З 13 да 22 лістапада ў Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі будзе праходзіць выстава індыйскіх хрызантэм «Кветка Сонца». Наведнікі змогуць убачыць больш за 80 сартоў гэтых кветак з суквеццямі розных формаў і адценняў.

У экспазіцыі прадставяць як сучасныя сарты галандскай селекцыі, так і хрызантэмы, выведзеныя ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Сярод іх будуць кветкі з простымі і махровымі, буйнымі і дробнымі, а таксама незвычайнымі павукападобнымі суквеццямі. Колеравая гама ўключае белыя, ружовыя, бардовыя, залатыя, фіялетавыя, медныя і зялёныя адценні.
15 і 22 лістапада з 14:00 да 15:00 у межах выставы адбудуцца куратарскія гадзіны. Наведнікам раскажуць пра асаблівасці розных сартоў, гісторыю хрызантэм, догляд іх узімку і правілы вырошчвання.
Акрамя таго, у выставачным павільёне пакажуць работы ў тэхніцы суймэ — манахромны жывапіс чорнай тушшу, створаны навучэнцамі арт-студыі пры грамадскім аб’яднанні «Хагакурэ».
Выстава будзе працаваць штодня з 11:00 да 17:00. Для наведвання спатрэбіцца ўваходны білет у батанічны сад.
Каментары