Улады рыхтуюць змену межаў Гомельскага і Лоеўскага раёнаў: тэрыторыі Карпаўскага, Страдубскага і Каўпенскага сельсаветаў, размешчаныя за Дняпром, плануюць перадаць у склад Гомельскага раёна. Пра гэта стала вядома з абвешчанага грамадскага абмеркавання, якое будзе праходзіць з 6 лістапада да 6 снежня 2026 года, піша «Флагшток».

Пытанне перадачы так званай зарэчнай зоны Лоеўшчыны Гомельскаму раёну мясцовыя жыхары ўздымаюць ужо шмат гадоў. Рэч у тым, што транспартныя зносіны паміж вёскамі на другім беразе Дняпра і раённым цэнтрам Лоевам вельмі нязручныя.
Дабрацца туды можна альбо непасрэдна паромам, альбо ў аб'езд па аўтамабільных дарогах. У апошнім выпадку маршрут складае амаль 130 кіламетраў і займае каля дзвюх гадзін.

Праца паромнай пераправы «Лоеў — Абакумы» залежыць ад надвор'я, узроўню вады ў Дняпры і лядовай абстаноўкі. Звычайна навігацыя спыняецца ў канцы лістапада або пачатку снежня, калі рака пачынае замярзаць. Зімовы перапынак працягваецца да вясны — звычайна да канца сакавіка або красавіка.
Акрамя таго, паром часам не працуе праз нізкі ўзровень вады або неабходнасць тэхнічнага абслугоўвання. У такія перыяды жыхарам зарэчнай зоны даводзіцца рабіць вялікі аб'езд, каб трапіць у Лоеў, напрыклад, у бальніцу або дзяржаўныя ўстановы для вырашэння адміністрацыйных пытанняў.

На працягу дзесяцігоддзяў абмяркоўваліся два магчымыя варыянты вырашэння праблемы: перадача гэтых тэрыторый Гомельскаму раёну або будаўніцтва моста ў раёне Лоева. Аднак дагэтуль пытанне заставалася нявырашаным.
Цяпер плануецца перадаць Гомельскаму раёну значную частку Лоеўшчыны за Дняпром, фактычна ўсю тэрыторыю заказніка «Дняпроўска-Сожскі». У выніку тэрыторыя Гомельскага раёна амаль наблізіцца да гарадскога пасёлка Лоеў.
Таксама павялічыцца працягласць дзяржаўнай мяжы Гомельскага раёна ўздоўж Сожа. Дарэчы, менавіта ў гэтым раёне рэгулярна фіксуюць пралёты расійскіх беспілотнікаў.
Каментары