Вусце Мухаўца перагарадзілі дамбамі. Яго рукавы вакол цытадэлі Брэсцкай крэпасці ператварыліся ў балота
Берасцейцы скардзяцца на стан абводнага канала вакол Брэсцкай крэпасці, які імкліва ператвараецца ў балота са стаячай зялёнай вадой і непрыемным пахам.

У пачатку кастрычніка ў трэдсах зноў разгарэлася дыскусія наконт стану гэтай воднай сістэмы.
«Даўно не быў у Брэсцкай крэпасці. Камусьці ж прыйшла ў галаву геніяльная ідэя перагарадзіць дамбамі абводны канал. Па задуме, напэўна, гэта павінна было напоўніць яго вадой, а на справе проста ператварыла ў балота», — абурыўся аўтар публікацыі. Калі ж адзін з каментатараў са шкадаваннем згадаў, што раней пад мостам стаяў галавень, аўтар адзначыў, што цяпер праз мелкаводдзе рыбу «можна рукамі лавіць».

Агулам у каментарыях меркаванні падзяліліся. Частка карыстальнікаў выступіла ў абарону гідратэхнічных збудаванняў.
«Забалочванне Мухаўца павінна хваляваць вас менш за ўсё. Калі б не гэтыя дамбы, якія не даюць вадзе сысці ў высахлы Буг, вы б ужо цяпер карысталіся вадой з абмежаваннямі», — адзначыў адзін з удзельнікаў дыскусіі.
Яшчэ адзін каментатар падкрэсліў, што без перагародкі канал ужо ператварыўся б у звычайную пешаходную сцежку, хоць аншлагі катэгарычна забараняюць праход па грабянях дамбаў.

Для чаго ўзвялі дамбы
Кастрычніцкія спрэчкі — гэта працяг праблемы, якая востра стаіць яшчэ з лета. Дзве дамбы з буйнога друзу былі ўзведзеныя перад упадзеннем ракі Мухавец у Буг. Адна з іх перагароджвае вусце правага рукава каля Брыгіцкага моста, а другая — левы рукаў непадалёк ад музея «Бярэсце». Мэта насыпаў — штучна ўтрымліваць узровень вады ў Мухаўцы, перашкаджаючы яе імкліваму сцёку ў рэчышча Буга.

Сёлета Еўропа перажыла беспрэцэдэнтную засуху. У жніўні 2026 года ўзровень вады ў рэках Рэйн і Дунай упаў да гістарычных мінімумаў, паралізаваўшы суднаходства і працу атамных электрастанцый. Не абышло гэта і Беларусь.
Яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня гараджане заўважылі, што левы рукаў Мухаўца каля Трохарачнай брамы настолькі страціў у аб'ёме, што на паверхню выйшла глеістае дно, а Буг у раёне Варшаўскага моста адступіў ад звыклых берагоў на дзясяткі метраў. У суседняй Польшчы нават афіцыйна абвясцілі гідралагічную засуху для басейна Буга, зафіксаваўшы падзенне расходу вады ніжэй за крытычныя парогі.


Каб пазбегнуць катастрафічнага абмялення Мухаўца, мясцовыя ўлады і пабудавалі дзве дамбы ў яе вусцях. Пераліўныя дамбы даюць вадзе ўцякаць з Мухаўца ў Буг, толькі калі ўзровень назапашанай вады ў рэчышчы Мухаўца перавышае вышыню дамбаў. Такі пераліў можа было бачыць у сярэдзіне лета, як толькі дамбы з’явіліся.



Аднак штучнае рэгуляванне ўзроўню вады прывяло да таго, што ўжо восенню абодва рукавы Мухаўца (ці як іх яшчэ называюць абводны канал крэпасці) ператварыліся ў стаячыя вадаёмы.
У спалучэнні з высокімі тэмпературамі і малым аб'ёмам ападкаў цёплая стаячая вада ператвараецца ў ідэальнае асяроддзе для выбуховага размнажэння сіне-зялёных водарасцяў (цыянабактэрый). Калі гэтая біямаса пачынае адміраць, узнікае працэс гніення, які суправаджаецца непрыемным пахам і дэфіцытам кіслароду для водных насельнікаў.
На «смурод ад балота» і цвіценне вады берасцейцы скардзіліся ў сацсетках яшчэ ў верасні. Праблему, аднак, пакуль наўрад ці можна вырашыць.

Буг так і не аднавіўся пасля засухі
Невядома, ці з’яўляецца забеспячэнне пэўнага ўзроўню вады ў Мухаўцы важным для камунальных службаў і прамысловасці горада, але дамбы наўрад ці знікнуць да наступнага года — Буг так і не аднавіўся пасля летняй засухі.
Гідралагічны пост ва ўкраінскай Каменцы-Бугскай станам на пачатак кастрычніка фіксуе ўзровень вады ў Бугу на адзнацы 56 см, пост у польскім Уладаве, вышэй па цячэнні ад Брэста, 54 см. Гэта ў тры разы менш за сярэднюю шматгадовую норму ў 156 см. Калі цяпер прыбраць дамбы, вада з Мухаўца проста выцячэ ў Буг, і Мухавец абмялее.
Кастрычнік належыць да летне-асенняй межані — перыяду з нізкім устойлівым узроўнем вады ў рэках. Восеньскія ападкі не здолелі выправіць сітуацыю з гідралагічнай засухай, бо вільгаць адразу ўбіраецца высушанай глебай і не даходзіць да рэчышчаў Буга і яго прытокаў. Сітуацыя з воднасцю ў беларускіх рэках можа выправіцца толькі з веснавымі паводкамі ў 2027 годзе.

Выратаванне ці самападман?
Выкарыстанне плацін і дамбаў як спосабу барацьбы з малаводдзем мае сваіх праціўнікаў. Міжнародная група вучоных з Упсальскага ўніверсітэта (Швецыя) даказала, што вадасховішчы і плаціны парадаксальным чынам павялічваюць патэнцыйную шкоду ад засухі. Штучнае ўтрыманне вады стварае ілюзію бяспекі, правакуючы павелічэнне спажывання (так званы «цыкл попыту і прапановы»), што прыводзіць да яшчэ больш вострага дэфіцыту ў доўгатэрміновай перспектыве.
Сёння еўрапейскія рэкі перагароджаны больш чым мільёнам розных бар'ераў (плацін, шлюзаў, дамбаў). Гэтая фрагментацыя парушае натуральны вадаабмен, перашкаджае міграцыі рыб і ператварае жывыя рэкі ў каскады стаячых сажалак, схільных да цвіцення і забалочвання.
У Еўропе набірае моц рух за знос старых дамбаў: толькі ў 2022 годзе ў 16 краінах былі знесеныя 325 рачных бар'ераў для аднаўлення натуральнай плыні.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары
Накапалі гэтых памыек манголы ды іх цары .
Жыве Вялікая Літва !