Здарэнні55

«Сантэхнік, забойца пенсіянеркі». Польшча расследуе справу з рэкорднай колькасцю ахвяр

У Варшаве расследуюць серыю нападаў на пажылых жанчын, якія ўпускалі ў свае кватэры знаёмага сантэхніка.

Раней ён рабіў у іх рамонт, і яны яму давяралі. Зараз мужчыну падазраюць у шасці забойствах і рабаваннях. У некалькіх эпізодах, паводле звестак пракуратуры, маглі ўдзельнічаць двое грамадзян Украіны, піша Бі-бі-сі — Украіна.

Паліцыя таксама правярае іншыя выпадкі смерці пажылых людзей, якія раней лічыліся натуральнымі.

Паводле ацэнкі крыніц Gazeta Wyborcza, справа можа стаць адной з найбуйнейшых серый забойстваў у гісторыі Польшчы.

Усё пачалося са званка ў банк

Позні вечар 23 лютага 2025 года. Пажылая жыхарка варшаўскага раёна Кабаты тэлефануе ў банк, каб змяніць PIN-код сваёй карткі. Супрацоўнік дапамагае ёй прайсці працэдуру, але падчас размовы чуе нешта дзіўнае і жахлівае.

«На запіс трапіў момант забойства — пажылую жанчыну задушылі», — расказала супрацоўніца паліцыі, знаёмая з абставінамі справы.

Супрацоўнік банка выклікаў паліцыю. Праваахоўнікі знайшлі падазраванага на балконе паверхам ніжэй за кватэру загінулай. Мужчына спрабаваў уцячы, але яго затрымалі.

Пазней высветлілася, што гэты выпадак можа быць звязаны з іншымі нападамі на пажылых жанчын.

Міхалу П. выставілі абвінавачанні ў шасці забойствах. Паводле версіі следства, часам яму дапамагалі грамадзяне Украіны: Ігар Х. і Тарас Х.

Абодва ўкраінцы, як і Міхал, знаходзяцца пад вартай.

Следства лічыць, што размова ішла не толькі пра забойствы. Нападнікі таксама забіралі з кватэр грошы, упрыгажэнні і іншыя каштоўныя рэчы.

Майстар, якога запрашалі на каву

Міхалу 43 гады. Ён жанаты, мае дзіця, але з сям'ёй не жыве.

Зарабляў сантэхнічнымі работамі, захапляўся азартнымі гульнямі і нават ужываў наркотыкі. На момант затрымання ён знаходзіўся пад іх уздзеяннем.

Паводле версіі следства, прафесія дапамагала мужчыну ўваходзіць у давер да людзей. Ён рамантаваў краны, чысціў трубы, знаёміўся з жыхарамі.

Яго нумар тэлефона перадавалі суседзям і знаёмым, таму пажылыя жанчыны лічылі яго надзейным майстрам.

З некаторымі пажылымі кліенткамі ён кантактаваў месяцамі. Яны запрашалі яго на каву, частавалі хатняй выпечкай. Адна жанчына нават пазычала яму грошы. Яна выжыла і пазней расказала паліцыі, што падчас сустрэч мужчына дзяліўся з ёй сямейнымі праблемамі.

Аднак, як сцвярджае следства, у іншых выпадках знаёмства з майстрам заканчвалася зусім інакш.

Міхал мог вяртацца да кліентак пад нязначнай падставай, а потым нападаць на іх. Асаблівую цікавасць, імаверна, уяўлялі адзінокія жанчыны, у чыіх дамах ён заўважаў каштоўныя рэчы.

Паводле версіі пракуратуры, мужчына і яго паплечнікі траплялі ў кватэры пад выглядам рамонту, пагражалі гаспадыням забойствам і патрабавалі аддаць грошы і каштоўнасці.

Некаторых жанчын звязвалі, а потым душылі. Выходзячы, нападнікі замыкалі дзверы ключамі, якія забіралі ў гаспадынь.

Gazeta Wyborcza таксама адзначае, што ў Міхала быў заплечнік з пальчаткамі, клейкай стужкай і пластыкавымі сцяжкамі.

Спачатку ён, імаверна, старанна спрабаваў схаваць сляды. Пазней, на думку спецыялістаў, стаў менш асцярожным.

«Калі б ён не страціў пільнасць, то мог бы забіваць яшчэ доўга», — цытуе выданне RMF24 адну са следчых.

Паліцэйскі прафайлер мяркуе, што мужчына мог паверыць ва ўласную беспакаранасць.

У адной з кватэр следчыя выявілі шматлікія біялагічныя сляды, адбіткі пальцаў і сляды абутку.

Двое ўкраінцаў сярод падазраваных

Па меры расследавання высветлілася, што Міхал П., паводле версіі пракуратуры, дзейнічаў не заўсёды адзін. У справе фігуруюць двое грамадзян Украіны — Тарас Х. і Ігар Х.

33‑гадовага Тараса затрымалі ў лютым 2025 года, неўзабаве пасля Міхала. Мужчыны некалькі месяцаў жылі разам у адным з варшаўскіх раёнаў.

Пракуратура лічыць, што Тарас удзельнічаў у забойстве пажылой жанчыны.

Яго таксама абвінавачваюць у тым, што ён дапамог вынесці з кватэры скрадзеныя рэчы. Гэта адбылося пасля забойства, якое, паводле версіі следства, Міхал учыніў сам.

Сярод скрадзенага былі ювелірныя вырабы, карціны, сталовыя прыборы, вінілавыя пласцінкі і дызайнерскія сумкі. У адным з выпадкаў з кватэры знікла банкаўская картка, выдадзеная шведскім банкам.

Яшчэ адзін эпізод звязаны з нападам на былую доктарку-неўролага Барбару.

Незадоўга да нападу двое мужчын прадставіліся супрацоўнікамі арганізацыі, якая кіруе домам, і заявілі, што прыйшлі праверыць сантэхніку.

Суседка Барбары западозрыла нешта нядобрае і патэлефанавала ёй, каб папярэдзіць пра незнаёмцаў. Але Барбара адказала, што мужчыны ўжо ў яе дома. Неўзабаве жанчына памерла.

Паводле вынікаў выкрыцця, імавернай прычынай смерці стаў сардэчны прыступ.

Тарас Х. прызнаў выстаўленыя яму абвінавачанні, але заявіў, што ў адным з эпізодаў не збіраўся забіваць жанчыну, а хацеў толькі абрабаваць яе.

Другога меркаванага саўдзельніка, Ігара, затрымалі ў лістападзе 2025 года — амаль праз год пасля злачынстваў, якія следства звязвае з ім.

Паводле версіі пракуратуры, у снежні 2024 года ён разам з Міхалам забіў дзвюх пажылых сясцёр, якія жылі ў адной кватэры ў цэнтры Варшавы.

А ў студзені 2025 года, як мяркуюць следчыя, яны забілі яшчэ адну адзінокую жыхарку Варшавы.

Асобна ў справе фігуруе грамадзянін Польшчы Яраслаў.

Пракуратура сцвярджае, што ён двойчы здаваў у ламбард рэчы, скрадзеныя з кватэр пацярпелых, па просьбе Міхала.

75 тысяч фота і дзясяткі падазроных смерцяў

Паводле даных Gazeta Wyborcza, у тэлефоне Міхала знайшлі каля 75 тысяч фатаграфій.

Сярод іх — здымкі рэчаў з абрабаваных кватэр.

Гэта падштурхнула паліцыю паўторна праверыць выпадкі смерці пажылых людзей, якія жылі самі і памерлі дома ў Варшаве ў папярэднія гады.

Следчыя звяртаюць увагу і на дэталі, якія раней маглі не выклікаць падазрэнняў.

Напрыклад, на адчыненыя вокны пасярод зімы — каб пах ад цела не так хутка адчулі суседзі.

Найбуйнейшая серыя забойстваў у Польшчы?

Расследаванне працягваецца, і пакуль невядома, колькі смерцяў могуць быць звязаныя з гэтай справай.

«Гэта можа быць серыйны забойца з самым доўгім спісам ахвяр у Польшчы, а магчыма, і ў Еўропе», — цытуе RMF24 супрацоўніцу паліцыі, якая ўдзельнічае ў расследаванні.

Аднак пакуль гэта толькі меркаванне, а не ўстаноўлены факт.

Для параўнання: паляка Паўла Т., вядомага пад мянушкай «Скарпіён», у 1980‑х гадах асудзілі за дзевяць забойстваў.

Здзіслава Мархвіцкага, якога называлі «Вампірам з Заглембе», у 1970‑х гадах асудзілі за забойствы 14 жанчын.

На гэты момант Міхалу П. інкрымінуюць шэсць забойстваў. Тараса Х. і Ігара Х. абвінавачваюць у датычнасці да асобных эпізодаў. Ці звязаныя з гэтай справай іншыя смерці, паліцыі яшчэ трэба высветліць.

Каментары5

  • Феміністкі як заўсёды
    10.10.2026
    Не ўсе мужчыны, можа раскрый вочы і хоць y AI запытайся пра жанчын-ман'якаў перш чым такую бязглуздзіцу несці?
  • Былы палітычны вязень
    10.10.2026
    Polish plumber Михал Пшездецки.
    Страсти.
  • Мужчынская логіка
    10.10.2026
    Феміністкі як заўсёды , запыталася: Калі пад «маньякамі» ты маеш на ўвазе серыйных забойцаў, то суадносіны прыкладна такія:
    - мужчыны — 89,3%
    - жанчыны — 10,7%
    Гэта дадзеныя Radford/FGCU Serial Killer Database для ЗША і іншых краін разам: 5 138 мужчын супраць 614 жанчын у базе.
    90 на 10

Цяпер чытаюць

Трамп: Украіне прыйшоў час завесці новага прэзідэнта13

Трамп: Украіне прыйшоў час завесці новага прэзідэнта

Усе навіны →
Усе навіны

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру Наві Пілай, даведаўшыся пра ўзнагароду, пажартавала з Трампа2

Трамп заявіў, што паспяхова дамовіўся з Пуціным пра пастаўкі паліва41

З італьянскай вінаробні ўвадначас скралі элітнага віна на 5 мільёнаў даляраў. Гэта беспрэцэдэнтны маштаб5

Улады анансавалі змены ў падатковых стаўках на наступны год. Што памяняецца?2

У ЗША жанчына вырасціла гіганцкі кабачок вагой з дарослага чалавека1

Менш чым за суткі беларуска зрабіла 170 тысяч крокаў — хадзіла па стадыёне каля дома9

Кіраўнік Мінска: Гандлёвых цэнтраў у сталіцы ўжо даволі3

Белстат апублікаваў статыстычныя партрэты беларускіх бацькі і маці

У сэрвісе для зваротаў у дзяржаўныя органы адбыўся выцек даных. Папаліліся і вядомыя прапагандысткі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп: Украіне прыйшоў час завесці новага прэзідэнта13

Трамп: Украіне прыйшоў час завесці новага прэзідэнта

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць