваім журналістам кажу: не трэба гэтаму радавацца».
Паводле яго слоў, пры панаванні інтэрнэту пратэсты хутка могуць перакінуцца на суседнія дзяржавы: «Таму нам радавацца не трэба. Нам трэба глядзець, рабіць высновы, атрымліваць урокі, каб у нас гэтага не здарылася».
Лукашэнка лічыць, што падобныя падзеі былі ў Беларусі ў 2020 годзе.
Падаўленне пратэстаў ён апраўдвае нібыта прадухіленай вайной: калі б пратэсты не былі задушаныя, вайна б пачалася не ва Украіне, а ў Беларусі.
«Мы ж у дваццатым годзе ў Беларусі гэта перажылі. З нас украінская бойка пачыналася б. Калі б мы не вытрымалі тут, тут бы ішла вайна. Тут. Але тут яны прайгралі. Прызнаць не хочуць, хоць я на перамовах з амерыканцамі і многім еўрапейцам кажу: «Рабяты, я гатовы перагарнуць старонку. Але вы прайгралі. Вы павінны хаця б самі сабе, не публічна, прызнаць: вы прайгралі. Давайце наладжваць адносіны».
Ён заклікаў спыніць канфрантацыю. Бо, да таго ж, заходнія інструменты супраць рэжыму — санкцыі — не працуюць.
«Санкцыі… Ну і што гэтыя санкцыі? Што? Вось шосты год, шэсць гадоў гэтых санкцый — мы што, з Расіяй рухнулі? Не. Свет вялікі. І тыя, хто ўводзіў санкцыі, сёння так ці інакш гандлююць з Расіяй», — заяўляе ён.
Лукашэнка назваў ілюзіямі, што можна «кагосьці перарабіць», і заклікаў дамаўляцца аб прынцыпах «суіснавання».
«Час зразумець бясспрэчную, неабвержную ісціну: бяспека і эканоміка — два бакі аднаго медаля. Яны не могуць існаваць адна без адной. Час перастаць цешыць сябе ілюзіямі, што можна кагосьці перарабіць. Трэба дамаўляцца аб прынцыпах суіснавання і адкрываць шлях да добрасуседства», — даводзіць ён.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары