Мужчына выклаў у інстаграм фота з джунгляў. Аказалася, ён выпадкова зняў невядомы навуцы гіганцкі від расліны
Звычайны здымак з падарожжа аднаго амерыканца прымусіў брытанскага батаніка некалькі гадоў вывучаць спадарожнікавыя карты, а потым адправіцца ў цяжкадаступныя джунглі Калумбіі. Экспедыцыя ледзь не скончылася няўдачай, але ў апошні момант навукоўцам пашанцавала.

Як паведамляе The Guardian, тры гады таму амерыканец Джэрэмая Харыс, які кіруе гадавальнікам драпежных раслін у ЗША, апублікаваў у інстаграме незвычайнае фота з падарожжа па Калумбіі. На здымку ён плаваў сярод велізарных круглых лістоў гарлачыкаў у рацэ Інірыда, што працякае праз трапічныя лясы на ўсходзе краіны.
Харыс быў упэўнены, што плаваў сярод гарлачыкаў Victoria amazonica — вядомага віду, які расце ў басейне Амазонкі. Але калі фатаграфію выпадкова ўбачыў Карлас Магдалена, спецыяліст па водных раслінах з Каралеўскіх батанічных садоў К'ю ў Вялікабрытаніі, яна яго заінтрыгавала.
Батанік ведаў, што ў рацэ Інірыда, дзе быў зроблены здымак, гэты від не сустракаецца. Таму ён западозрыў, што Харыс мог сфатаграфаваць раней невядомую навуцы расліну.
Навуковец звязаўся з аўтарам здымка, высветліў дакладнае месца і пачаў рыхтаваць экспедыцыю. На пошук фінансавання, атрыманне дазволаў і вывучэнне спадарожнікавых здымкаў мясцовасці пайшло некалькі гадоў.
Нарэшце Магдалена разам з супрацоўнікамі батанічнага саду ў Багаце, сталіцы Калумбіі, і прадстаўнікамі мясцовых карэнных супольнасцей адправіўся ў пяцідзённую экспедыцыю ў джунглі.
Некалькі дзён яны даследавалі затопленыя джунглі, але патрэбных гарлачыкаў так і не знайшлі. Калі ўжо здавалася, што давядзецца вяртацца ні з чым, праваднік, які дапамагаў экспедыцыі, падказаў яшчэ адно месца.
Да зваротнага самалёта заставалася ўсяго дзесяць гадзін. Даследчыкі вырашылі выкарыстаць апошні шанец і ўначы на лодцы адправіліся да невялікага возера ў глыбіні затопленага лесу. Там яны нарэшце ўбачылі расліны, якія шукалі.
Адкрыццё з нечаканым працягам
Навукоўцы сабралі ўзоры, а іх далейшае вывучэнне пацвердзіла здагадку Магдалены. Як паведамляецца ў часопісе Phytotaxa, гэта сапраўды новы для навукі від гіганцкіх гарлачыкаў. Ён атрымаў назву Victoria colombiana — у гонар краіны, дзе быў знойдзены.

Да гэтага навуцы былі вядомыя толькі тры віды гіганцкіх гарлачыкаў. Гэта адны з самых незвычайных водных раслін. Іх круглыя лісты могуць дасягаць трох метраў у дыяметры і вытрымліваць вагу маленькага дзіцяці. Новы від настолькі вялікі, што яго зараснікі можна разгледзець нават на спадарожнікавых здымках.
Паводле папярэдніх ацэнак, у дзікай прыродзе налічваецца ўсяго ад 30 да 50 асобнікаў Victoria colombiana. Таму даследчыкі прыкладаюць намаганні, каб адкрыты імі від быў унесены ў Чырвоны спіс Міжнароднага саюза аховы прыроды.
Каб захаваць рэдкую расліну, навукоўцы плануюць сабраць яе насенне і паспрабаваць вырасціць гарлачыкі ў Батанічным садзе Багаты. Таксама разглядаецца магчымасць стварыць новую папуляцыю ў больш даступным возеры на тэрыторыі карэнных супольнасцей.
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары