Свет77

У Кітаі ўжо даўно няма палітыкі аднаго дзіцяці, але людзі не хочуць нараджаць больш. Чаму?

Кітай спачатку дзесяцігоддзямі абмяжоўваў колькасць дзяцей у сем'ях, а цяпер спрабуе пераканаць грамадзян нараджаць больш. Улады спачатку дазволілі сем'ям мець дваіх дзяцей, потым траіх, але дэмаграфічнага развароту не адбылося. У прычынах разбіралася Foreign Policy.

Политика одного ребенка в Китае Палітыка аднаго дзіцяці ў Кітаі China's one-child policy
Ілюстрацыйнае фота: AP Photo / Ng Han Guan

Кітай перажывае адно з найбольш рэзкіх падзенняў нараджальнасці ў свеце. Асабліва хутка паказчыкі пачалі зніжацца пасля 2017 года. Сітуацыя выглядае парадаксальна. У часы дзеяння жорсткай палітыкі «адно дзіця на сям'ю» з 1979 па 2015 год сярэднестатыстычная пара ўсё адно мела амаль дваіх дзяцей. Калі ж у 2015 годзе ўлады дазволілі мець дваіх, а ў 2021‑м — траіх дзяцей, чаканага росту нараджальнасці не адбылося. Цяпер сярэдняя сям'я мае толькі адно дзіця.

Звычайна гэтую праблему тлумачаць фінансавымі цяжкасцямі, бо выхаванне дзіцяці ў Кітаі з'яўляецца другім па дарагоўлі ў свеце, а асноўныя выдаткі прыпадаюць на школьную адукацыю. Каб знізіць гэты цяжар, урад у 2021 годзе нават забараніў прыватнае рэпетытарства, аднак гэта прывяло толькі да фарміравання ценявога рынку, дзе бацькам даводзіцца плаціць за прыватныя ўрокі яшчэ больш.

Аднак размовы з самімі бацькамі паказваюць, што галоўная прычына адмовы ад другога дзіцяці палягае ў цяжкасцях самой цяжарнасці, родаў і пасляродавага перыяду.

Дзіця можа каштаваць жанчыне кар'еры

Фармальна ў Кітаі існуе даволі працяглы дэкрэтны адпачынак. На практыцы скарыстацца ім могуць далёка не ўсе. Асабліва гэта датычыць жанчын без вышэйшай адукацыі і тых, хто працуе неафіцыйна.

Але і кваліфікаваныя гарадскія спецыялісткі рызыкуюць страціць пасаду або кар'ерныя перспектывы пасля родаў. Нягледзячы на заканадаўчую забарону гендарнай дыскрымінацыі, працадаўцы нярэдка шукаюць на пасады выключна мужчын ці наймаюць толькі замужніх жанчын, якія ўжо маюць дзяцей. Сітуацыю ўскладняе і дзяржаўная рыторыка, у якой выхаванне дзяцей часам падаецца перадусім як натуральная роля жанчыны.

Танныя роды на паперы і хабар на практыцы

Не менш складаным аказваецца і знаходжанне ў медыцынскіх установах. Медыцынская дапамога ў дзяржаўных радзільнях мусіць быць недарагой альбо бясплатнай, аднак сістэма прасякнутая неафіцыйнымі плацяжамі, і бацькам звычайна даводзіцца даваць хабар на кожным этапе.

Асобная праблема — вельмі высокая доля кесаравых сячэнняў. У 2020 годзе такім чынам у Кітаі адбываліся 44,5% родаў пры рэкамендаванай СААЗ норме ў 10—15%. Эксперты звязваюць частку такіх аперацый з фінансавымі стымуламі: бальніца можа атрымаць за іх больш грошай, а ад сем'яў чакаюць большых неафіцыйных плацяжоў. Падчас антыкарупцыйных кампаній колькасць кесаравых сячэнняў прыкметна зніжалася.

Сам працэс родаў застаецца кансерватыўным. У жанчын мала магчымасцяў уплываць на медыцынскія рашэнні, бацькоў рэдка пускаюць у радзільную залу, а дапамога пры пасляродавай дэпрэсіі абмежаваная. Значная частка догляду за маладой маці кладзецца на сваякоў.

Складанасці першых месяцаў

Асобнай крыніцай стрэсу становіцца ціск з боку сям'і. У кітайскім грамадстве прынята, каб пасля з'яўлення немаўляці ў кватэру маладых бацькоў пераязджалі дапамагаць бабулі і дзядулі. Для тых, хто жыве ў цесных гарадскіх аднапакаёўках далёка ад родных гарадоў, гэта ператвараецца ў сур'ёзнае выпрабаванне. Пры гэтым догляд унукаў становіцца сур'ёзнай нагрузкай і для саміх бабуль і дзядуляў.

Сітуацыю ўскладняе яшчэ адна асаблівасць кітайскай культуры — традыцыя «сядзець месяц», якая патрабуе, каб пасля родаў жанчына прыкладна 30‑40 дзён правяла дома. У гэты час сям'я бярэ на сябе яе догляд. Забяспечаныя сем'і часта наймаюць на гэты перыяд яшчэ і кругласутачную сядзелку, з-за чаго ў невялікім жыллі адначасова аказваюцца маладыя бацькі, дзве пары сваякоў і старонні чалавек.

Некалі падобныя звычаі існавалі ў розных краінах і дапамагалі жанчынам аднавіцца пасля родаў і пазбегнуць цяжкай фізічнай працы. Але з сярэдзіны XX стагоддзя медыцынскія рэкамендацыі змяніліся, бо працяглая маларухомасць можа павялічваць рызыку, у прыватнасці, трамбозу, а жорсткая ізаляцыя можа негатыўна ўплываць на псіхічны стан.

У Кітаі традыцыя, наадварот, перажыла новы ўздым у 1980-я. Пры Мао Цзэдуне яе часта забаранялі, а жанчын прымушалі хутка вяртацца да працы пасля родаў. Прадстаўніцы таго пакалення нярэдка звязвалі пазнейшыя праблемы са здароўем менавіта з тым, што ім не далі адпачыць, і перадалі гэтае перакананне дочкам.

Сурагатнае мацярынства

Не пазбаўленыя праблем і тыя, хто звяртаецца да сурагатнага мацярынства. Афіцыйна яно забаронена, але нелегальны рынак існуе і расце. Ён ахоплівае як прыватныя дамоўленасці і адносна арганізаваныя сэрвісы падбору сурагатных маці, так і значна больш небяспечныя схемы, у якіх будучыя бацькі могуць увогуле не кантактаваць з жанчынай, што выношвае дзіця.

Дадатковая праблема — афармленне дзіцяці. Дзецям, народжаным сурагатнымі маці, можа быць складана атрымаць рэгістрацыю па месцы жыхарства, ад якой залежыць доступ да дзяржаўных паслуг. У выніку сем'і вымушаныя даваць хабар у бальніцах дзеля атрымання падробленых дакументаў аб звычайных родах.

У выніку кітайскія пары гатовыя прайсці праз гэты цяжкі ланцужок кар'ерных, медыцынскіх і псіхалагічных выпрабаванняў дзеля нараджэння першага дзіцяці, аднак перажываць усё гэта паўторна большасць сем'яў катэгарычна адмаўляецца.

Каментары7

  • Кітай гэтакі Кіты
    10.10.2026
    Яны мысляць 100 гадоў наперад... А на самой справе, толькі змагаюцца як пацукі ў бочцы за ўладу, і з задавальненнем помсцяць дзецям пераможаных апанентаў. Як было 2000 год таму, гэтак і засталося.

    Культ матэрыяльнага дабрабыту выдатна апраўдвае традыцыйную звышэксплатацыю. І пры тым, што Кітай ужо ня бедная краіна, развіццё сацыяльнага сектара нікому не патрэбнае зноў жа з-за таго, што ёсць "вялікая мэта" (а на самой справе - неабмежаваная ўлада).

    Таму яны так радуюцца, калі сюда пераязджаюць... Выспа свабоды. Усё параўнальна, але.
  • Нябачная праца
    10.10.2026
    Кітайскія жанчыны вельмі добра разумеюць увесь той боль, выкладзены ў нядаўняй калонцы Прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай. Але ім толькі дзяцей гадаваць, а нашая гераіня яшчэ і краіну ратуе!
  • Хватит размазывать сопли и слюни
    10.10.2026
    Нябачная праца, Наши матери и бабушки жили и радовались, несмотря на боль; не скулили и не жаловались, растили детей, тяжелым трудом строили свое будущее. Ибо такова жизнь, и боль - одна из сторон этой жизни. И отцы и деды тоже вкалывали и содержали семьи, воевали, возвращались инвалидами в страну-концлагерь БССР - и тоже выживали вопреки всему, в том числе боли. Стыдно становится за новое поколение - хлюпиков, нытиков, тыквенного латтэ, изнеженных розовых пони, которые всё проиграли и профукали (в том числе страну), даже не выйдя на поле боя.

Цяпер чытаюць

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра6

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра

Усе навіны →
Усе навіны

Пампеі знішчыла не лава. Сем міфаў пра знакамітую катастрофу

Ці сапраўды моладзь менш цікавіцца сэксам? Вось што паказала даследаванне Playboy20

Былы беларускі палітвязень даў сваё тлумачэнне таму, што пайшоў ваяваць за Пуціна8

Тыгр забіў наведвальніка заапарка ў Англіі. Перад гэтым мужчына паказаў яму дзіўны жэст14

У Белавежскай пушчы паставілі звяроў у міліцэйскай форме23

Расіяне ўсё больш купляюць беларускія халадзільнікі і пліты6

Протаіерэй Андрэй Лемяшонак паскардзіўся на праверкі. І назваў паездкі манашак Свята-Елісавецінскага манастыра па Еўропе «гераічнымі»12

Трамп абвясціў энергетычнае перамір'е паміж Расіяй і Украінай36

На Камароўцы прадаюць беларускі батат

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра6

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць